«Крыён-Агра»: так трымаць i далей!— Ну, так добра гэты год пачалi. I пасеялi ў самы сцiслы тэрмiн, i ўсё па агратэхнiцы... Добрага ўраджаю чакалi. Але засушыла, выпалiла палеткi. Вось i будзь багатым... Гэтыя словы гаварыла начальнiк планава-эканамiчнага аддзела гаспадаркi «Крыён-Агра» (Дзяржынскi раён) Ала Якубоўская. I сапраўды, нямала дзе вельмi сумную карцiну ўяўлялi палеткi гаспадаркi, на якiх зялёныя пасевы чаргавалiся з вялiзнымi жоўтымi плямамi нiзкарослых выгаралых раслiн. Iм ужо не парадаваць сельскага працаўнiка важкiм коласам. Пры гэтым асаблiва дасталася ячменю. А ў «Крыёне-Агра» разлiчвалi ўзяць сёлета па 35 цэнтнераў з гектара. Можа, для каго iншага гэта i не паказчык, а для гаспадаркi «Крыён-Агра» — вельмi добра. Бальнасць зямлi тут, або яе ўрадлiвасць, на самым нiзкiм, крытычным узроўнi — 25 балаў пры сярэдняй па раёну 36. Працаўнiкi «Крыёна-Агра» нават называюць свае мясцiны анамальнымi. Калi i прайшоў дождж — усё, як у пясок. Прычым менавiта так i атрымлiваецца — глебы тут амаль скрозь пясчаныя. А тут яшчэ i таго дажджу не дачакацца, i прыпякло гэтак. Аднак як залежыць наш сельскi працаўнiк ад надвор’я, i як часта бываюць далёкiя ад яго летнiх клопатаў i трывог многiя з нас, гараджан, для каго, можа, i тое ж пякельнае сонца толькi ў радасць... Ва ўсiм гэтым знайшлiся i добрыя энтузiясты. Асноўны ўхiл у гаспадарцы зрабiлi на вытворчасць малака i мяса, пры гэтым вытворчасць мяса пераважна заснавана на развiццi свiнагадоўлi. Безумоўна, найгалоўнейшы iнiцыятар i спецыялiст ва ўсёй гэтай справе — загадчык фермы Мiхаiл Макарэвiч. Дарэчы, чаму «фермы»? Загадчык фермаў — у Мiхаiла Макарэвiча iх тры: два адкормачнiкi i ферма матачнага пагалоўя. Два гады таму ён i ўзяўся разгарнуць усю справу. Практычна, як адзначаюць у гаспадарцы, пачалi з нуля. У ёй на той час было 200 галоў, цяпер жа — 1300. — Калi пачыналi, то многiя сумнявалiся, што справа пойдзе. Трэба было пераабсталёўваць, прыстасоўваць старыя жывёлагадоўчыя памяшканнi, наладжваць кармленне, прычым згодна з новымi тэхналогiямi, i г.д. Па сутнасцi, гэта была зусiм новая для нас справа, прычым трэба было ўжо ў хуткiм часе давесцi колькасць пагалоўя не меней чым да тысячы. Толькi тады гэта справа была вартая таго, каб можна было ёй займацца, эфектыўна займацца, каб быў прыбытак. Увогуле, калi пачыналi, прыязджалi да нас спецыялiсты з раёна, i раённы галоўны ветурач пра наша памяшканне, якое мы прыстасавалi для вырошчвання ў iм свiней, сказаў: маўляў, варта было б знесцi яго, забетанаваць гэта месца ды i забыцца пра ўсё. А я тады адказаў: «А час пакажа», — расказваў Мiхаiл Макарэвiч. — I вось, калi ласка, у нас цяпер для свiней i «шведскi» стол, i найбольш прыемныя рацыёны, i iншыя зручнасцi — толькi i ведайце, што нагульвайце для гаспадаркi добрае мяса... Пра тое, як ставiцца да сваёй справы Мiхаiл Макарэвiч, пэўным чынам сведчыць такi факт: фермы ў гаспадарцы раскiданыя адна ад адной на многiя кiламетры, а не шкодзiць штодня наведаць кожную з iх. Наведвае. На сваёй уласнай машыне. Прычым выдзяляюць яму для гэтых паездак 70 лiтраў бензiну (лiмiт) — спальвае намнога больш, але ўжо астатняе пакрывае за кошт уласных сродкаў. Нехта, маючы на ўвазе асобныя тонкасцi стаўлення ў вёсцы да сваёй i да калектыўнай уласнасцi, можа сказаць: «Дзiвак». А ён сапраўды даволi цiкавы чалавек. Ён, напэўна, змог бы напiсаць пра сваю справу цэлую дысертацыю. Дарэчы, вось адно з яго меркаванняў: калi чалавек на ўласным падворку не можа курыцу выгадаваць, дык няма яму чаго i рабiць у жывёлагадоўлi. Пытаюся ў Мiхаiла Макарэвiча: «А ў вас не абкрадваюць жывёлу, як гэта, не сакрэт, часам бывае ў некаторых iншых гаспадарках?». Адказвае: «А навошта тады загадчык фермы? Увогуле, трэба рабiць сваю справу ад душы, тады i дурных думак не будзе, i вынiк будзе». Вынiк, сапраўды, ёсць. I вельмi неблагi. Ад свайго немалога пагалоўя ў фiлiяле штомесяц атрымлiваюць каля 20 тон мяса. Дакладней, могуць атрымлiваць. Вось, аказваецца, закавыка: навучылiся ў «Крыёне-Агра» вырошчваць добрых свiней, дабiлiся высокiх прываг (штосутачна каля 540 грамаў), i раптам на табе — праблемы са збытам. Гэтыя праблемы з’явiлiся сёлета i збiваюць з рытму ўвесь адкормачны канвеер. «Перанасычэнне айчыннага рынку свiнiнай адбылося, яна завiсае», — каментуе сiтуацыю Мiхаiл Макарэвiч. Можа, i так. Праўда, шчыра сказаць, многiя нашы грамадзяне не так ужо i перанасычаюцца мяснымi прадуктамi. Але гэта ўжо iншае пытанне, i яно менш за ўсё датычыцца Мiхаiла Макарэвiча i яго справы. У заключэнне гэтай тэмы варта сказаць пра звышзадачу Мiхаiла Макарэвiча — атрымлiваць ад кожнай свiнаматкi свайго немалога матачнага пагалоўя па 10 парасят. Звычайна, як зазначаў сам Макарэвiч, 9 — гэта ўжо вялiкае дасягненне. «Крыён-Агра», як зразумела ўжо са сказанага вышэй, няблага рушыў наперад i ў вытворчасцi малака. Тут немалы малочны статак, у iм 710 кароў, ад кожнай з iх у гаспадарцы надойваюць больш за 16 лiтраў, прычым з прыбаўкай да мiнулага года. Каб не «згубiць» малако падчас сёлетняй спёкi (пашы таксама выгараюць, травы страчваюць сваю сакавiтасць), тут арганiзавалi падкормку жывёлы, у яе рацыён увялi пратэiн. Як зазначыў намеснiк дырэктара фiлiяла па жывёлагадоўлi Аляксандр Сiняк, статак у iм за апошнi год iстотна, на 38 працэнтаў, амаладзiлi. Сёлета ў гаспадарцы паставiлi задачу надаiць ад каровы па 5640 кiлаграмаў; у мiнулым годзе было 4782. Каб мець добрае малако круглы год, у «Крыёне-Агра» цяпер па-сапраўднаму клапоцяцца i пра нарыхтоўку кармоў. Тут сёлета ўжо заклалi на сянаж першы добры ўкос, нарыхтавалi нямала сена; за нарыхтоўку кармоў гаспадарку нават адзначылi ў раёне. Працягваюць у фiлiяле i яго далейшае тэхнiчнае аснашчэнне. А ў блiжэйшых планах — набыццё ўжо няблага вядомага сярод сельскiх працаўнiкоў эфектыўнага самаходнага агрэгата (гэты агрэгат створаны не так даўно), з дапамогай якога можна апрацоўваць любыя пасевы, не наносячы iм нiякай шкоды. Гэты агрэгат лёгкi, i пасевы пасля яго праходжання ўжо хутка выпрамляюцца. Ён таксама хуткi ў рабоце, спажывае мала палiва. Яго прымяненне ў некалькi разоў таннейшае, чым, напрыклад, арэнда для адпаведных жа мэтаў сельскагаспадарчай авiяцыi. Як кажуць у гаспадарцы, у мiнулым годзе самалёт над iх палямi трохi палятаў — i 12 мiльёнаў выклалi. Практычна за ўсiмi набыткамi гаспадаркi, вядома ж, стаiць асноўны, мiнскi, «Крыён». Але ўвесь час так працягвацца не можа. Гэта добра разумеюць у «Крыёне-Агра» i, як асаблiва падкрэслiвалi ў гаспадарцы, у ёй сёлета ўжо 4 месяцы плацiлi заработную плату з уласна заробленых сродкаў, а не з касы рабочага «Крыёна», як раней. Цяперашняя стратэгiчная мэта фiлiяла — выйсцi на цалкам бясстратную работу, зарабляць на далейшае развiццё, на жыццё самастойна. Як падкрэслiвала начальнiк планава-эканамiчнага аддзела Ала Якубоўская, ужо нямала чаго робiцца ў гэтым плане. А першачарговую ўвагу звярнулi на жорсткую эканомiю сродкаў i матэрыяльна-тэхнiчных рэсурсаў. У прыватнасцi, увялi строгiя лiмiты на выкарыстанне палiва i запчастак. I ўжо, напрыклад, за май на 6,6 тоны, або на 16 працэнтаў, зрасходавалi менш, чым у мiнулым годзе, дызельнага палiва; на 3 тоны (на 23 працэнты) — менш бензiну. «Каб выйсцi на ўстойлiва рэнтабельную работу, — падкрэслiваюць у «Крыёне-Агра», — трэба або пры тых жа выдатках, што ёсць, павялiчыць вытворчасць прадукцыi, або змяншаць гэтыя выдаткi. Мы адначасова робiм i адно, i другое»... Праўда, вось толькi тое ж надвор’е ўносiць гэткiя iстотныя карэктывы ва ўсе планы сельскiх крыёнаўцаў, а разам з тым, вядома, вымагае i дадатковых рэсурсаў ужо з боку рабочага «Крыёна». Як з жалем гаварыла галоўны аграном фiлiяла Алена Афанасенка, ад сёлетняй спёкi ўжо беззваротна страчана па 10—15 працэнтаў збожжавых на гектары, i цяпер у планах працаўнiкоў «Крыёна-Агра» «хоць бы ўзяць леташняе». Праўда, нягледзячы на тыя ж пагодныя анамалii, у гаспадарцы, на час яе наведвання, прывычна рабiлi сваю работу: апрацоўвалi бульбу супраць жукоў, звозiлi ў гумно сена i г.д. Калi не рабiць гэту работу i толькi наракаць на надвор’е, вядома ж, нiчога ўвогуле не возьмеш. *** У нашым расказе пра сённяшнiя справы «Крыёна-Агра» нельга таксама абысцi асобныя, так бы мовiць, казытлiвыя пытаннi. Першае з iх датычыцца дзяржзаказу на збожжа. Зжаў, намалацiў яго — пэўную колькасць прадай дзяржаве (для «Крыёна-Агра» гэта, як правiла, 600 тысяч тон). Прычым па строга вызначаных цэнах, якiя часам нават не пакрываюць адпаведна зробленыя выдаткi. А так складваецца сiтуацыя менавiта для «Крыёна-Агра», у якiм, нагадаем, зямля мае вельмi нiзкую бальнасць. Словам, сабекошт вырашчанага тут збожжа высокi. I ўраджаi не такiя ўжо вялiкiя; у цэлым валавы збор вагаецца ў межах 3 тысяч тон. Пры гэтым гаспадарцы патрэбна болей за 2,5 тысячы тон, каб рыхтаваць камбiкорм для сваёй жывёлы (а яго тут робяць самi). А яшчэ з таго небагатага ўраджаю трэба закласцi каля 500 тон на насенне, у страхавы фонд i г.д. Падвядзём свайго роду вынiк: прадаюць у «Крыёне-Агра» свае 600 тон, згодна з дзяржзаказам, па 160—175 тысяч рублёў за тону, а потым купляюць камбiкорм, бо свайго збожжа не хапае для прыгатавання свайго ж камбiкорму, па 400 тысяч рублёў за тону. Дзе тут эканамiчная логiка? «Вось i знiжай пасля гэтага сабекошт сваёй прадукцыi», — падкрэслiваюць у фiлiяле. I, дарэчы, тут ужо надвор’е абсалютна нi пры чым, хiба што яно зробiць сёлетнiя цэны на той жа камбiкорм яшчэ вышэйшымi. Наступнае пытанне — «цыбульнае». Згодна з адпаведнай праграмай, даводзяць фiлiялу пасевы цыбулi. Летась пасеялi 30 гектараў. Аднак пакуль знялi, пачысцiлi, пасушылi — апярэдзiлi працаўнiкi Гомельскай вобласцi, якiя забiлi ўсе базы ды рынкi сваёй цыбуляй, дарэчы, таксама «праграмнай» (зразумела, там можна вырасцiць хутчэй). Паўгода гаравалi ў фiлiяле са сваiм горам цыбульным, палавiну цыбулi страцiлi. Палiчылi «дэбiт-крэдыт» i атрымалася: выдаткавалi 52 мiльёны рублёў — 20 мiльёнаў зарабiлi. Аднак, здавалася, сумны вопыт таксама вучыць. Тым не меней даводзяць «Крыёну-Агра» з раёна тыя ж 30 цыбульных гектараў i на гэты год. Менавiта даводзяць, хоць сёння гэта i некалькi дзiўна гучыць. Праграма ж! Праўда, разам з тым абяцаюць дапамагчы са збытам. Аднак як бы нi ўлiпнуць «Крыёну-Агра» са сваёй цыбуляй зноў. I ўсё ж варта закончыць на больш аптымiстычнай ноце. Як сказана ўжо, пры новых гаспадарах многае змянiлася ў былым СВК да лепшага. Нам жа больш бачыцца тое, што новыя гаспадары могуць цяпер лепей за таго ж селянiна, за сябе пастаяць. Як у раёне, якому, нягледзячы на вышэйсказанае, ужо значна цяжэй абгрунтоўваць свае асобныя «дырэктывы», так i ў адносiнах з партнёрамi. Скажам, такi прыклад: мелi неасцярожнасць у «Крыёне-Агра» купiць цуда-сеялку, якую скляпалi на Брэсцкiм электрамеханiчным заводзе i якая нiводнага разу так i не змагла прайсцi па полi. Словам, аказалася недзеяздольнай. Яўна маглi б брэсцкiя «ўмельцы» са сваiмi юрыстамi, маркетынгам i г.д. адбiцца ад гэтага свайго цуда-экзэмпляра раней, пры СВК, а тут давялося забiраць ды вяртаць грошы. Карацей кажучы, на iх юрыстаў знайшоўся крыёнаўскi юрысконсульт — Генадзь Iгнацьеў... Так i далей трымаць, працаўнiкi «Крыёна-Агра». Уменне адстойваць сваю праўду i свае iнтарэсы ў нашым жыццi таксама нямала значыць. P.S. Аднак, здаецца, нарэшце пайшлi дажджы i, няйначай, трохi зменшылася трывога ў працаўнiкоў «Крыёна-Агра», працаўнiкоў многiх iншых гаспадарак. Але хiба толькi трохi. Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Ну, так добра гэты год пачалi. I пасеялi ў самы сцiслы тэрмiн, i ўсё па агратэхнiцы... Добрага ўраджаю чакалi. Але засушыла, выпалiла палеткi. Вось
|
|