Якога колеру аптымизм?
Святлана БАРЫСЕНКА
Даследаваннi паказваюць, што рызыка росту захворванняў па прычыне стрэсаў павялiчваецца штогод на 15 працэнтаў. Паводле слоў псiхолага, выкладчыка кафедры графiчнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Надзеi КАРОТКIНАЙ, чалавек паступова ўсведамляе, што неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць станоўчага ўздзеяння на сваё здароўе i здароўе блiзкiх. Правiльны падыход да выбару колераў у памяшканнi — адзiн з самых даступных i дзейсных спосабаў барацьбы са стрэсамi...
Не адно пакаленне фiлосафаў i вучоных спрабавала разгадаць уплыў колеру на мiкракосмас чалавека. Зараз вядома, што колер уплывае на працаздольнасць, жыццядзейнасць асобных органаў i сiстэм, самаадчуванне, апетыт i сон. Псiхолагi падзяляюць колеры на актыўныя i пасiўныя. Першыя — ярка-чырвоны, ярка-аранжавы, жоўты — ўзбуджаюць, «надаюць хуткасцi». Другiя больш разнастайныя па свайму ўздзеянню. Так, светлыя адценнi зялёнага, ружовага, блакiтнага i ў нейкай ступенi белы колер супакойваюць, зялёны i сiнi лiчацца нейтральнымi, лiловы i фiялетавы нараджаюць няўпэўненасць, трывогу, смутак, а цёмна-карычневы i чорны прыгнятаюць. Уздзеянне колеру на фiзiялогiю чалавека пацверджана эксперыментальным шляхам i залежыць ад колькасцi колеру, яго якасцi, часу ўздзеяння, асаблiвасцяў нервовай сiстэмы, узросту, полу i iншых фактараў. Асноўныя колеры характарызуюцца наступным чынам: белы — лёгкi; жоўты — лёгкi, цёплы, сухi; аранжавы — цёплы, сухi, крыклiвы, гучны; чырвоны — цяжкi, цёплы, сухi, крыклiвы, гучны; фiялетавы — цяжкi, сiнi — цяжкi, халодны, вiльготны, цiхi, спакойны; зялёны — халаднаваты, вiльготны, спакойны; блакiтны — лёгкi, вiльготны, цiхi, спакойны; карычневы — цяжкi, цёплы, вiльготны; чорны — цяжкi, сухi. Аптычнае ўздзеянне колеру праяўляецца ў iлюзiях, аптычных з’явах, якiя выклiкае колер, змяненнi знешняга выгляду прадметаў пад яго ўплывам. Так, белы цi жоўты як бы распаўсюджваюцца на размешчаныя побач з iмi больш цёмныя колеры i змяншаюць паверхнi. Жоўты колер «прыпадымае» паверхню, якая здаецца да таго ж большай. Чырвоны — наблiжае, блакiтны — аддаляе. Плоскасцi, пафарбаваныя ў цёмна-сiнi, фiялетавы i чорны колеры, зрокава змяншаюцца i iмкнуцца ўнiз. Зялёны колер — самы спакойны. З аптычнымi вартасцямi колеру цесна звязана псiхалагiчнае ўздзеянне — уплыў на пачуццi. Выбар любiмага колеру абумоўлены характарам, iндывiдуальнымi асаблiвасцямi ўспрыняцця. Вядомы наступны ланцужок колераў, складзены па меры змяншэння перавагi: блакiтны-белы-ружовы-пурпурны-чырвоны-зялёны-жоўты-аранжавы-карычневы-чорны. Сангвiнiкi аддаюць перавагу жоўта-зялёнай частцы спектра, халерыкi — чырвонай, меланхолiкi — фiялетава-сiняй, флегматыкi — сiне-зялёнай. Наогул ЧЫРВОНЫ — колер жыццярадаснасцi, сiлы, упэўненасцi, iдэльны «раздражняльнiк», з-за чаго i прызнаны самым сэксуальным. Адначасова ён агрэсiўны i ў вялiкай колькасцi прыгнятае, асаблiва меланхолiкаў. ЖОЎТЫ — гэта аптымiзм i бадзёрасць, цудоўна спалучаецца з iншымi колерамi, яго адценнi нiколi не нясуць у сабе адмоўнага зараду. АРАНЖАВЫ падыходзiць тым, хто хоча ўзмацнiць пачуццё цеплынi i жыццярадаснасцi. ЗЯЛЁНЫ — гармонiя, спрыяльнае ўздзеянне на халерыкаў. СIНI таксама выступае за спакой, расслабленне, надае асвяжальны эфект. Бледна-блакiтныя адценнi сiмвалiзуюць маладосць, марскiя — дасканаласць i бясконцасць, сiне-чорныя — аўтарытэт i ўладу. ФIЯЛЕТАВЫ — гэта эфект нечаканасцi (ад чырвонага адцення) i адначасова стрыманасць (ад сiняга). БЕЛЫ — паветранасць i бязважкасць. ЧОРНЫ цудоўна падкрэслiвае i вылучае iншыя колеры, аднак у дамiнанце ён сведчыць аб надзвычайнай арыгiнальнасцi i ў вялiкай колькасцi нараджае змрочны настрой. У iнтэр’еры выкарыстоўваюць чатыры асноўныя схемы колераў: аднакаляровая — выкарыстанне розных адценняў аднаго колеру, напрыклад, сцены — светла-сiнiя, а дэкаратыўныя элементы — цёмна-сiнiя; змешаная, калi спалучаюцца колеры хоць i розныя, але з аднаго спектра, напрыклад, сiнi, сiне-фiялетавы, сiне-зялёны; дадатковая — спалучэнне ўзаемна-процiлеглых колераў: чырвоны i зялёны, жоўты i фiялетавы i г.д., галоўнае, каб адзiн быў яркiм, а другi — прыглушаным; трохкаляровая, калi выкарыстоўваюцца роўнааддаленыя колеры спектра, напрыклад, жоўта-аранжавы, сiне-зялёны i чырвона-фiялетавы. Зразумела, што ў кожнага колеру — сваё месца ў кватэры, паколькi спальня павiнна спрыяць расслабленню (цёмны цi сiнi колеры), дзелавы кабiнет заклiканы танiзаваць з дапамогай жоўтага ў невялiкай колькасцi (поспехi ў перамовах, стымуляванне кампрамiсных рашэнняў), а кухня можа сустракаць i чырвоным колерам, калi тамтэйшыя гаспадары не баяцца абуджэння апетыту i пераядання. Любы колер у афармленнi i дызайне дома здольны ўплываць на псiхiку толькi ў тым выпадку, калi ён пераважае. Калi пераважае сiнi, можна гаварыць пра сiмвалiзм задаволенасцi i спакою. Сiнi плюс зялёны — бесканфлiктнасць. Перавага зялёнага ў спалучэннi з сiнiм сiмвалiзуе пазiтыўны эмацыянальны настрой, iмкненне да прызнання, поспеху ў справах. Пераважна чырвоны настройвае на актыўны лад, хоць можа пераўзбуджаць неўраўнаважаных людзей. Фiялетавы i ўсе яго адценнi можна парэкамендаваць для выкарыстання ў iнтэр’еры людзям спакойным, схiльным марыць. Жоўты стварае пазiтыўны эмацыянальны настрой i сімвалiзуе падтрымку тых жа дамачадцаў. Галоўны колер вялiкiх плоскасцяў хатняга iнтэр’ера — дываноў, гардзiн, сцен i г.д. не павiнен быць шэрым, карычневым, чорным. Шэры ў спалучэннi з чорным цi карычневым ўплывае на псiхiку вельмi негатыўна, i нiводзiн пазiтыўны колер ужо не «разбавiць» гэта ўражанне. Той жа карычневы пераважна правакуе напружанне, боязь адзiноты, страту веры ў сябе. Белы пераважна працуе досыць нейтральна, аднак на яго фоне мацней уплываюць на самаадчуванне iншыя колеры. Спалучэнне ж белага з чорным можа раздражняць, нараджаць пачуццё дыскамфорту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даследаваннi паказваюць, што рызыка росту захворванняў па прычыне стрэсаў павялiчваецца штогод на 15 працэнтаў |
|