Партызанскi летапiсец
Партызанскi летапiсец
Пiсьменнiк Васiль Гурскi выдаў 22 кнiжкi, каля палавiны з iх — за ўласныя грошы На з’ездзе Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, якi праходзiў 22—23 снежня мiнулага года, каларытная фiгура Васiля Гурскага, прадстаўнiка Мiнскай абласной арганiзацыi, кiнулася ў вочы, бадай, кожнаму. Яшчэ б, нiводзiн дэлегат не меў столькi ўрадавых ўзнагарод! А пасля яркага, экспрэсiўнага выступлення, споведзi-звароту да лiтаратараў малодшага пакалення, якое не аднойчы зала перарывала гарачымi, удзячнымi апладысментамi, Васiль Рыгоравiч стаў сапраўдным героем пiсьменнiцкага форуму. На лiтаратурную сцежку ён, вясковы настаўнiк, ступiў у даволi сталым узросце. Не ўтойвае: паклiкала ў гэты шлях патрэба сказаць добрае слова-ўспамiн пра сяброў-таварышаў па партызанскай барацьбе, пра тых, хто дзёрзка i адчайна iшоў насустрач ворагу, выходзiў пераможцам, i тых, хто загiнуў у баявых аперацыях, у гестапаўскiх засценках, не дажыў да Вялiкай Перамогi. I Васiль Рыгоравiч пачаў пiсаць, друкавацца на старонках уздзенскай раённай газеты “Чырвоная зорка”, дасылаць свае нарысы, замалёўкi аб партызанскiм жыццi ў суседнiя капыльскую, стаўбцоўскую, дзяржынскую раёнкi. Адтуль былi героi лясных баёў – героi яго публiкацый. Вандруючы ў 60—70-я гады па мясцiнах партызанскага юнацтва, зноў сустракаўся з баявымi сябрамi па атраду iмя Чапаева, брыгадзе iмя Варашылава цi iх роднымi, знаёмымi, збiраў новыя матэрыялы, малавядомыя факты пра подзвiгi землякоў. Цяпер хто-нiхто нават з калег па пяру можа “кiнуць камень” у лiтаратурную плынь тых гадоў: маўляў, тэма партызаншчыны тады была моднай. Прабачце, аб якой модзе гаворка! Гэта была яго ўнутраная патрэба аддзячыць людзям, якiя добраахвотна пайшлi ў лясы, у атрады, а напачатку аб’ядноўвалiся толькi ў малалiкiя групы, каб пастаяць за Айчыну, яе будучыню. Пераважна гэта былi падлеткi, учарашнiя школьнiкi цi студэнты, якiя напачатку вайны не маглi быць прызванымi ў дзеючую армiю па ўзросце цi па абставiнах вераломнага i iмклiвага наступу фашыстаў. Васiль таксама трапiў у партызаны хлапчуком, за плячамi якога былi тры курсы Белпедтэхнiкума. — Вёска Запруддзе, дзе мы жылi перад вайной i ў вайну, знаходзiлася на пярэсмыку памiж Капыльшчынай, вядомай моцным партызанскiм рухам лiтаральна з восенi 41-га года, i чыгункай Стоўбцы—Мiнск, да якой праяўляла ўвагу партызанская разведка, — прыгадвае ветэран. – Да таго ж у нашых лясах чырвонаармейцы падчас адступлення пакiнулi шмат зброi, а на яе попыт быў вялiкi. Першым лясным госцем, з якiм лёс звёў Гурскага, быў Васiль Рудэня. Пазней ён стаў камандзiрам узвода, потым роты. Юнак аддаў яму больш за дзесятак вiнтовак, знойдзеных i прыхаваных да часу, паказаў месца, дзе можна яшчэ пашукаць зброю, правёў да чыгункi. Праз некаторы час яму прапанавалi прыйсцi да партызан. — Наш атрад iмя Чапаева быў арганiзаваны ў маi 42-га непадалёку ад вёскi Старыца Капыльскага раёна, — загараецца ўспамiнамi Васiль Рыгоравiч. – I адразу ж праявiў сябе баявым. Удзельнiчаў у вядомым старыцкiм баi, калi немцы кiнулi супраць нас нават танкi. Дарэчы, там было маё першае знаёмства з такой тэхнiкай. Разам з байцамi атрада iмя Шчорса мы падбiлi 3 танкi i 2 браневiкi. На жаль, у тым баi загiнуў камандзiр нашага атрада Дунаеў. У 1944 годзе яго iмем быў названы новы атрад, якi вылучыўся з нашага. Прыхiльны да людзей, спачувальны, няўрымслiвы, адукаваны, з добрым песенным голасам, Васiль хутка ўлiўся ў калектыў. Запявала, камсорг роты... Крыху пазней яго прызначаюць памочнiкам камiсара атрада па камсамолу. Пасада адказная i прыкметная сярод байцоў. Бо асабовы склад лясных фармiраванняў – у асноўным моладзь з навакольных вёсак. У кастрычнiку 42-га года ў атрадзе iмя Чапаева налiчвалася каля 500 чалавек, з iх каля 300 – хлопцы i дзяўчаты 17—20 гадоў. Каб не быць прымусова ўцягнутымi ў палiцыю цi краёвую абарону, не трапiць у спiсы на вывазку ў Германiю, яны iшлi ў лес нават без зброi. У атрадах стваралiся камсамольскiя арганiзацыi, яны папаўнялiся з лiку маладых партызан, а членскiя бiлеты iм выпiсвалiся ад рукi. Ужо тады пачалi праяўляцца лiтаратурныя схiльнасцi Гурскага. I сам ён, i сябры не аднойчы карысталiся ў агiтацыйных гутарках яго дасцiпнымi жартамi, вершаванкамi. У нечым яны нагадвалi заклiкi Я. Купалы, К. Крапiвы, з творамi якiх партызаны ўжо былi знаёмы, уздымалi настрой, веру ў перамогу. Лясныя гады наклалi свой адбiтак на ўсё далейшае жыццё Васiля Гурскага. Зялёны сябар для яго зусiм не алегорыя, а пэўная адушаўлёная iстота. Без хваёвых пахаў, без шэпту лiсця, без лясных дароў ён не ўяўляе сябе ў гэтым свеце. I хоць вёска Стальбоўшчына не стаiць да лесу гэтак блiзка, як Запруддзе, дзе ён жыў з сям’ёй да 53-га года, лес па-ранейшаму вабiў Васiля Рыгоравiча, заставаўся бальзамам, якi спрыяў лепшаму самаадчуванню, заспакаенню. Ён i ў сваiм сённяшнiм узросце збiрае лекавыя травы, грыбы, ягады, туды трымаюць накiрунак яго пчалiныя сем’i. Сябраваць з лесам настаўнiк навучыў i сваiх вучняў. Здаралася, многiя на Уздзеншчыне прымалi Васiля Гурскага за бiёлага Стальбоўшчынскай васьмiгодкi i толькi потым за выкладчыка роднай мовы i лiтаратуры. Зразумела, што i сваю першую кнiгу – зборнiк апавяданняў “Жывы падарунак” (1974 г.) — лiтаратар прысвяцiў дзецям. Партызанскiя ўспамiны “Ля вытокаў Нёмана” ўбачылi свет пазней, у 1981 годзе. Прычым туды ўвайшло далёка не ўсё, што было напiсана к гэтаму часу. Меў намер выпусцiць яшчэ адзiн летапiс, ды ў перабудоўны час шанцаў на гэты конт паменела, дзяржаве стала тады не да кнiг, тым больш тых, дзе ўслаўляўся партызанскi рух, народнае супрацiўленне захопнiкам. Але перабудова адкрыла iншую перспектыву: лiцэнзii на выдавецкую дзейнасць атрымалi раённыя газеты, друкарнi. I таму чарговы падарунак сабе i сябрам — “Партызанскiя блiскавiцы” — быў зроблены з дапамогай той жа “Чырвонай зоркi”. Пазней падтрымка прыйшла з боку нясвiжскай друкарнi. I так паступова кнiжка за кнiжкай складаўся летапiс партызанскай брыгады iмя Варашылава. Пасля гэтыя маленькiя выданнi ўвайшлi ў зборнiк “Хмары над Мiншчынай”. — Ну а калi ногi перасталi бегаць, а спiна трымаць роўна, — жартуе Васiль Рыгоравiч, — я пачаў стукацца ў дзверы дзяржаўных выдавецтваў. Там выйшлi кнiжкi для дзяцей “Разумная казуля”, “Кучараўчык”. Ён i зараз трымае сваю пiшучую машынку на “баявым узводзе”, занатоўвае тое, што адкрывае памяць сэрца. На чарзе ў “Мастацкай лiтаратуры” аўтабiяграфiчны твор пiсьменнiка, у якiм ён вывеў сябе пад прозвiшчам Леанiд Iваноўскi. Спадзяецца, што да яго 85-годдзя (лiстапад 2007 г.) кнiга ўсё ж убачыць свет. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пiсьменнiк Васiль Гурскi выдаў 22 кнiжкi, каля палавiны з iх — за ўласны |
|