Зянон ЛОМАЦЬ: «Да ананiмных зваротаў трэба быць вельмi ўважлiвымi»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Як паведамляла «Звязда», днямi ў Мiнгарвыканкаме прайшла «прамая лiнiя» старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. За тры гадзiны ён паспеў адказаць на 53 тэлефанаваннi. Сёння наша газета падрабязна распавядае пра многiя з iх.
«ГЛАБАЛЬНЫХ» пытанняў, якiя датычацца жыцця ўсяго горада, старшынi Камiтэта дзяржкантролю паступiла зусiм няшмат. Так, адзiн з жыхароў горада, пенсiянер сiстэмы МУС, паскардзiўся на тое, што адзiнае ў Мiнску дзяржаўнае прадпрыемства па абслугоўванню дамафонных сiстэм з 1 студзеня адмаўляецца праводзiць iх рамонт без дадатковай аплаты, не прадугледжанай заключанымi раней дамовамi. «Нас наўмысна штурхаюць у рукi «прыватнiкаў». Мы не хочам гэтага», — заявiў ён. Паводле слоў Зянона Ломаця, упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркi Мiнгарвыканкама займаецца зараз гэтай праблемай. «У сакавiку ўсе кропкi над «i» будуць расстаўлены». Жанчыну, якая патэлефанавала на «прамую лiнiю», цiкавiла, як можна вырашыць праблему значнага недахопу месцаў у iнтэрнатах некаторых мiнскiх ВНУ. Паводле слоў Зянона Ломаця, такая праблема сапраўды iснуе i яна знаходзiцца на кантролi кiраўнiка дзяржавы. Пры гэтым старшыня Камiтэта дзяржкантролю дадаў, што актуальнай з’яўляецца i праблема арганiзацыi харчавання студэнтаў. Яшчэ адна жынчына абуралася тым, што некаторыя ЗАГСы сталiцы не даюць залу з шампанскiм у рамках аплаты ўрачыстай рэгiстрацыi шлюбу, патрабуючы дадатковай аплаты. У той жа час iншыя ЗАГСы «паступаюць сумленна» i не патрабуюць дадатковай аплаты. Старшыня Камiтэта дзяржкантролю даў даручэнне чыноўнiкам гарвыканкама разабрацца ў сiтуацыi. ШМАТ пытанняў ад жыхароў Мiнска датычылася жыцця пэўных гарадскiх тэрыторый. Так, жыхарка мiкрараёна Сцяпянка цiкавiлася, цi варта чакаць у блiжэйшы час добраўпарадкавання ляснога масiву, размешчанага ў мiкрараёне. Паводле слоў чыноўнiкаў Мiнгарвыканкама, якiя прысутнiчалi на «прамой лiнii», канкрэтных тэрмiнаў пачатку добраўпарадкавання зараз няма, гэтае пытанне знаходзiцца ў стадыi прапрацоўкi. Работнiца аднаго з мiнскiх прадпрыемстваў скардзiлася на дрэнную работу наземнага грамадскага транспарту ў раёне вулiцы С. Кавалеўскай. Зянон Ломаць даў даручэнне адпаведным структурам гарвыканкама вывучыць гэтае пытанне. Жыхар сталiцы, якi патэлефанаваў на «прамую лiнiю», паведамiў, што ў блiжэйшы час на месцы велiзарнай аўтастаянкi на перасячэннi праспекта Дзяржынскага i вулiцы Голубева павiнна пачацца будаўнiцтва жылых дамоў. «Дзе ставiць аўтамабiль у такiм выпадку?», — пытаўся ён. Як паведамiлi чыноўнiкi Мiнгарвыканкама, усiм уладальнiкам месцаў на аўтастаянцы будуць прапанаваны месцы на паркоўках, якiя знаходзяцца побач. Адначасова з будаўнiцтвам дамоў па другi бок праспекта Дзяржынскага будзе таксама весцiся будаўнiцтва шматпавярховага паркiнга на 1 тыс. месцаў. Некалькi пытанняў датычылiся рамонту дарог у горадзе. Так, жыхарка Паўночнага пасёлка Заводскага раёна скардзiлася на вельмi нездавальняючы стан дарог у наваколлi. Па гэтаму i iншых аналагiчных зваротах будуць праводзiць праверкi гарадскiя чыноўнiкi. Жыхарка мiкрараёна Дражня пацiкавiлася, цi плануецца будаўнiцтва лыжаролернай трасы з асвятленнем у лясным масiве, якi знаходзiцца ў мiкрараёне. Паводле яе слоў, такая траса была б вельмi запатрабавана, бо побач знаходзiцца шмат iнтэрнатаў, дзе пражывае моладзь, узводзяцца новыя дамы. Паводле слоў чыноўнiкаў гарвыканкама, будаўнiцтва лыжаролернай трасы ў Дражні не плануецца, аднак там будзе весцiся будаўнiцтва тэнiсных кортаў. Яшчэ аднаго мiнчанiна цiкавiла, калi скончацца работы па ачыстцы Лошыцкага водасховiшча. Паводле слоў гарадскiх чыноўнiкаў, гэта плануецца зрабiць да мая сёлета. ВЕЛЬМI шмат пытанняў, якiя паступiлi на «прамую лiнiю», датычылася прыватных праблем грамадзян. У першую чаргу жылля. Нехта скардзiўся на тое, што дом быў здадзены з бракам, нехта — на тое, што гарадскiя ўлады не ўлiчваюць пры адсяленнi патрэбы жыльцоў дома, якi павiнен быць знесены. Адразу тры пытаннi паступiлi адносна лёсу дома па вулiцы Громава, якi быў пабудаваны членамi ЖБК «Маладыя грамадзяне». Будаўнiцтва гэтага дома пачалося ў 1999 годзе i з вялiкiмi цяжкасцямi завяршылася ў 2005-м. Аднак забудоўшчыкi нiяк не могуць засялiцца ў дом. Паводле слоў Зянона Ломаця, «тыя, хто стаяў ля вытокаў гэтага кааператыва, панясуць крымiнальную адказнасць». Пры гэтым старшыня Камiтэта дзяржкантролю адзначыў, што праблема з засяленнем дома знаходзiцца на кантролi кiраўнiка дзяржавы. ПАДЧАС «прамой лiнii» Зянон Ломаць закрануў пытанне паступлення ў дзяржаўныя структуры ананiмных зваротаў жыхароў краiны. Паводле слоў старшынi Камiтэта дзяржкантролю, «да ананiмных зваротаў трэба быць вельмi ўважлiвымi. Калi там узнiмаюцца пытаннi, звязаныя з хабарнiцтвам, карупцыяй, безгаспадарнасцю, то яны абавязкова павiнны разглядацца». «Павiнны разглядацца заявы грамадзян, якiя паступаюць па электроннай пошце. Хоць сёння законам гэта не агаворана. Я магу прывесцi шэраг прыкладаў, калi звароты грамадзян па электроннай пошце прывялi да крымiнальных спраў. I на асобных дзеячаў, аб якiх паведамiлi грамадзяне, надзелi наручнiкi», — дадаў старшыня Камiтэта дзяржкантролю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамляла «Звязда», днямi ў Мiнгарвыканкаме прайшла «прамая лiнiя» старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. За тры гадзiны ён паспеў |
|