Гiбiскус i рэiнкарнацыя
Ганна КIСЛIЦЫНА
Дзённік бландзінкі Не ведаю, кiм я была ў мiнулым жыццi, але яно дакладна было звязана з такой раслiнай, як гiбiскус. У якую б цёплую краiну я не прыехала, заўсёды ён выклiкае ў мяне амаль рэлiгiйнае пачуццё. А мiнулым летам я купiла гэты цуд у нашым батанiчным садзе. Цяпер мы амаль аднаго росту. Шкада толькi, што кветка цвiце толькi адзiн дзень...ЛЕЖЭ I АКАПЯН Паддалася спакусе далучыцца да сусветных каштоўнасцяў. Пайшла на разрэкламаваную мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскiм выставу Ф. Лежэ i Н. Лежэ-Хадасевiч. На будынку Нацыянальнага музея вiселi толькi афiшы з запрашэннем наведаць выставу Акопа Акапяна. Вырашыла далучыцца да нацыянальных каштоўнасцяў. I не пашкадавала. Па-першае, «лежы» такi былi прадстаўлены, хоць i сцiпла, перад лесвiцай. Працы невялiкiя, знаёмыя, таму асаблiвага ўражання няма. Хiба двайны партрэт сумнеўна-эратычнага зместу. Ды «бензакалонка» кранула сваёй наiўнасцю. Па-другое, у зальчыку з Акапянам было цiкава. Самi карцiны, пераважна нацюрморты i пейзажы, вельмi мiлыя. Вытанчаная гама, вохрыста-шэра-алiўкавая. Нагадвае Уаеса, толькi без адчування ветру Арменiя — не Амерыка, i, можа, гэта добра. Спадабаўся «Нацюрморт з гiтарай» i карцiны з манекенамi: толькi лаялася на фатографаў, якiя блытаюць фотомастацтва з кiнематографам... А тут вельмi «сюжэтныя» дынамiчныя нацюрморты... А яшчэ больш дзецi... Яны ляжалi на рознакаляровых посцiлках пасярэдзiне залы. Зусiм малыя, гадоў па пяць, шэсць. I малявалi гуашшу на вялiкiх лiстах паперы пад наглядам мам i замiлаванымi поглядамi музейных назiральнiц. Я так i не зразумела — гэта адукацыйны праект цi перфоманс. У любым выпадку здорава. IНТЭЛIГЕНТНАСЦЬ I IНТЭЛIГIБЕЛЬНАСЦЬ Дзiву даюся, якая колькасць людзей пiша слова «iнтэлiгенцыя» праз «е». Некаторыя блытаюць словы «iнтэлiгент» i «iнтэлектуал». Шматгадовае знаёмства з Валянцiнам Акудовiчам прымусiла мяне даведацца пра сэнс слова «iнтэлiгiбельнасць». Але вось учора зайшла на адзiн расейскi фiласофскi сайт i сустрэла сказ, якi прымусiў мяне засумнявацца ў тым, што я правiльна разумела яго сэнс як спазнанне выключна праз розум альбо iнтуiцыю. «Извлечение интеллигибельности из точки касания со словарем и есть интеллигенция». Не, нам, бландзінкам, гэтага не зразумець! КОЎТУН I ЯСЕЛЬДА Адкрыла сёння «Маладосць» , трэцi нумар — там мае здымкi гламурныя! раптам у змесце чытаю — Валянцiна Коўтун-Ясельда. Ё-маё, адкуль гэта ўзялася — «Ясельда»? Не, каб гэта быў часопiс «Нёман», я можа што i зразумела б. Цi, скажам, пiсьменнiца нарадзiлася недзе на беразе. Так бы мовiць, дачка ракi. Але ж яна на Гомельшчыне нарадзiлася. I мне таксама так захацелася ўзяць сабе псеўданiм! Першае, што прыйшло ў галаву, гэта «Сож». Але тут я зразумела, што «Сож» — гэта Балахонаў, а нiяк не я. Стала сабе падбiраць ... Можа я — Свiслач? Не, у нас многа пiсьменнiкаў, якiя значна большыя «свiслачы», чым я. I тут успомнiлася. У гарадку Драгiчын, у раддоме якога я нарадзiлася, у гарадскiм парку, цячэ невялiчкая рачулка. Неяк спытала ў мясцовай жыхаркi, цi мае яна назву. Тая вокам нi мiргнуўшы сказала: «Гэта рэчка Пераплюйка». Дык вось, дарагiя мае, з сённяшняга дня прашу называць мяне Ганна Мiкалаеўна Кiслiцына-Пераплюйка. БЛАНДЗІНКА I ШАКАЛАД Вось некаторыя дзiвяцца, што я люблю распавядаць анекдоты пра бландзінак. А як iх не любiць, калi яны жыццёвыя? У тым сэнсе, што дыскрымiнацыя па колеру валасоў сапраўды iснуе. Заходжу сёння ў «еўрасетку» — мабiльнiк выбiраю. Гляджу на «шакалад», а тут прадавец падыходзiць: — У нас ёсць i ружовыя. I ўпакоўкi ў iх вельмi прыгожыя... А цяпер анекдот. Iдуць 2 бландзінкi па пляжу. Адна другой: — Ваў, глядзi, птушка дохлая. Тая падымае вочы ў неба: — Дзе? ПIВА I СУБАРДЫНАЦЫЯ Гавару днямi з паэтам Р. i крытыкам Т. па тэлефоне пра паэзiю. I такая ў iх скруха ў голасе з’явiлася, калi размова зайшла пра лiтаратурныя перспектывы!!! Паступова высвятляецца, што i адзiн, i другi заходзiлi ў выдавецтва Л., дзе за сталом, застаўленым пляшкамi, сядзелi дзве маладзенькiя паэткi, якiя шчыра прапанавалi мэтрам выпiць пiва. Гэтая акалiчнасць прасвятлiла мне прычыну песiмiзму! Адсутнасць субардынацыi — вось сiмвал твой, новая лiтаратурная сiтуацыя! НАВУМЕНКА I ЧУКОЎСКI Пазванiлi, што памёр Iван Якаўлевiч Навуменка. — Бабуля, ты памрэш? — Памру. — А цябе закапаюць? — Закапаюць. — Глыбока? — Глыбока... — Вось тады я пакручу тваю швейную машынку... Памёр адэпт традыцыйнага лiтаратуразнаўства. А круцiць машынку няма каму... ЛIТАРАТУРА I МАРАЛЬ Гаворым на тэму «лiтаратура i мараль». Валянцiн Акудовiч: не верыць у тое, што лiтаратура i мараль сумяшчальныя, а таксама не мае маральных аўтарытэтаў. Мiхась Тычына: лiчыць, мараль i лiтаратура — не сумяшчальныя, але некалi меў маральныя аўтарытэты. Я: лiтаратура — эксперыментальнае поле маралi, маральны аўтарытэт для мяне — Алесь Разанаў. Ну цi не дзiўна, што самыя састарэлыя, рэтраградскiя думкi выказваю я — самая маладая з удзельнiкаў гутаркi? Хоць, можа, вяртанне да маральных прынцыпаў у лiтаратуры — гэта ўжо i ёсць «неаавангард»? З гэтай нагоды згадалася нядаўна падслуханае: — Дык пазванi яму на мабiльнiк! — У яго НЯМА мабiльнiка! — КРУТА! Хацеў бы я НЕ МЕЦЬ мабiльнiка! Могуць жа сабе людзi дазволiць!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не ведаю, кiм я была ў мiнулым жыццi, але яно дакладна было звязана з такой раслiнай, як гiбiскус. У якую б цёплую краiну я не прыехала, заўсёды ён вы
|
|