Усе зоркi ў госцi
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Ала Пугачова на «Славянскi базар» не прыедзе, затое будзе Сафiя Ратару
Да адкрыцця ХVI Мiжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскi базар у Вiцебску» засталося крыху менш як два тыднi. Праца ў аргкамiтэце iдзе лiтаральна суткамi — старшыня дырэкцыi фэсту Радзiвон Бас з-за вялiкай занятасцi нават не змог прыехаць у Мiнск на прэс-канферэнцыю. Як расказалi прадстаўнiкi Мiнiстэрства культуры Беларусi, пасля рэканструкцыi Вiцебскi амфiтэатр пераўтварыўся як вонкава, так i ў сэнсе тэхнiчнага абсталявання. Злева i справа ад сцэны замацаваны два святлодыёдныя экраны плошчай 20 квадратных метраў, а таксама новы гукавы пульт i акустычная сiстэма, якая дазваляе атрымлiваць больш якасны гук падчас канцэртаў. Асобнае — пачэснае — месца ў аздабленнi аддадзена сiмвалу фестывалю, выяве валошкi. Наогул, практычна ўся сцэна будзе зiхацець i пералiвацца, так што тэлевiзiйная карцiнка павiнна атрымацца вельмi маляўнiчай. Дарэчы, Вiцебскi гарвыканкам i Белтэлерадыёкампанiя паклапацiлiся пра бяспеку гледачоў — усе шнуры i кабелi «схаваныя» ў спецыяльныя каналы, i нiхто за iх не зачэпiцца. 4 лiпеня галоўная фестывальная пляцоўка павiнна прайсцi канчатковую «прыёмку». У канцэртнай зале Вiцебскай фiлармонii таксама важная навiна — тут набылi i ўсталявалi вялiзны арган, i зараз «гатовы праводзiць любыя канцэрты ў любых музычных стылях i жанрах». У музея гiсторыi «Славянскага базару» — наваселле i падрыхтоўка новай экспазiцыi, якая, калi ўсё атрымаецца, адкрыецца якраз да 6 лiпеня. «Фестываль паступова — i на гэты раз вельмi ўпэўнена — перарастае ў сусветны форум мастацтваў», — адзначыў першы намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка. Сапраўды, сёлета геаграфiя ўдзельнiкаў фестывалю зноў пашырылася — далёка за межы не толькi славянскiх, але i еўрапейскiх краiн. Напрыклад, сярод гасцей будуць калектывы з Аўстралii, Егiпта, Балiвii. Што да «зорных» iмёнаў, дакладна пацвердзiлi свой удзел Патрысiя Каас, Сафiя Ратару, Валерый Лявонцьеў, Ларыса Долiна, Барыс Маiсееў, Дана Iнтэрнэшнл, Верка Сярдзючка, Эдзiта П’еха i г. д. Вядуцца перамовы з Фiлiпам Кiркоравым. А вось Мiкалай Баскаў якраз у гэты час будзе заняты ў Iспанii, дзе ён запiсвае разам з Мантсерат Кабалье новы музычны матэрыял. У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi «Вiцебск-2007» выступяць 23 артысты з 20 краiн свету. «Журыць» канкурсантаў будуць суддзi з Балгарыi, Сербii, Лiтвы, Польшчы, Румынii, Украiны, Расii i Беларусi. Ад нашай краiны ў журы ўвойдзе заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Цiхановiч, а старшынства аддадзена вядомаму расiйскаму кампазiтару Кiму Брэйтбургу. Дзiцячы музычны конкурс «Вiцебск-2007» крыху менш прадстаўнiчы — 22 чалавекi з 19 краiн свету, — але гэта не значыць, што беларусам Андрэю Кунцу i Крысцiне Святлiчнай давядзецца лягчэй, чым iх дарослым калегам Георгiю Калдуну i Ганне Благавай. Канкурэнцыя сёлета моцная, так што «дзiцячае» журы на чале з расiйскай спявачкай Анiтай Цой чакае складаная i адказная работа. Адметнымi падзеямi «Славянскага базару ў Вiцебску», як заўжды, стануць Дзень Беларусi i Дзень Саюзнай дзяржавы. Наша краiна наладзiць мастацкую прэзентацыю 7 лiпеня. У гэты дзень адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусi, названы па першаму радку са спектакля «Сымон-музыка» — «Ад роднае зямлi, ад гоману бароў...». Прысвечаны ён 125-годдзю класiкаў беларускай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа. Як расказаў журналiстам рэжысёр канцэрта Вячаслаў Панiн, тэматычна гала-канцэрт будзе падзелены на два блокi. Першы — музычна-тэатралiзаваная пастаноўка з удзелам артыстаў Купалаўскага тэатра, харэаграфiчнага ансамбля «Харошкi», ансамбля народнай музыкi «Бяседа», Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», новастворанага ВIА «Верасы», дуэта «Аляксандра i Канстанцiн», гурта «Харлi». У другiм блоку будзе прадстаўлена «пакаленне NЕХT» — папулярныя маладзёжныя калектывы i выканаўцы, а таксама зусiм юныя артысты. Позна ноччу канцэрт працягне «блок Еўрабачання» — былыя, цяперашнiя i патэнцыяльныя ўдзельнiкi галоўнага еўрапейскага музычнага тэлеконкурсу збяруцца на адной сцэне. З бюджэту Саюзнай дзяржавы сёлета, паводле слоў в.а. кiраўнiка прадстаўнiцтва Саюзнай дзяржавы ў Мiнску Анатоля Камiсарчука, фiнансуецца 9 розных беларуска-расiйскiх мерапрыемстваў, у тым лiку майстар-класы для таленавiтай моладзi, прэмiя ў галiне лiтаратуры i мастацтва, тэатральны тэлефестываль «Ажыўшая казка» i г.д. Але галоўнай падзеяй, безумоўна, застаецца «Славянскi базар у Вiцебску», на правядзенне якога, пачынаючы з 1998 года, было выдаткавана больш як 200 мiльёнаў расiйскiх рублёў. Сёлета гэтае фiнансаванне складае каля 25 мiльёнаў расiйскiх рублёў, а сама праграма Дня Саюзнай дзяржавы — 8 лiпеня — абяцае быць вельмi насычанай. Так, у гэты дзень прадстаўнiкi Пастаяннага камiтэта Саюзнай дзяржавы, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусi i Расii, ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны разам ускладуць кветкi да Вечнага агню на плошчы Перамогi. Адбудзецца выстава дзiцячага малюнка «Разам весела крочыць», творчая сустрэча з саiскальнiкамi на прэмiю Саюзнай дзяржавы ў галiне лiтаратуры i мастацтва, а таксама святочная канцэртная праграма «Музыка для ўсiх», у якой задзейнiчаны лепшыя творчыя сiлы Беларусi i Расii. Усяго ж у праграме «Славянскага базару ў Вiцебску» — больш за 100 тэатральных, кiнематаграфiчных, музычных, мастацкiх, выставачных i iншых мерапрыемстваў. Нават калi меркаваць толькi па сухiх лiчбах, маштаб форуму ўражвае: фестывальную сталiцу наведаюць сама меней 4000 чалавек з 32 краiн свету, а паколькi праграма яшчэ ўдакладняецца, то магчыма, што ў Беларусь прыбудуць прадстаўнiкi 40 краiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ала Пугачова на «Славянскi базар» не прыедзе, затое будзе Сафiя Ратару
|
|