Пяць бярозак ВасiлькаЁн падбiраў iх аднолькавымi, а яны выраслi рознымi. Як чалавечыя лёсы... Шэрым зiмовым вечарам у хату Курылы на хутары ля станцыi Кучкуны завiталi народныя мсцiўцы. Госцi, запрошаныя на iмянiны дачкi гаспадара, былi здзiўлены. — Ага, Шкляр тут! — прамовiў каларытнага выгляду стары партызан. – Бярыце яго, хлопцы! Васiлю скруцiлi рукi, далi некалькi аплявух, вывелi на падворак i кiнулi ў санi. “Здраднiк... Трэба звязаць яго вяроўкаю, каб не збег...” – данеслася да слыху прысутных. Санi iмклiва кранулiся з месца. А чародка здзiўленых сведкаў гэтага непрадбачнага здарэння доўга ўзрушана абмяркоўвала нечаканую прыгоду... Кiламетры праз два, калi абрысы хутара растварылiся ў вечаровай смузе, партызаны папрасiлi прабачэння за аплявухi i развязалi путы. Конi сцiшылi хаду. Па ўсiм было вiдаць: iнсцэнiроўка захопу прайшла ўдала. — А iнакш было нельга, — успамiнае з усмешкай Васiль Мiкалаевiч. — Калi б немцы даведалiся, што я пайшоў у партызаны добраахвотна, то ўсю б нашу сям’ю знiшчылi... Тыя пяцёра “лясных бандытаў” у далейшым сталi маiмi найлепшымi сябрамi. Разам мы не адзiн варожы эшалон пусцiлi пад адхон... У атрадзе “Мсцiвец” партызанскай брыгады iмя Жукава шаснаццацiгадовы Вася Шкляр стаў падрыўнiком, майстрам дыверсiй на чыгунцы. Камандзiр групы цанiў яго кемлiвасць, спрыт, адвагу. — Нас навучылi правiльна ставiць мiны, рабiць узрыўчатку з толу, трапна страляць. Нам нават даверылi “сакрэтную зброю” – агнямёт з тэрмiтнымi кулямi — i папярэдзiлi: “Штуковiна гэта нi ў якiм разе не павiнна трапiць у рукi ворага. Калi што – знiшчайце яе, хоць разам з сабою...” Канешне, мы ганарылiся такiм высокiм даверам, сваiм становiшчам, але паблажлiвасцi ў адносiнах да iншых байцоў не дапускалi. Дысцыплiна ў атрадзе была на належным узроўнi. Дык вось... Напачатку трэба было агнямёт выпрабаваць! Праверылi мы яго на адзiнокай сасне: толькi пальнулi – слуп агню, i тая стаiць абвугленая. Ну, думаем, цяпер трэба iсцi на Коласава i чакаць састаў з цыстэрнамi. Аднаго стрэлу будзе дастаткова, каб зямлю пад рэйкамi ўздыбiць... Не без прыгод дабралiся ўначы да чыгункi, подступы да якой немцы, напалоханыя набегамi партызан, ачысцiлi ад хмызу. Чакаць давялося нядоўга. Якраз – цыстэрны! Навялi агнямёт, пальнулi – i... прамахнулiся, куля прайшла якраз мiж платформамi, а полымя асвяцiла наваколле, нiбыта сонца. Мама родная! Мы бачым немцаў, немцы бачаць нас, вакол стрэлы. Колю Валошына ранiла ў жывот. Трэба ратаваць яго, ратаваць сваю “сакрэтную зброю” i неяк ратавацца самiм... Гэта дзiва, што мы выбралiся з таго пекла. Прыйшлi ў атрад i далажылi, што здалi Колю ў санчасць, а зараз здаём i агнямёт, бо для нашай справы ён не падыходзiць. ... З таго часу група Шкляра выкарыстоўвала ў рэйкавай вайне толькi мiны. Са студзеня 1944 года па чэрвень адважныя хлопцы арганiзавалi сем дыверсiй. Асаблiва ўдалым i вынiковым быў выбух непадалёку ад вескi Чорныя Ляды. Чыгунка там рабiла даволi вялiкi паварот i моцна ахоўвалася. — Позна ўвечары мы знялi блокпасты, перачакалi праход патруля, пад шум цягнiка наблiзiлiся да палатна,— расказвае Васiль Мiкалаевiч, — мiнёры Валодзя Грыгаровiч i Вася Дзяргай папаўзлi з мiнай на насып... I раптам выбух! Здаецца, нас крыху апя-рэдзiла iншая партызанская каманда падрыўнiкоў, якая таксама прыкмецiла такое зручнае месца... А немцы ўжо тут як тут, зусiм побач. У нас жа – мiна нявыкарыстаная. I падзецца няма куды. Застаецца толькi бегчы фашыстам у тыл, у напрамку вёскi Задвор’е. Бяжым, бачым участак свабоднай чыгункi. Хуценька ставiм сваю мiну нацiскнога дзеяння, замацоўваем бiкфордаў шнур i з хваляваннем чакаем. Хвiлiн праз 20 чуем: iдзе састаў... У думках прамаўляем толькi адну просьбу: каб узарвалася... Полымя шуганула ўгару метраў на трыццаць! За гэтую аперацыю групу падрыўнiкоў прадставiлi да ўрадавай узнагароды – ордэна Чырвонай Зоркi. — Узнагародныя лiсты нам далi на рукi, — гаворыць Васiль Мiкалаевiч. – Але да атрымання ўзнагарод не дайшло. Дакладней, ордэны атрымалi толькi двое. Астатнiм адмовiлi з рэзалюцыяй: “З-за нядоўгага знаходжання ў партызанах...” Яно-то, можа, i так, iшоў 1944 год, над Беларуссю ўжо неслася кананада вызвалення. Ды i ў атрад мы iшлi не дзеля ўзнагарод, а каб змагацца за свабоду роднага краю... Наперадзе многiх з нас чакалi новыя выпраба-ваннi, баявыя салдацкiя вёрсты... Каб стаць у салдацкi строй, Вася Шкляр накiнуў сабе год узросту. Байцом-сувязiстам сустрэў Перамогу ў Аўстрыi, служыў у Вене ў Цэнтральнай групе савецкiх войск аж да 1952 года. Вярнуўся ў родныя мясцiны будаваць мiрнае жыццё. Мог паехаць на асваенне цалiны, ды сказаў сабе, што цалiны i на Стаўбцоўшчыне хапае. Папрасiў лапiк зямлi на ўскрайку райцэнтра, дзе бруiлася тоненькая крынiчка, i ператварыў чыстае поле ў своеасаблiвы аазiс. Пад шатамi пасаджаных дрэў выкапаў сажалку i развёў рыбу. Насадзiў кустоў, кветак, на пенсii i пчальнiк усталяваў. Вучнi мясцовай школы №1, дзе Васiль Мiкалаевiч доўгi час працаваў настаўнiкам фiзкультуры, вельмi любяць наведвацца да яго i слухаць аповеды пра вайну ў пасаджанай побач з домам Алеi Славы. Сёння тыя пяць бярозак, якiя сiмвалiзуюць памяць пра сяброў партызанскага юнацтва Васiлька, сталi вялiкiмi, мажнымi. — Падбiраў я бярозкi аднолькавыя па велiчынi i форме, а глядзiце, якiмi рознымi яны выраслi, — задумлiва кажа ветэран. — Вось так i людзi. Здаецца, ад аднаго кораня, але як не падобныя iх лёсы. Бывае, пастаю цiха мiж сваiх дрэў з таблiчкамi на ствалах, паслухаю iх шум i нiбыта з хлопцамi той далёкай ваеннай пары пагавару. Вечная iм памяць... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён падбiраў iх аднолькавымi, а яны выраслi рознымi. Як чалавечыя лёсы... |
|