21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Планета беларусаў: школьны музей у вёсцы Гудзевічы

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вёсцы Гудзевічы захаваўся адзіны ў свеце беларускамоўны глобус. Яго прыслаў калісьці Янка Багдановіч, які быў вучнем беларускай гімназіі ў Вільні, а потым працаваў выкладчыкам. Глобус, хутчэй за ўсё, паявіўся на свет па заказу Віленскай гімназіі ў 1939 годзе, але ўжо пры савецкай уладзе, бо на ім пазначана “Камітэт картаграфіі”.

Сярод іншых экспанатаў музея, які стварыў ў 1968 годзе беларускі педагог і краязнаўца Алесь Белакоз, няма копій — толькі арыгіналы. Белакоз з захапленнем расказвае пра нацыянальнае багацце, што дзесяцігоддзямі збіраў разам з вучнямі, не зважаючы на тое, якое ідэалагічнае надвор’е было за вакном.

Не трэба ехаць у Лондан за сваёй "Дудкай"

У 1973 годзе ў Гродзенскім педагагічным інстытуце я ўзяў ды пахваліўся экспанатам, які мы якраз на тым тыдні набылі — зборнікам “Дудка Беларуская” 1896 года выдання. Данута Бічэль-Загнетава запярэчыла: “Мякка кажучы, гэта няпраўда. Такая кніга ёсць толькі адна ў свеце — у Брытанскім музеі”. Я ў адказ: “У нас — кніга 1896 года, у Брытанскім музеі — 1891 года”. Яна: “Гэта тое самае. На другі зборнік выдавец у Кракаве пагадзіўся даць толькі сто рублёў, але з умовай, што гэта будзе дакладная копія выдання 1891 года. Наборы захаваліся — і выйшла дакладная копія. Мы хацелі зрабіць факсімільнае выданне гэтай кніжкі, але Лондан адмовіў, бо гэта вельмі рэдкі і каштоўны экспанат”. Тут у маю абарону выступіў Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук: “Я таксама думаў, што муляж, здымаў вітрыну. Ёсць у Гудзевічах “Дудка Беларуская” і не трэба цяпер ехаць па яе ў Лондан”…

А дасталася нам тая “Дудка” зусім выпадкова. Паехаў я ў Індуру да ксянза Жыліса за старажытнымі падвоенымі дыванамі, якія ткаліся толькі на Гарадзеншчыне. Выйшаў ксёнз, я яму: “Робім у Гудзевічах краязнаўчы музей, чуў, што ў вас ёсць старажытныя падвоеныя гродзенскія дываны”. Ксёнз паказвае: “У нас ёсць вельмі добры дыван, фабрычны”. А я думаю: калі вазьму, што ён пра нас падумае — грабём усе, што патрапіцца! “Дзякуй, — кажу. — Мы збіраем толькі старажытныя рэчы”. Ага, ён бачыць, што я не хапуга, і аддаў дываны 1898 года, 1926 года і яшчэ адзін без даты. А потым і кнігі старажытныя — першыя зборнікі Дуніна-Мацінкевіча, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Максіма Багдановіча і “Дудку Беларускую”!

Касманаўт Клімук выратаваў паэтку Геніюш

“Не знімеце — зачынім музей” — загадчык раённага аддзела адукацыі загадваў замяніць стэнд, прысвечаны Ларысе Геніюш. А тады якраз беларус Клімук пабываў у космасе. Жонка мая выткала для яго гальштук, вучні напісалі ліст, а я даслаў зборнік вершаў Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана” і папрасіў, каб касманаўт падпісаў яго нашаму музею. Ён прыгожа па-беларуску падпісаў: “Гудзевіцкай сярэдняй школе ад Пятра Клімука. Пётр Клімук. 06.08.1975 года”. Яшчэ даслаў ліст і свой фотаздымак з надпісам. І мы ўсё гэта прыклалі да стэнду Ларысы Геніюш: і ліст, і здымак, і кнігу з подпісам, і канверт “Пошта касманаўта”. Хто пасля такога загадае стэнд здымаць?

"Общественность вас осудит"

За першую скульптуру — мясцовага паэта Міхася Явара — у нашым тады яшчэ школьным музеі я аддаў 76 рублёў. Тады я атрымліваў зарплату 64 рублі, жонка — 57.

З гэтай нагоды склікалі Савет раённага аддзела адукацыі. “Как это Белакоз за свои собственные деньги приобрел бюст какого-то Михася Явара и установил в школьном помещении?! Кто ему дал право?!” — лямантавалі чыноўнікі. У пратаколе запісалі: “Белакозу указать на самовольные действия”. Дырэктару далі строгую вымову за тое, што пусціў у школьнае памяшканне “бюст какого-то Михася Явара”, бюст загадалі прыбраць…

Па маёй персоне за пяць год, з 1970 па 1975, было праведзена чатыры пасяджэннi Савета раённага аддзела адукацыі. Нарэшце была вынесена вымова з апошнім папярэджаннем: за тое, што замест таго, каб згодна з савецкай школьнай праграмай прайсці тры тэмы, я цэлы ўрок расказваў вучням пра Францыска Скарыну. Загадчык райана сказаў, што трэба мяняць альбо савецкія праграмы, альбо Белакоза.

Аднойчы ў 1970 годзе я атрымаў позву явіцца ў ваенкамат у Гродне. Там са мной размаўлялі два чалавекі ў паліто “молочно-кофейного” колеру. “Мы слышали, вы хорошо работаете, музей интересный. Вот вы встречались с Петрусём Бровкой, Владимиром Короткевичем, Ларисой Гениюш. О чем вы разговаривали?” Я кажу: “Нічога не буду расказваць, бо даносамі не займаюся”. Яны: “Вы не понимаете нашей работы. Вы просто расскажите, о чем разговаривали”. Угаворвалі мяне з паўтары гадзіны, урэшце рэшт пачалі пагражаць: “Мы вам устроим такую жизнь, что от вас отвернутся друзья, оставят родные, осудит общественность”…

Як міністры музею дапамаглі

Недзе ў 1988 годзе прыехаў міністр культуры паглядзець наш музей. Але дождж ішоў. Я міністру кажу, каб апрануў тапачкі, перш чым ісці ў залу. Ён абурыўся, буркнуў: “Тапочки есть, музея нету”. Ну няма дык няма. Прыйшлі ў першую залу, ён агледзеўся, кажа: "Слушайте, у вас тут все оригиналы! Школьный музей — это всегда копии. Слушайте, — гаворыць, — надо делать государственный музей!”. Я не згаджаюся: “Вы ж потым скажаце: гэтае здымі, гэтае павесь”. — “Скажам”. — “А навошта мне гэта?” Ну ён паабяцаў, што так камандаваць намі ніхто не будзе, то я і пагадзіўся. Ад зарплаты я адмовіўся, бо кіраваць музеем магу і без яе. Далі нам сем ставак — ад навуковых супрацоўнікаў да прыбіральшчыц. Але ж план па квітках давялі — на гэты год мільён шасцьсот тысяч!..

Прыязджаў да нас і намеснік міністра ўнутраных спраў, а з ім світа вялікая. Ён усё казаў, што надта хоча дапамагчы музею, але спяшаўся. Я кажу, у нас план па квітках, а ніхто не плаціць. Ён гэта прапусціў міма вушэй: “Надо помочь музею”. Пасля яго прыязджае начальнік абласнога аддзела “Аховы”: “Што вам дапамагчы?”. Я кажу: “Калі хочаце дапамагчы, заплаціце за тую экскурсію намесніка міністра, і за сваю, ды яшчэ нядаўна прывозілі чалавек 70 інспектараў па справах непаўналетніх, і за іх таксама”. Кажа, што заплаціць яны не могуць, а могуць купіць фарбу ці яшчэ што. Кажу: “Шыфер на дах купіце”. Купілі фарбы на 150 тысяч аддзелу культуры. Але пасля таго візіту намесніка міністра ўвогуле перасталі да нас ездзіць аўтобусныя экскурсіі. Звоняць, папярэджваюць нас, што прыедуць. Мы чакаем, а яны не прыязджаюць! Цяпер, каб прыехаць аўтобусам у Гудзевіцкі музей, трэба браць міліцэйскі дазвол…

Запісала Ірына Чарняўка

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Гудзевічы захаваўся адзіны ў свеце беларускамоўны глобус.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика