Важна ўмець клапацiцца пра госця далiкатна i ўважлiва
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Сяргей Мiлаградскi, ён жа — Сяргей Пятровiч Чарненка, лiчыць сябе адным з першых, хто на Беларусi пачаў займацца вясковым турызмам. Ён у сваёй сядзiбе ў вёсцы Мiлаград Рэчыцкага раёна (адсюль псеўданiм) прымаў гасцей ужо 6 гадоў таму. Некалькi парадаксальным здаецца той факт, што ў каталогах i на сайце Грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» («Агра- i экатурызм») яго адраса няма дагэтуль. Таму ў людзей, якiя жывуць не ў Гомельскай вобласцi, можа скласцiся ўражанне, што там вясковы турызм прадстаўлены адной толькi сядзiбай. I ўражанне гэта будзе няправiльным. На сёння дарогу да вёскi Мiлаград ведаюць сама меней 600 iншаземцаў i 2 тысячы беларусаў. Попыт на адпачынак у сядзiбе Сяргея намнога перавышае прапанову. «Працэнтам 80 з тых, хто да мяне тэлефануе, я вымушаны прапанаваць бранiраванне сядзiбы загадзя», — кажа ён. Мо таму Мiлаградскi i не спяшаўся дасылаць iнфармацыю для каталогаў аб’яднання «Адпачынак у вёсцы», што не адчуваў патрэбы ў рэкламе.
Iдэю прымаць турыстаў закiнулi сябры. З Мiлаградскiм адбылося тое ж, што i з многiмi iншымi гаспадарамi сядзiб — гараджанамi. Саракагадовы жыхар Рэчыцы (у 80-х — сакратар камсамольскай арганiзацыi, у 90-х — паспяховы бiзнэсмен) упадабаў надзiва прыгожае месца на беразе Дняпра i на ўскрайку багатага лесу. У гэтай цiшы ён набыў напалову абгарэлы дом, перабудаваў яго на свой густ, зрабiў выгоды, абсталяваў басейн, паставiў альтанку, якая магла ўмясцiць усiх яго партнёраў па бiзнэсу — ажно на 40 чалавек. I адчуў, што асаблiва прыемна запрашаць сюды сяброў. Не столькi з-за магчымасцi пагудзець, не перашкаджаючы суседзям, колькi з-за задавальнення назiраць, як людзi, самыя розныя, аднолькава пераўтвараюцца, як толькi выходзяць з машыны, удыхаюць напоенае лясным водарам паветра i скiдаюць скураныя пантофлi. Сяргей з усмешкай заўважаў, як мяняюцца, мякчэюць твары, запальваюцца нейкiм добрым святлом вочы, як яшчэ больш прыгажэюць жанчыны i румяняцца дзецi. Напрыканцы 90-х Мiлаградскi кiраваў сумесным прадпрыемствам, таму першымi турыстамi былi яго сябры з Германii, Iталii, Польшчы, Францыi. Яны i запэўнiлi, што вясковы дом — гэта таксама бiзнэс, i неблагi, i ўсё ў яго для гэтага ёсць: камфартабельнае жыллё, маляўнiчае месца, некранутая прырода, а побач горад з усёй неабходнай iнфраструктурай. У Iталii каля 10 тысяч падобных сядзiб. У Францыi цэлая вобласць на мяжы са Швейцарыяй жыве за кошт агратурызму. Шэсць гадоў таму паняцця «агратурызм» у беларускiм заканадаўстве не iснавала. Але гэта не толькi не стрымала Мiлаградскага. Наадварот, яго п’янiла разуменне, што ён — адзiн з першых, а можа нават i самы першы. Ён увогуле любiць усё новае, пакуль яшчэ нябачанае. Таму акунуўся ў гэту справу з галавой i праз два гады пакiнуў сумеснае прадпрыемства, цалкам сканцэнтраваўся на сваiх Мiлаградах i наваколлi. Цяпер, калi агратурызм не толькi прапiсаны ў законе, але дзяржава робiць на яго пэўную стаўку, Сяргей Пятровiч будуе разам са сваiмi сябрамi — братамi Сяргеем i Вiктарам Жулаевымi базу вясковага турызму ў вёсцы Горваль, гэта за 10 кiламетраў ад Мiлаградаў. — Мы плануем прыстасаваць гэтую базу, разлiчаную на 40 чалавек, для адпачынку ў тым лiку i iнвалiдаў, — расказвае Сяргей Пятровiч. — Зноў жа, мяне тут прываблiвае навiзна iдэi. Неяк на маёй сядзiбе праводзiла форум таварыства iнвалiдаў. З размоў з iмi мне стала зразумела, што падобнай магчымасцi адпачыць у iх няма. Мы маглi б спалучыць аздараўленне з навучаннем, наладзiць майстар-класы па лозапляценню, саломцы. Пра гэта Мiлаградскi-Чарненка вядзе зараз перамовы з органамi сацыяльнай абароны. Вядома, што цалкам аплацiць сваё знаходжанне ў турыстычнай вёсцы iнвалiду не пад сiлу. Разам з тым сабекошт такога аздараўлення, паводле падлiкаў Сяргея Пятровiча, у разы меншы, чым у доме адпачынку. А якасць паслуг, камфорт i сэрвiс — больш высокiя. Да таго ж, гэта магчымасць адпачыць у коле сваiх сяброў, завесцi новыя знаёмствы, атрымаць новыя веды i навыкi. Летась разам з сельскiм Саветам Мiлаградскi i Жулаевы правялi музычны фестываль у Горвалi. Заробленыя сродкi накiравалi таварыству iнвалiдаў. Сёлета, у канцы мая—пачатку чэрвеня, яны збiраюцца зноў правесцi падобны фэст. Мiлаградскi разумее, што да ажыццяўлення задумы трэба iсцi рашуча i разам з тым паступова — крок за крокам. Каб зразумець спецыфiку абслугоўвання iнвалiдаў, каб зрабiць для iх сваё iмя знаёмым. Чалавек справы, ён не хавае, што разлiчвае i на пэўныя дывiдэнды: «Калi ўсё атрымаецца, то гэта паслужыць цудоўнай рэкламай i маёй сядзiбы, i Рэчыцы, i Гомельшчыны». Мiлаградскi ўвогуле адчувае сваю асабiстую адказнасць за развiццё турызму ў вобласцi. — Для развiцця вясковага турызму мы выкарыстоўваем класцерную мадэль, — знаёмiць ён мяне з новым словам. — Гэта значыць, цэнтрам з’яўляецца нейкая сядзiба, напрыклад, мая, а навокал — пэўныя аб’екты, якiя дазваляюць мне арганiзоўваць адпачынак. Напрыклад, суседнi конезавод, дзе можна браць коней напракат, сельскi клуб, дзе можна праводзiць розныя мерапрыемствы, база адпачынку ў Горвалi, дзе можна размясцiць групу да 40 чалавек... I чым больш будзе ў Рэчыцкiм раёне сядзiб, якiя будуць прымаць турыстаў, тым больш яны будуць садзейнiчаць адна адной i развiццю турызму ў рэгiёне ў цэлым. Тады мне ўжо не давядзецца адмаўляць людзям, якiя мне тэлефануюць. Калi ў мяне няма свабодных месцаў, я змагу прапанаваць iм суседнюю сядзiбу. Сяргей Мiлаградскi нiколi не выбiрае гасцей, ён прымае ўсiх, хто жадае да яго прыехаць i iмкнецца для ўсiх стварыць аднолькава высакакласныя ўмовы, з улiкам узросту i iнтарэсаў кампанii. Для людзей маладых прапаноўвае экстрым, знаёмiць з вясковым побытам, навучае старадаўнiм рамёствам. Для сталых — пешыя сцежкi, для застолля — кухня чатырох краiн. Мiлаградскi цвёрда ўпэўнены, што для гаспадара вясковай сядзiбы важна ўмець клапацiцца пра госця адначасова далiкатна i ўважлiва. Надзвычай шкоднай для iмiджу справы ён лiчыць практыку, калi гаспадары здаюць сядзiбу кампанii i сыходзяць. Ён таксама супраць высокiх цэнаў. На яго думку, гэта толькi апошлiць iдэю: — Канешне, на хвалi, гады тры, можна пратрымацца, але калi мы не заваюем пастаяннага клiента, калi не здолеем яму падарыць душэўную радасць, тады агратурызм не будзе мець будучынi. У сваёй справе Мiлаградскi-Чарненка не адзiнокi. Яго падтрымлiваюць не толькi сябры, але i раённыя ўлады, у прыватнасцi старшы iнспектар аддзела спорту i турызму Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Свiцянкоў. Сяргей Пятровiч схiляе галаву перад Валерыяй Клiцуновай, якая аб’яднала вакол сябе гаспадароў сядзiб, шмат зрабiла i робiць для папулярызацыi вясковага турызму, для яго прававой абароны i развiцця. У гэтай сферы надзвычай важна супрацоўнiцтва ўсiх звёнаў улады, грамадскiх аб’яднанняў, турыстычных аператараў i самiх прыватнiкаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Мiлаградскi, ён жа — Сяргей Пятровiч Чарненка, лiчыць сябе адным з першых, хто на Беларусi пачаў займацца вясковым турызмам. Ён у сваёй сядзiбе |
|