Багацце i жабрацтва гадоў не прыбаўляюць, альбо У чым сакрэт даўгалецця?Хочаце — верце... Што агульнага ў бамжа i ў «новага беларуса»? Адзiн збiрае пустыя бутэлькi па парках i начуе на люку цеплатрасы, другi мае некалькi шыкоўных аўто i адпачывае на самых дарагiх курортах свету (выключна ў 5-зоркавых атэлях). Па жыццi гэтыя двое не перасякаюцца, як дзве паралельныя прамыя. У iх няма агульных iнтарэсаў, знаёмых, калег па бiзнэсу. I тым не менш, адзiн момант iх аб’ядноўвае — працягласць жыцця. У гэтым перакананы вядомы ўрач-iголкатэрапеўт, кандыдат медыцынскiх навук Валерый Моластаў. Ён правёў сваё ўласнае даследаванне беларускiх мужчын рознага сацыяльнага статусу i ўзроўню забяспечанасцi, вынiкамi якога падзялiўся з нашым карэспандэнтам.— Валерый Дзмiтрыевiч, што падштурхнула вас заняцца вывучэннем узаемасувязi матэрыяльнай забяспечанасцi i працягласцi жыцця? — Калi я працаваў iголкатэрапеўтам у Якуцii (яшчэ ў савецкi час), звярнуў увагу на мясцовых «бiчоў», асобаў без пэўнага месца жыхарства. Мяне зацiкавiла, як такiя людзi здолелi выжываць у экстрэмальных прыродных умовах (маразы мiнус 40 у Якуцii не дзiва). Аказалася, што грэюцца яны «на трубе» (унутры кажухоў труб цеплатрасы, якая з-за адвечнай мерзлаты пракладаецца над зямлёй, а не ўнутры). Асноўны спажываемы прадукт у такiх людзей — гарэлка. У кожнага — букет захворванняў: туберкулёз, ганарэя, сiфiлiс, алкагалiзм. Тэрмiн iх жыцця — з таго моманту, як яны пачынаюць «бамжаваць», — невялiкi. Памiраюць яны ў асноўным з-за хвароб, абмаражэнняў, п’яных боек i аўтамабiльных аварый. — Пераехаўшы ў Мiнск, вы пачалi вывучаць беларускiх бамжоў? — Тут яны таксама ёсць. I нiчым не адрознiваюцца ад якуцкiх. Як iголкатэрапеўт i мануальны тэрапеўт, я добра лячу рэўматызм, хваробы пазваночнiка, таму ў мяне хутка па прыездзе з’явiлася кола пастаянных клiентаў, у тым лiку i сярод вельмi забяспечаных бiзнэсменаў. Падчас сеансаў я здабыў шмат цiкавай iнфармацыi. Вось тады i нарадзiлася думка правесцi даследаванне. — Колькi чалавек трапiла ў вашу выбарку? — Я сабраў звесткi на 300 мужчын, якiя памерлi ў Беларусi ў 1996—2000 гадах. Адны пражывалi ў горадзе, другiя ў вёсцы. 32 з iх адносiлiся да катэгорыi жабракоў i вельмi бедных (I група), 67 былi проста беднымi (II група), 86 чалавек з’яўлялiся асобамi з сярэднiм дабрабытам (III група), 84 мелi даход вышэй за сярэдні, валодалi невялiкiм капiталам (IV група), 31 мужчына меў вельмi значны капiтал (V група). Вынiкi майго даследавання паказалi, што сярэдняя працягласць жыцця мужчын першай групы склала 42 гады, другой — 63, трэцяй — 72, чацвёртай — 65, пятай — 48 гадоў. У першую катэгорыю трапiлi ў асноўным жабракi i бамжы, якiя зiмой начуюць у падвалах i на гарышчах, летам — у пад’ездах i скверах. Яны мелi непастаянны заробак — падпрацоўвалi грузчыкамi, прыбiральшчыкамi, здавалi макулатуру i шклатару, кралi. Амаль усе яны злоўжывалi алкаголем, дрэнна i нерэгулярна харчавалiся, жылi ў антысанiтарных умовах. Сумарны кошт iх маёмасцi не перавышаў 10 амерыканскiх долараў. Што датычыцца прычын смерцi мужчын гэтай групы, у 28 працэнтах выпадкаў яна альбо не была ўстаноўлена, альбо была гвалтоўнай. З-за спажывання алкаголю загiнула 14 працэнтаў, ад туберкулёзу, iнфарктаў, iнсультаў i траўмаў, атрыманых падчас ДТЗ, — 58 працэнтаў. — А што за кантынгент трапiў у пятую групу? — Сюды ўвайшлi ў асноўным бiзнэсмены, кiраўнiкi буйных фiрмаў, банкiры... Яны мелi высокi ўзровень жыцця, салiдны памер уласнасцi — катэджы, некалькi аўтамабiляў, нерухомасць за мяжой. Па самай прыблiзнай ацэнцы iх маёмасць i капiтал дасягалi мiльёна долараў. Яны мелi сям’ю, аднаго цi некалькiх дзяцей, шматлiкiх сваякоў, сяброў, знаёмых... — Не жыццё, а цукар. Чаму ж яго працягласць такая ж, як у бамжоў? — У мужчын пятай групы ненармаваны працоўны дзень — па 10—15 гадзiн. Нерэгулярнае харчаванне. Хоць i якаснае. Нездаровы лад жыцця. Самая вялiкая колькасць непрыемнасцяў i стрэсаў — з-за пастаяннай пагрозы абанкруцiцца, згубiць бiзнэс. Рэгулярныя парушэннi эканамiчнага заканадаўства вымушаюць iх баяцца кантралюючых органаў. Шмат клопатаў у такiх людзей звязана з добраўпарадкаваннем i ўтрыманнем вялiкай асабiстай гаспадаркi: катэджаў, кватэр, аўтамабiляў. Калi ў чалавека ёсць грошы — ёсць i верагоднасць, што яго будуць «даiць». Бiзнэсмены жывуць у пастаянным страху: баяцца праверак, «наездаў браткоў», шантажу, вымагальнiцтва. Баяцца, што iм могуць здрадзiць свае (сваякi, сябры, падначаленыя), выкрасцi важныя дакументы, перадаць iх канкурэнтам... Шмат сiл адбiрае i «любоўны фронт» — амаль у кожнага з iх у сям’i нярэдкiя скандалы з-за рэгулярных паходаў «налева». Двойчы i больш разоў былi жанатыя 77 працэнтаў даследаваных. Амаль нiхто з iх не займаўся спортам, затое часта практыкаваў «расслабленнi» з сябрамi ў сауне — з алкаголем i дзяўчатамi. Здаровым ладам жыцця гэта не назавеш. — Бамжы таксама не прытрымлiваюцца здаровага ладу жыцця. Як вынiк, i ў бамжоў, i ў бiзнэсменаў невялiкая працягласць жыцця? — Менавiта. Аднак, калi першыя памiралi з-за недаядання, адсутнасцi лекаў, алкагалiзму, абмаражэнняў i ў бойках, то ў другiх асноўнымi прычынамi смерцi станавiлiся iнфаркты i iнсульты (85 працэнтаў выпадкаў). Увогуле, у бiзнэсменаў сярод хранiчных хвароб пераважаюць гастрыт, язва страўнiка i 12-перснай кiшкi, радыкулiт, прастатыт i iмпатэнцыя, а таксама пагранiчныя псiхiчныя станы (бяссоннiца, розныя фобii, астэнiя, псiхапатыя). — Атрымлiваецца, што вялiкае багацце, як i жабрацтва, здароўя i даўгалецця нам не дабаўляюць? — Так i ёсць. Найбольш працяглы тэрмiн жыцця ў прадстаўнiкоў сярэдняга класа. У еўрапейскiх краiнах вельмi бедныя i вельмi багатыя складаюць разам каля 10 працэнтаў насельнiцтва. Астатнiя 90 працэнтаў — гэта людзi з сярэднiм узроўнем дабрабыту. Важна адзначыць, што прыкладна 70 працэнтаў ад агульнай колькасцi людзей з сярэднiм узроўнем даходу не валодаюць капiталам, гэта значыць, не займаюцца бiзнэсам. Гэта наёмныя работнiкi, якiя адпрацавалi, прыйшлi дамоў, расслабiлiся перад тэлевiзарам цi ў добрай сяброўскай кампанii. Потым выспалiся i пайшлi на працу. — Гаворачы пра Беларусь, каго вы залiчваеце ў сярэднi клас? — Людзей, чый сямейны даход складае 500—1000 долараў ЗША ў месяц. На жаль, у нас праслойка сярэдняга класа значна больш сцiплая, чым у Еўропе. Звыш 70 працэнтаў нашага насельнiцтва мае 200—300 долараў на сям’ю. Асаблiва ў вёсцы. Аднак — парадокс — у вёсцы жыццё больш размеранае, спакойнае, пазбаўленае стрэсаў. Пры добрым розуме там можна жыць да ста гадоў. — На вашу думку, жыццё багатага чалавека, бiзнэсмена ў нас i за мяжой мае прынцыповыя адрозненнi? — I там, i тут людзi iмкнуцца зарабiць грошы. Але там капiтал ужо ўсталяваўся. Напрыклад, iснуе нейкая карпарацыя па вытворчасцi макароны, якой ужо больш за 300 гадоў. Належыць адной сям’i, члены якой перадаюць з пакалення ў пакаленне свой бiзнэс у спадчыну. Безумоўна, жыццё такiх бiзнэсменаў будзе больш стабiльным, хоць i яно зусiм не пазбаўлена стрэсаў, пагрозы банкруцтва i г.д. На постсавецкай прасторы яшчэ не завяршыўся працэс пераходу ад сацыялiзму да капiталiзму. Зараз ужо няма таго разгулу, якi наглядаўся яшчэ 15—20 гадоў таму. Сферы ўплыву падзелены. Але больш-менш стабiльнае становiшча пакуль толькi ў Беларусi. — Вы праводзiлi даследаванне толькi сярод мужын, а як жа жанчыны? — Жанчын вельмi мала — як сярод людзей буйнога бiзнэсу, так i сярод бамжоў. Ды i на кантакт яны iдуць вельмi неахвотна. Мужчыны больш адкрытыя. Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што агульнага ў бамжа i ў «новага беларуса»? Адзiн збiрае пустыя бутэлькi па парках i начуе на люку цеплатрасы, другi мае некалькi шыкоўных аўто i адп
|
|