Сiла — у ведах. А веды — за грошы?
Надзея НIКАЛАЕВА
Вырашана рэпетытарства легалiзаваць, а ў дашкольных установах увесцi пасаду педагогаў-гувернёраў
Цi могуць школьныя педагогi перахапiць iнiцыятыву ў рэпетытараў? Чаму репетытарства з’яўляецца ў нашай краiне ценявым бiзнэсам? Цi могуць школы займацца падрыхтоўкай сваiх вучняў да паступлення ў ВНУ на дагаворнай аснове? Гэтыя пытаннi паставiў на калегii свайго ведамства мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў. А тэмай размовы стала развiццё ў сiстэме адукацыi платных паслуг. «Ва ўсiм свеце даўно зразумелi, што самае выгаднае ўкладанне сродкаў — укладанне iх у адукацыю, — падкрэслiў мiнiстр. — Запатрабаванасць адукацыйных паслуг сёння каласальная, i мы павiнны максiмальна iх развiваць, каб задаволiць попыт насельнiцтва». Усяго ў 2006 годзе ўстановамi адукацыi аказвалася 50 вiдаў платных паслуг. У параўнаннi з 2000 годам колькасць вiдаў паслуг павялiчылася больш чым у 2,5 раза. Мiж iншым, упершыню за апошнiя 5 гадоў прагнозны паказчык тэмпа росту платных паслуг не ўдалося выканаць. Прычыны агучыла начальнiк упраўлення сацыяльна-эканамiчнага развiцця мiнiстэрства Лiдзiя Субоцкая. Самая галоўная прычына — гэта стан матэрыяльна-тэхнiчнай базы нашых навучальных устаноў, дзе не хапае вучэбных i лабараторных плошчаў, адчуваецца (асаблiва ў сталiцы) востры дэфiцыт месцаў у студэнцкiх iнтэрнатах. Заплацiць за навучанне свайго дзiцяцi ды яшчэ i за арэнду пакоя ў кватэры могуць далёка не ўсе беларускiя сем’i. А замежных грамадзян, якiя хочуць атрымлiваць вышэйшую адукацыю ў беларускiх ВНУ, умовы пражывання ў нашых студэнцкiх iнтэрнатах катэгарычна не задавальняюць. Яшчэ адна прычына — дэмаграфiчная яма, у якой мы апынулiся. Упершыню ў 2006 годзе адбылося змяншэнне прыёму на платную завочную форму навучання. Прычынамi сталi таксама адмена ў краiне платнага цэнтралiзаванага тэсцiравання, скарачэнне плана падрыхтоўкi спецыялiстаў па асобных запатрабаваных моладдзю спецыяльнасцях (эканамiчных i юрыдычных), увядзенне лiцэнзiйных патрабаванняў да максiмальнай колькасцi студэнтаў i навучэнцаў-платнiкаў, i ўстанаўленне прагнознага паказчыка iнфляцыi. Мiж iншым, асноўную частку заробленых грошай у сiстэме адукацыi складаюць даходы вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, атрыманыя ад падрыхтоўкi спецыялiстаў на платнай аснове. У 2006 годзе сярэднi кошт навучання ў ВНУ, падпарадкаваных Мiнiстэрству адукацыi, склаў 940 долараў ЗША на дзённай i 443 долары — на завочнай форме навучання. У ССНУ сярэднi кошт навучання склаў 570 долараў ЗША на дзённай i 228 долараў — на завочнай. У той жа час для падрыхтоўкi на дзённай форме навучання сярэднестатыстычнага студэнта-бюджэтнiка патрабавалася сума ў 1360 долараў ЗША без улiку выплаты стыпендыi, а навучэнца ССНУ — 1121 долар ЗША, зноў без улiку выплаты стыпендыi. Самы высокi кошт навучання ( 2098 долараў ЗША) устаноўлены на спецыяльнасцях «Лячэбная справа» i «Педыятрыя» ў Вiцебскiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце, на спецыяльнасцях «Мiжнароднае права», «Мiжнародныя адносiны», «Сусветная эканомiка», «Правазнаўства», «Эканамiчнае права» i «Мытная справа» ў БДУ (1636 долараў ЗША), а таксама на спецыяльнасцях «Лiнгвiст, выкладчык англiйскай i нямецкай мовы», «Перакладчык-рэферэнт» у Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэце — 1586 долараў. У сярэднiх спецыяльных навучальных установах самы высокi кошт навучання ўстаноўлены ў Гродзенскiм педагагiчным каледжы на спецыяльнасцi «Музычная адукацыя» (1140 долараў ЗША) i юрыдычным каледжы БДУ на спецыяльнасцi «Правазнаўства» (1051 долар ЗША). Параўнальны аналiз кошту падрыхтоўкi спецыялiста за кошт сродкаў бюджэту i на платнай аснове паказаў, што толькi ў 6 ВНУ на асобных спецыяльнасцях устаноўлены кошт, якi перавышае выдаткi бюджэту на падрыхтоўку спецыялiста. У 16 ВНУ кошт складае 70 i больш працэнтаў, а ў 6 ВНУ ён не дацягвае нават да 70 працэнтаў. Сярод ССНУ толькi ў адной навучальнай установе кошт платы за навучанне перавышае выдаткi бюджэту на падрыхтоўку спецыялiста. У 17 ССНУ ён вагаецца ад 50 да 70 працэнтаў, а ў 18 — складае менш за 50 працэнтаў. Узровень рэнтабельнасцi пры вызначэннi кошту платнай падрыхтоўкi спецыялiстаў у гэтым навучальным годзе ў падпарадкаваных Мiнадукацыi ВНУ склаў у сярэднiм 17,2 працэнта. Без улiку прыбытку сфармiраваны кошт на асобных спецыяльнасцях у БДУ, БНТУ, Беларуска-Расiйскiм унiверсiтэце, Вiцебскiм i Гродзенскiм дзяржаўных унiверсiтэтах. Максiмальна дазволеная 30-працэнтная рэнтабельнасць устаноўлена пры вызначэннi кошту навучання па асобных спецыяльнасцях у 13 ВНУ. Фактарамi, якiя стрымлiваюць павелiчэнне кошту навучання, з’яўляецца не толькi стан матэрыяльна-тэхнiчнай базы, але i ўстанаўленне прагнознага паказчыка iнфляцыi (у 2007 годзе — 0,5 працэнта ў месяц), i, што немалаважна, плацежаздольнасць насельнiцтва. Аляксандр Радзькоў прапанаваў эканамiчна адрэгуляваць кошт навучання ў залежнасцi ад патрэбы нашай дзяржавы ў тых цi iншых спецыялiстах. Скажам, сёння ў школах адчуваецца востры недахоп фiзiкаў, матэматыкаў i настаўнiкаў iнфарматыкi, затое ўсе iмкнуцца паступаць на спецыяльнасцi, звязаныя з выкладаннем замежных моў, мiжнароднай эканомiкай i правам. Магчыма, там трэба ўстанавiць такi высокi кошт, каб пакрываць выдаткi на падрыхтоўку патрэбных народнай гаспадарцы спецыялiстаў, а для апошнiх устанавiць мiнiмальную плату за навучанне. Лiдзiя Субоцкая выказалася за закрыццё прыёму ў ВНУ на некаторыя спецыяльнасцi на бюджэтнай аснове, дзе iснуе перавытворчасць кадраў, i пакiнуць там навучанне толькi на платнай аснове. А вызваленыя бюджэтныя сродкi выкарыстаць для адкрыцця новых спецыяльнасцяў. Цяперашнiх студэнтаў наўрад цi абрадуе намер Мiнiстэрства адукацыi ўвесцi плату за прапушчаныя студэнтамi-бюджэтнiкамi вучэбна-лабараторныя заняткi, а таксама пераздачу экзаменаў i залiкаў. Зараз спецыялiсты Мiнiстэрства працуюць над юрыдычным i эканамiчным бокам гэтага пытання. Што датычыцца ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыi, то Закон Рэспублікi Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыi» забараняе ўстанаўлiваць для iх нарматывы планавання даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасцi, у тым лiку i па аказанню платных паслуг. Аднак, як заўважыў мiнiстр, закон i не забараняе аказваць у агульнаадукацыйных установах платныя паслугi. Летась установамi агульнай сярэдняй адукацыi было аказана платных паслуг на агульную суму 13 млрд рублёў, i калi параўноваць гэту лiчбу з iншымi ўзроўнямi адукацыi, атрымлiваецца вельмi нязначная сума. Разам з тым, на думку Лiдзii Субоцкай, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыi маюцца вельмi добрыя рэзервы для развiцця платных паслуг: добрая матэрыяльна-тэхнiчная база i кадравы патэнцыял. — Мы падлiчылi, што прыкладна 50 працэнтаў абiтурыентаў ВНУ i 20 працэнтаў абiтурыентаў ССНУ карыстаюцца паслугамi рэпетытараў, — падзялiлася сваiмi разважаннямi Лiдзiя Субоцкая. — Асаблiва актывiзуецца рэпетытарства за паўгода да старту прыёмнай кампанii. Калi б нам удалося перавесцi рэпетытарства на базу агульных сярэднiх, вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, то мы маглi б дадаткова зарабiць больш як 4 млрд рублёў. Пры гэтым мы ўзялi толькi 2 гадзiны заняткаў у тыдзень i мiнiмальную суму за адну гадзiну заняткаў — 3 долары ЗША. У газеце «Ва-Банкъ» ёсць спецыяльная старонка, дзе рэкламуюцца адукацыйныя паслугi. Акрамя рэкламы Рэспублiканскага iнстытута прафесiйнай адукацыi i Акадэмii паслядыпломнай адукацыi, я там больш прадстаўнiкоў дзяржаўных устаноў адукацыi не знайшла. У асноўным рынак платных адукацыйных паслуг захоплены прыватнiкамi. Але, як высветлiлася, у аказаннi платных адукацыйных паслуг ёсць i падводныя камянi. Па-першае, калi размова iдзе аб падрыхтоўцы да паступлення, то бацькi аддаюць перавагу iндывiдуальным заняткам. Па-другое, iндывiдуальныя платныя заняткi прыносяць школам толькi галаўны боль. Паводле слоў начальнiка фiнансава-эканамiчнага аддзела ўпраўлення адукацыi Магiлёўскага аблвыканкама Вiктара Кiшкеля, у школах Ленiнскага раёна горада Магiлёва арганiзаваныя iндывiдуальныя платныя заняткi. Кошт заняткаў складае 8 тысяч 280 рублёў. У яго ўваходзiць заработная плата педагога (4821 рубель), налiчэннi на яе, выдаткi на аплату камунальных паслуг, падаткi, непадатковыя плацяжы i г.д. У вынiку навучальная ўстанова атрымлiвае чысты прыбытак у 288 рублёў. Дык цi можна лiчыць гэту суму прыбыткам? У чым заключаецца карысць для школы? А рэпетытар проста цiхенька пакладзе ў кiшэню заробленыя грошы i нi з кiм не стане дзялiцца. На думку Вiктара Кiшкеля, дзеючая сiстэма падаткаабкладання не спрыяе развiццю платных паслуг. Да таго ж пры распрацоўцы планаў па аказанню платных паслуг трэба ўлiчваць дэмаграфiчную сiтуацыю, а таксама тэрытарыяльную спецыфiку. У Магiлёўскай вобласцi пачынаючы з 1999/2000 навучальнага года кантынгент навучэнцаў школ i выхаванцаў дашкольных устаноў змяншаецца штогод на 5—8 тысяч чалавек. Групы ў сельскiх дзiцячых садках i класы ў школах — малакамплектныя. Напаўняльнасць тых жа класаў складае ўсяго 5—8 чалавек. А сельскiх школ — 69 працэнтаў ад агульнай колькасцi школ у вобласцi. Дадзеная малакамплектнасць не дазваляе забяспечыць напаўняльнасць нават тых гурткоў, якiя прадугледжаны за кошт гадзiн школьнага кампанента. А не забяспечыўшы напаўняльнасць гэтых гурткоў, нельга адкрываць платныя. Да таго ж i плацежаздольнасць вяскоўцаў даволi нiзкая. У дзiцячых дашкольных установах да найбольш перспектыўных платных паслуг адносяць стварэнне груп кароткачасовага знаходжання i арганiзацыю дадатковага знаходжання дзiцяцi ў садку ў выхадныя днi, у вячэрнi час i нават у начныя гадзiны. — Мы лiчым, што такiя паслугi педагогi могуць аказваць у тым лiку i дома, калi ёсць у гэтым патрэба, — падкрэслiў Вiктар Кiшкель. — Для дзiцяцi выхавальнiк — блiзкi чалавек. I бацькам не давядзецца за сваё дзiця хвалявацца. Але трэба распрацаваць iнструкцыю па арганiзацыi гэтага вiду платных паслуг, а таксама палажэнне аб аплаце працы педагога-гувернёра. Падчас дыскусii аб перспектывах пераводу рэпетытарства, так бы мовiць, на легальную аснову, была выказана i наступная трывожная думка. А цi не атрымаецца так, што асобныя школьныя настаўнiкi будуць вымушаць дзяцей хадзiць на платныя iндывiдуальныя заняткi пад пагрозай атрымання ў атэстаце больш нiзкай адзнакi. Асаблiва цяпер, калi сярэднi бал школьнага атэстата бярэцца пад увагу пры паступленнi. Тут ёсць над чым задумацца...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вырашана рэпетытарства легалiзаваць, а ў дашкольных установах увесцi пасаду педагогаў-гувернёраў |
|