Лакаматыў iнавацый
Сяргей КУРКАЧ
На кантролi ўрада Маленькi чырвона-жоўты блiскучы цеплавоз выцягваў з лесу па вузкакалейнай чыгунцы больш за дзесятак вагончыкаў з торфам. На ўзгорку цеплавоз цяжка пыхкаў, а на роўных участках шпарка бег ужо з хуткасцю 50 кiламетраў у гадзiну i цягнуў за сабой у вагонах больш за 100 тон торфу.На самай справе цеплавоз быў не зусiм новы, проста ён прайшоў паглыбленую мадэрнiзацыю на Барысаўскiм 140-м рамонтным заводзе, дзе ажыццяўлялася праграма па стварэнню iнавацыйных тэхналогiй. ПАЛIВА ПАД НАГАМI Днямi Прэзiдэнт Беларусi падпiсаў Дырэктыву № 3 «Эканомiя i беражлiвасць — галоўныя фактары эканамiчнай бяспекi дзяржавы». У асобных сектарах эканомiкi iдэi гэтага дакумента ажыццяўляюцца ўжо не першы год. — Сёлета гаспадаркi аб’яднання разлiчваюць атрымаць не менш як 2 мiльёны 808 тысяч тон торфу, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» начальнiк упраўлення тарфяной прамысловасцi Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалiвагаз» Вiкенцiй Кавалеўскi. — Практычна ўвесь гэты торф неабходна перавезцi на перапрацоўчыя прадпрыемствы менавiта вузкакалейным транспартам. Зараз грузаабарот аб’яднання складае 87 мiльёнаў тонакiламетраў па вывазцы торфу. Торф здабываецца на 31 прадпрыемстве, з якiх 27 гаспадарак выкарыстоўваюць вузкакалейкi. Увогуле па тэрыторыi краiны праходзiць сетка вузкакалейных чыгунак даўжынёй 660 кiламетраў плюс каля 100 кiламетраў часовых дарог такога тыпу. Замянiць маленькiя, але працавiтыя цеплавозы сёння немагчыма. Па плану да 2010 года аб’ём здабычы торфу павiнен павялiчыцца да 3 мiльёнаў 300 тысяч тон. Аб’ёмы перавозак будуць павялiчвацца адпаведна. ДРУГОЕ «НАРАДЖЭННЕ» ЛАКАМАТЫВАЎ У краiне 127 цеплавозаў на вузкай каляi, аднак яны ўжо даўно адслужылi свой тэхналагiчны рэсурс. Раней адзiным прадпрыемствам па выпуску вузкакалейных цеплавозаў быў Камбарскi машынабудаўнiчы завод. Аднак ужо на працягу 17 гадоў вытворчасць цеплавозаў там спынена, i рэспублiка такую тэхнiку ўжо больш не атрымлiвала. Рамонт лакаматываў i аднаўленне парка цеплавозаў стала сур’ёзнай праблемай для ВА «Белпалiвагаз». У чэрвенi 2005 года па даручэнню вiцэ-прэм’ера Беларусi Уладзiмiра Сямашкi аб’яднанне «Белпалiвагаз» заключыла дагавор з Барысаўскiм 140-м рамонтным заводам аб паглыбленай мадэрнiзацыi iснуючых у рэспублiцы цеплавозаў. У той жа год былi адрамантаваны першыя тры лакаматывы. Пасля абкаткi гэтай тэхнiкi механiзм мадэрнiзацыi быў удасканалены. Летась першыя 10 мадэрнiзаваных цеплавозаў былi пастаўлены аб’яднанню. Другi дзесятак лакаматываў атрымаў новае «жыццё» на заводзе сёлета, дзе да пачатку лiпеня пройдуць мадэрнiзацыю яшчэ апошнiя чатыры цеплавозы, што вызначана па ўмовах кантракта. ПРАЗ ПАРУ ГАДОЎ — АЙЧЫННЫ ЦЕПЛАВОЗ? У савецкiя часы 140-ы рамонтны завод займаўся выключна рамонтам ваеннай бронетэхнiкi. Саюза ўжо няма. Сёння рамонтныя заказы ваенных складаюць толькi да 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму вытворчасцi завода. — За апошнiя гады на заводзе ажыццяўляецца мадэрнiзацыя i паглыблены рамонт чыгуначнай тэхнiкi, — паведамiла карэспандэнту «Звязды» дырэктар завода Валянцiна Вiшнеўская. — За час супрацоўнiцтва з чыгункай было асвоена больш як 27 мадыфiкацый адпаведнай тэхнiкi. Усяго па заказу Беларускай чыгункi за апошнiя гады завод выканаў 185 заказаў па рамонту i мадэрнiзацыi буйной тэхнiкi. Даволi буйны заказ быў атрыманы ад торфаперапрацоўшчыкаў. Сёння 23 лакаматывы ўжо прайшлi мадэрнiзацыю i астатнiя будуць адпраўлены клiентам у блiжэйшы час. Разам з тым, на думку кiраўнiка завода, у спецыялiстаў аб’яднання «Белпалiвагаз» ёсць неабходнасць мадэрнiзаваць яшчэ каля 100 цеплавозаў. На заводзе ёсць неабходныя вытворчыя плошчы i вопыт работы, каб на працягу паўтара года правесцi мадэрнiзацыю астатнiх цеплавозаў — пры ўмове поўнага фiнансавання заказчыкам. Былое выключна ваеннае прадпрыемства сёння з’яўляецца ўнiкальным, бо на прасторы СНД толькi тут наладжана глыбокая мадэрнiзацыя старых цеплавозаў, рэсурс якiх аднаўляецца да 80 працэнтаў. Сёння ў Маскоўскай i Ленiнградскай абласцях шэраг прадпрыемстваў i арганiзацый пачалi актыўна разглядаць прапановы беларускага завода па рамонту iх цеплавозаў. Сур’ёзнымi распрацоўкамi ў гэтым накiрунку зацiкавiлiся асобныя арганiзацыi прыбалтыйскiх краiн i нават спецыялiсты Фiнляндыi, Нарвегii i Данii. Сёння сярод экспертаў чыгуначнай тэхнiкi ходзяць чуткi, што спецыялiсты 140-га рамонтнага завода праз некалькi гадоў маглi б наладзiць выпуск уласнага айчыннага лакаматыву. Мясцовыя Кулiбiны ў нашай краiне вырабляюць амаль усе агрэгаты гэтай тэхнiкi. Засталося ажыццявiць вытворчасць рамы цеплавоза i двух-трох не вельмi складаных пазiцый. Мінск-Барысаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маленькi чырвона-жоўты блiскучы цеплавоз выцягваў з лесу па вузкакалейнай чыгунцы больш за дзесятак вагончыкаў з торфам |
|