21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сакрэтныя матэрыялы «Добрай ранiцы»

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Глядзiце!

Карэспандэнт «Звязды» стала тэлевядучай. На паўгадзiны

«Добрай ранiцы, Беларусь!» — пад гэтае прывiтанне-заклiк з тэлеэкранаў вось ужо дзесяць гадоў прачынаюцца мiльёны беларусаў. Пазiтыў, iнфармацыйная насычанасць, ненавязлiвасць, лёгкасць атмасферы — гэта i ёсць рэцэпт папулярнасцi. Нездарма ўвесь час свайго iснавання праграма лiчыцца адной з лепшых у ранiшнiм эфiры Беларусi.

«Мы неяк падлiчылi: за 10 гадоў праз эфiрную «кузню» прайшлi роўна 40 вядучых, iмёны якiх i сёння ўсiм знаёмыя — Кiрыл Слука, Сяргей Кухто, Яўген Юранаў, Надзея Герасiмчык, Ларыса Грыбалёва i iншыя «зоркi», — расказаў намеснiк дырэктара Першага канала Аляксандр Капёнкiн. Зараз на прамых эфiрах праграмы працуюць тры пары вядучых: Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў, Вольга Шлягер i Аляксандр Аўчыннiкаў, Вольга Водчыц i Дзмiтрый Карась. Акрамя таго, вiдэаагляды вядуць Валянцiна Мiшанева i Кацярына Купчанка. Усяго ж у студыi падчас кожнай праграмы працуе каля 20 чалавек, прычым для большасцi з iх падняцца а 5-й гадзiне ранiцы, каб на пачатку 8-й падарыць гледачам зарад бадзёрасцi i добрага настрою — справа звыклая i звычайная. «Падняцца не праблема, — жартуе легендарны аператар Вiктар Мiлько-Чарнаморац. — Затое ў дзевяць вечара ўжо валiшся з ног. Калi чалавек нават па жыццi сава, тэлебачанне з лёгкасцю ператварае ў жаўрука».

ШАНЦ НА СУРВЭТЦЫ

Насамрэч юбiлей «Добрай ранiцы, Беларусь!» адзначыла яшчэ ў студзенi, але святочныя сюрпрызы будуць на працягу ўсяго года. Адным з падарункаў для праграмы стала новае афармленне, якое дадало дынамiчнасцi i фарбаў тэлевiзiйнай ранiцы — зразумела ж, добрай. У якасцi другога, напрыклад, задумана сабраць усiх вядучых — былых i цяперашнiх — у адной студыi. Кожнаму з iх ёсць што сказаць, галоўнае, каб часу хапiла.

Вiзiт у студыю «Добрай ранiцы, Беларусь!» журналiстаў рэспублiканскiх СМI — так, звычайная рабочая нагода, магчымасць «падгледзець» прамы эфiр. Пачаставалi чаем i печывам, запiсалi некалькi пажаданняў тэлевiзiйнiкам ад калег-газетчыкаў. Дзiўна было хiба толькi тое, што нас адразу папрасiлi далёка не разыходзiцца, а гледачам паабяцалi «перамену роляў».

— Будзеце рабiць выпуск праграмы, — патлумачыла выканаўчы прадзюсар Наталля Марынава. — Нехта стане рэжысёрам, нехта — аператарам, камусьцi дастанецца роля вядучага.

Наш лёс вырашылi... звычайныя сурвэткi, на кожнай з якiх стаяла лiчба — ад 1 да 13. У залежнасцi ад нумара, якi дастаўся, мы атрымлiвалi часовую «пасаду» i iшлi на iнструктаж да спецыялiстаў. Паралельна каманда тлумачыла, чым займаецца той цi iншы прафесiянал: адзiн пiша тэксты для праграмы, другi нясе адказнасць за тытры, трэцi пераключае вiдэасюжэты, чацвёрты сочыць за гукам, пяты кантралюе работу «тэлесуфлёра», шосты вядзе хранаметраж... I кожны — на сваiм месцы, i разам з тым у звязцы з iншымi, iнакш немагчыма падрыхтаваць якасны эфiр або справiцца з пазаштатнай сiтуацыяй.

Мне выпала — нiколi б не падумала! — роля вядучай. У кампанiю трапiлi таксама Iлья Свiрын з «Культуры» i Марына Кузьмiч з «Народнай газеты». Пакуль грымёр наводзiла прыгажосць, а асiстэнты мацавалi мiкрафоны, мы няўцямна пераглядвалiся: што гаварыць? Вось так, без рэпетыцыi, i адразу на камеру?

— Вушы! У вядучых няма вушэй! — раздаўся голас аднекуль зверху. Мы нервова схапiлiся за вушы — як быццам на месцы. Аказалася, трэба яшчэ прычапiць мiкраскапiчныя навушнiчкi.

МАЙСТАР-КЛАС I ПЕРШЫ БЛIН

— Не трэба так палохацца, — супакоiла нас Святлана Бароўская. Ёй лёгка гаварыць — яна профi, уладальнiца «Тэлевяршынi» як лепшая вядучая iнфармацыйна-забаўляльнай праграмы. — Галоўнае — расслабiцца. Лепш за ўсё ўявiць кагосьцi канкрэтнага — маму, дзiця, сябра — да каго i трэба звяртацца. I прывітальнае «Добрай ранiцы!» адрасаваць яму — тады выходзiць шчыра, i гэтая шчырасць пера-даецца ўсiм гледачам.

— Не хвалюйцеся, нiчога страшнага, — заўважыў, падыходзячы блiжэй, вядучы Аляксандр Паўлаў. — Галоўнае — сабрацца.

— Як — сабрацца? А Святлана сказала, разняволiцца... — зусiм згубiлiся мы.

— Разняволiцца ў сэнсе настрою, а сабрацца, каб вымавiць без памылак першыя словы: «Прывiтанне! Гэта праграма «Добрай ранiцы, Беларусь!» на Першым тэлеканале i спадарожнiкавым канале «Беларусь-ТБ». Далей ужо можна не так строга, даваць нешта ад сябе, толькi прытрымлiвацца сцэнарыя.

Голас зверху — з апаратнай — адлiчваў апошнiя секунды да «эфiру». Тры, два... Аператары — сапраўдны i новаспечаны — замахалi рукамi, маўляў, трэба ўжо гаварыць. Я падумала, што ранiца сёння, нягледзячы на снег, усё-ткi добрая, усмiхнулася ў камеру (цi ў тую, куды трэба было?) i, стараючыся не запiнацца, выдала на адным дыханнi вывучаны тэкст. Партнёр падхапiў. Хутка аркушы з тэкстам ужо не здавалiся адзiнай выратавальнай саломiнкай, i мы ўпрыгожылi яго «адсябяцiнай». Адну падводку нават забылiся прачытаць, за што атрымалi ад «выпускаючага рэдактара» абяцанне пазбавiць прэмii. У перапынках наш «рэдактар» строга наказваў: «Больш аптымiзму! Трэба, каб гледачы ўбачылi вас i павесялелi, а не заснулi! Менш глядзiце ў тэкст, размаўляйце на камеру!». «Аператары» забаранялi нам вельмi ўжо актыўна круцiцца на крэслах. Сапраўдныя вядучыя, седзячы збоку, па-за зонай бачання камер, зацiкаўлена глядзелi на «ролевыя гульнi» дарослых людзей. А мы... Нават пашкадавалi, што «эфiр» так хутка скончыўся.

— Ну, як глядзелася — не вельмi страшна? — звярнулiся мы па сваю порцыю крытыкi.

— Цудоўна атрымалася! — запэўнiла вядучая Вольга Шлягер. — Мы ўжо меркавалi тут, што канкурэнты прыйшлi. Толькi вось рэдактар вам трапiўся вельмi строгi — наш звычайна падбадзёрвае, што мы самыя лепшыя, што ўсё будзе выдатна.

— А на «эксперымент наадварот», адчуць сябе супрацоўнiкамi друкаваных выданняў, пагадзiлiся б?

— Гэта было б цiкава, новы вопыт, чаму не, — задумаўся Аляксандр Паўлаў.

З альтэрнатыўнага «выпуску» праграмы «Добрай ранiцы, Беларусь!» тэлевiзiйнiкi паабяцалi захоўваць «кампрамат» для гiсторыi. З аднаго боку, не такi страшны эфiр, як яго малююць, дый не такi просты, як падаецца на першы погляд. Скажам, вядучы — гэта далёка не толькi «галава, якая гаворыць» — яму трэба завязаць дыялог з любым госцем у студыi, быць гатовым да нечаканасцяў (Святлана Бароўская расказала, што аднойчы знiк сцэнарый, i даводзiлася «выкручвацца», выдумляючы нейкiя рэпрызы ў фармаце праграмы), а таксама ўмець распараджацца часам — або цягнуць яго, колькi трэба, або наадварот, iмгненна «падразаць» прамову, каб яна пры тым не згубiла сэнсу. I яшчэ — шчыра ўсмiхацца, каб прапанова «Заставайцеся з намi» знаходзiла паўсюдны водгук. Затое прамы эфiр шчодра адорвае сваiх верных вядучых драйвам i пазiтыўнай энергетыкай. Яны таму ўсе так добра i выглядаюць — бо ранiца ў iх добрая... А ў вас?


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт «Звязды» стала тэлевядучай. На паўгадзiны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика