Штрафуе суд. Але не кiраўнiк
Сяргей ГРЫБ
Працоўны час i ўмовы працы, звальненнi i дысцыплiнарная адказнасць, водпускi i кантракты — на гэтыя і іншыя пытаннi нашых чытачоў адказваюць дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Анатоль Пятровiч САДАЎНIЧЫ, намеснiк начальнiка ўпраўлення прававога забеспячэння i кантролю дэпартамента Вадзiм Якаўлевiч БРАТАШ, а таксама начальнiк Магiлёўскага абласнога ўпраўлення дэпартамента Аляксей Iванавiч КНЯЗIЎ.
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 20 і 21 чэрвеня). — Хутка дзiцяцi споўнiцца 2 гады, пасля чаго маю намер вярнуцца на работу. Цi павiнны мяне прыняць з улiкам таго, што на маiм месцы зараз працуе iншы чалавек? Галiна Рыгораўна — На час водпуску па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў за жанчынай захоўваецца яе ранейшае працоўнае месца. I ў выпадку, калi такая жанчына вырашае перапынiць водпуск па догляду, гэта можна зрабiць у любы дзень — дастаткова толькi папярэдне падаць пiсьмовую заяву. Таму калi наймальнiк прымае на месца «дэкрэтнiцы» iншага чалавека, то з iм заключаецца часовы працоўны дагавор, што ў сваю чаргу павiнен скасоўвацца за дзень да выхаду асноўнага работнiка — жанчыны, якая знаходзiлася ў водпуску па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў. — Наколькi я ведаю, у сувязi з пераводам на кантракт аклад можа павышацца напалову. Чаму ж у такiм разе ў мяне гэта павышэнне аказалася такiм маленькiм — усяго 1 працэнт? Святлана Барысаўна Малахоўская — Сапраўды, згодна з Дэкрэтам № 29 ад 26 лiпеня 1999 года, пры пераводзе работнiка на кантракт яму павiнны прадастаўляцца наступныя стымулы: дадатковы водпуск працягласцю да 5 каляндарных дзён i павышэнне тарыфнай стаўкi да 50 працэнтаў. Разам з тым трэба заўважыць, што гэта — максiмальная «планка». Што да «планкi» мiнiмальнай, то яе па сутнасцi няма. Таму, з улiкам фiнансавых магчымасцяў канкрэтнай арганiзацыi, аклад можа павялiчвацца i на 1, i нават на 0,1 працэнта. I гэта не з’яўляецца парушэннем Дэкрэта. — Колькi гадзiн дазваляецца гандляваць на рынку пры высокай цi наадварот — нiзкай тэмпературы паветра? Iрына Мiкалаеўна, г. Магiлёў — Працягласць знаходжання на працоўных месцах на адкрытым паветры па-за вытворчымi памяшканнямi санiтарнымi правiламi i нормамi не рэгулюецца. Што да месцаў у вытворчых памяшканнях, то тут з мэтай абароны ад перагравання цi пераахалоджвання час работы абмежаваны велiчынямi, вызначанымi СанПiНам 9-80 РБ 98. Да слова, у дадзеным выпадку бяруцца пад увагу такiя паказчыкi мiкраклiмату, як тэмпература паветра, тэмпература паверхняў, адносная вiльготнасць i хуткасць руху паветра. Прычым павiнен рабiцца замер гэтых паказчыкаў — у днi з адхiленнямi прынамсi на 5 градусаў ад сярэдняй тэмпературы найбольш халоднага цi найбольш спякотнага месяца года. — Адкажыце, калi ласка, цi мае права кiраўнiк прыватнай фiрмы накладваць штрафы за спазненне на работу? Аксана Пятроўна — Адназначна — не. I пры гэтым незалежна ад формы ўласнасцi арганiзацыi. Сапраўды, спазненне на работу з’яўляецца дысцыплiнарным праступкам, за якi наймальнiк можа ўжыць меры дысцыплiнарнага спагнання. I ў тым лiку — цалкам або часткова пазбавiць прэмii. Аднак штраф можа накладвацца згодна з Кодэксам аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях цi Крымiнальным кодэксам толькi ўпаўнаважанымi асобамi цi судамi. I нi ў якiм разе не кiраўнiком. — Працую ў прыватнай фiрме, а пытаннi адразу два. Па-першае, якiя вызначаны памеры сутачных пры паездках у Расiю? I па-другое: цi могуць камандзiровачныя выплачвацца праз два—тры месяцы пасля службовай паездкi? Iгар, г. Бабруйск — Так званыя «сутачныя» пры службовых паездках у Расiйскую Федэрацыю вызначаны ў 20, а пры паездках канкрэтна ў Маскву i Санкт-Пецярбург — у 25 долараў ЗША. Пры гэтым пры накiраваннi работнiка за мяжу наймальнiк абавязаны выдаць аванс у замежнай валюце i кампенсаваць выдаткi па праезду на месца прызначэння i назад, па пражыванню (сутачныя), па найму жылога памяшкання, а таксама iншыя выдаткi, што ўтварылiся са згоды цi з ведама наймальнiка. Прычым недзяржаўныя арганiзацыi могуць рабiць выплату авансу на кампенсацыю сутачных выдаткаў i выдаткаў па найму жылля i па iншых, самастойна вызначаных нормах. Разам з тым падкрэслiм: гэтыя нормы не могуць быць нiжэй, чым у арганiзацый, што фiнансуюцца з бюджэту i карыстаюцца дзяржаўнымi датацыямi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працоўны час i ўмовы працы, звальненнi i дысцыплiнарная адказнасць, водпускi i кантракты — на гэтыя і іншыя пытаннi нашых чытачоў адказваюць дырэктар |
|