21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ДОБРЫЯ ЛЮДЗI

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адам ГЛОБУС

Нататкi мастака

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ I МАДУЛЁРЫ...

Апошнiм часам творцы амаль не заўважаюць чалавека. Яны бачаць Бога, цiкавяцца мiфiчнымi героямi, размаўляюць з анёламi, а пра чалавека забываюцца. Знаходзяцца нават такiя мысляры, якiя, заплюшчыўшы вочы, прамаўляюць тэзы кшталту «мяне няма». У падобных абставiнах самы час паглядзець на чалавека. Як для мяне, у еўрапейскай цывiлiзацыйнай прасторы iснуюць два праграмныя малюнкi чалавека. Першы быў створаны Леанарда, а другi — Ле Карбюзье. Чалавек, прынамсi, еўрапеец — жывёла архiтэктурная. Ён, ствараючы архiтэктуру, ёй жа i падпарадкоўваецца. Таму я i вылучаю мадулёра — матэматычна дасканалага, убачанага вокам архiтэктара i праверанага часам на трываласць. Для мяне сучасны чалавек выглядае як мадулёр, выштукаваны Ле Карбюзье. Адзiнае, што варта было б дадаць у схемы майстра — постаць жанчыны. I Леанарда, i Ле Карбюзье за модуль бралi мужчынскае цела, а варта ўзяць адразу дзве постацi — Адама i Еву. Чалавек ХХI стагоддзя мае дзве постацi, прынамсi, так бачыць маё вока.

МIРАСЛАЎ I ЧЭСIК...

Брат мой Мiраслаў па тэлефону сварыцца на сына Чэся за тое, што той не выходзiць ранiцай на прабежку ў парку. Мiраслаў яшчэ спрабуе дагукацца да сына, узмацняе голас, спадзеючыся такiм чынам пераадолець адлегласць, што з кожным днём павялiчваецца памiж iм i Чэславам. У брата ёсць спадзевы, а ў мяне iх няма, дзецi мае выраслi, сварыцца i крычаць на iх бессэнсоўна i нават небяспечна, бо можна страцiць павагу, якая яшчэ ёсць у iх да мяне.

ГЁТЭ I НОВАЕ ЖЫЦЦЁ...

Не стаў бы Гётэ супервядомым лiтаратарам, каб не перапiсаў гiсторыю пра доктара Фаўста, а той доктар не праславiўся б на ўвесь свет, каб не абмяняў сваё старое жыццё на новае i маладое; таму i дзiвяць мяне заявы прымiтыўных людзей, што сцвярджаюць: «Я нiколi не прамяняў бы сваё пражытае жыццё нi на якое iншае!» Такiм людзям нiхто i не прапаноўвае мяняць iх нiкчымныя жыццi на новыя i лепшыя, а калi не прапаноўваюць, дык i не памяняеш, каб i захацеў.

КУЛIН I ДЗЕСЯЦЬ РУБЛЁЎ...

«Дзесяць рублёў — купюра, за якую нiчога не купiш. Купюра ёсць, а купiць за яе нельга нiчога,» — пачуў я днямi на вулiцы... Пасля працы я заходжу ў кавярню «Акварыюм» выпiць кавы. Сам сябе часам папракаю за гэткае марнаванне часу. Мог бы нешта патрэбнае зрабiць, а сяджу i нiчога не раблю, i магу так прасядзець гадзiну, а магу i дзве. I сяджу я ў гэтай краме «Цэнтальнай» не год i не два, а блiзу трыццацi гадоў. Раней я вiно пiў i гарэлку, а цяпер толькi каву i гарбату. За трыццаць гадоў шмат што змянiлася, да прыкладу: усё больш i больш мужчын п’юць гарбату з цытрынаю i выглядаюць дагледжанымi ды стыльнымi, а жанчыны наадварот папiваюць пiва i вiно, гавораць пра палiтыку, пра пасады з узнагародамi ды не даглядаюць сябе, фемiнiствуюць... Учора Гена Хацкевiч спытаў, дзе я буду на свята. Я сказаў, не ведаю, а сам падумаў, што тут i буду, каля ўнiверсама «Цэнтральны». А дзе ж яшчэ? За Генаю ў «Акварыюм» занырнуў Лёша Кулiн: «Скульптуру зрабiў. Невялiчкую. Знайшоў рух, жэст знайшоў i ў скульптуру загнаў. Атрымалася. Адлiў яе з бронзы. Сто тысяч аддаў i адлiў. Адны страты, а прыбыткаў нiякiх. Каму трэба скульптура?» — «У салон занясi. У вiтрыне пастаў. Можа хто купiць, а калi i не прадасца, дык людзi паглядзяць...» — «Думаеш?» — «Думаю...» — «А я думаю: скульптура — цяжкi занятак, такi, як баявое каратэ!» Скульптар-баец пайшоў да стойкi, па гарбату, а я выйшаў выпалiць цыгарэту на ганку. З кардоннай шклянкаю гарбаты Лёша Кулiн прайшоў паўз мяне i перад тым, як спусцiцца ў падземны пераход, ён скамечыў i выкiнуў дзесяць рублёў. Купюра ляжала на ходнiку, мiма iшлi людзi. Я палiў i чакаў, хто падбярэ грошы. Салдаты? Не падабралi. Дзецi? Не нахiлiлiся. Студэнты, старыя? Не, не, не... У нас усе багатыя. Нiхто не нахiлiцца за дзесяткаю, на якую нiчога не купiш. У нас усе скардзяцца на кошты i адсутнасць грошай, але за дзесяць рублёў нахiлiцца лянуюцца. Вецер прыгнаў дзесятку да майго чаравiка, я падняў грошы i вярнуўся ў «Акварыюм».

МАРА, IДЭЯ I ДЗIВА...

Пакуль на iнфармацыйных палях iдзе халодная бойка памiж амерыканскiмi марамi i рускiмi iдэямi, Еўропа набывае сабе прыхiльнiкаў. Прынамсi, так адбываецца ў Беларусi. Еўра, еўрарамонт, еўрастандарт, еўрапейцы, еўразвяз — словы, што ўсё часцей чуе беларускае вуха. Амерыка так i застаецца з мараю, а Расiя — з iдэямi, Еўропа набывае рэальную значнасць. Амерыканскiя i расiйскiя прапагандысты ў Беларусi займаюцца выключна крытыкай беларускiх рэалiяў, бо ўпэўнены ў прывабнасцi сваiх iдэй i мараў, яны не заўважылi, як пабляклi iх мары i састарэлi iдэi. Яны губляюць сваiх гледачоў, слухачоў, чытачоў i прыхiльнiкаў. Будаўнiкi беларускай дзяржаўнасцi ўсё больш i больш захапляюцца еўрапейскасцю i мадэлямi, што прапаноўвае для жыцця Еўразвяз. Кiтайскае дзiва, зноў жа, спрыяе еўрапеiзацыi Беларусi, з-за сваёй падкрэсленай азiяцэнтрычнасцi.

СВIФТ I БЕДЛАМ...

У сваiм «Дзённiку для Стэлы» Джонатан Свiфт распавёў, як наведаў бедлам — вар’ятню — пасля таго, як схадзiў у звярынец i лялечны тэатар. У часы Свiфта наведванне бедламу было распаўсюджанай з’яваю. Вар’ятнi адчынялi свае дзверы для цiкаўных наведнiкаў. Цяпер, праз 297 гадоў, наведацца ў дом вар’ятаў даволi складана, больш за тое, цябе палiчаць за падобную цiкавасць чалавекам неадэкватным. У мяне на гэты конт iншае меркаванне, бо як мастака i лiтаратара мяне заўсёды вабiлi самыя розныя твары людзей, твары ж вар’ятаў маюць неверагодную выразнасць. Таму i Эль Грэка, i Гоя, i Пiкаса шмат малявалi не зусiм нармальных i зусiм ненармальных персанажаў. Толькi гэта ўсё ж выключэннi. Маляванне, фатаграфаванне i здыманне на тэлекамеру вар’ятаў — занятак небяспечны. Свiфт, якi сам страцiў розум напрыканцы жыцця, найлепшы гэтаму доказ. Але ў дадзеным факце, апiсаным Джонатанам Свiфтам, мяне зацiкавiла не столькi вар’ятня, колькi звярынец. Можа, праз 297 гадоў наведванне звярынцаў са змучанымi жывёламi таксама стане амаральным для большасцi людзей.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiм часам творцы амаль не заўважаюць чалавека. Яны бачаць Бога, цiкавяцца мiфiчнымi героямi, размаўляюць з анёламi, а пра чалавека забываюцца. Зна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика