Народ-пераможца, народ-стваральнiк прыкладзе ўсе намаганнi для абароны i ўмацавання беларускай дзярж
Выступленне Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. ЛУКАШЭНКI на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасцi i 63-й гадавiны вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў 3 лiпеня 2007 г.
Дарагiя ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны! Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкi, афiцэры i генералы! Паважаныя суайчыннiкi i госцi Беларусi! 63 гады таму, 3 лiпеня 1944 года, Мiнск быў вызвалены ад фашысцкiх захопнiкаў. I цалкам справядлiва, што менавiта гэта гiстарычная дата па волi беларускага народа стала галоўным святам беларускай дзяржаўнасцi — Днём Рэспублiкi. Кожны раз у гэты дзень мы ўспамiнаем тых, хто, ахвяруючы самым дарагiм — сваiм жыццём, прынёс доўгачаканую свабоду. Наш народ, якi перанёс неймаверныя беды фашысцкай акупацыi i пазнаў радасць Вялiкай Перамогi, заўсёды будзе помнiць, якая цана заплачана за мiр i незалежнасць. Бо менавiта Беларусь, якая першая прыняла на сябе ўдар фашысцкай армады, панесла самы вялiкi ўрон сярод усiх рэспублiк былога Савецкага Саюза i дзяржаў сусветнай супольнасцi. Наша краiна страцiла кожнага трэцяга жыхара. Сотнi гарадоў i тысячы вёсак былi поўнасцю знiшчаны або разбураны. Спатрэбiлася не адно дзесяцiгоддзе, каб рэспублiка змагла аднавiць агульную даваенную колькасць свайго насельнiцтва. З руiн i попелу нанава адбудавацца. Дзякуючы гераiчным намаганням беларускага народа, брацкiх народаў саюзных рэспублiк Беларусь зноў набыла сваё непаўторнае аблiчча. Беларускi народ яшчэ раз даказаў, што ваенная доблесць пры абароне Айчыны i працоўныя подзвiгi ў iмя стварэння з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнага характару. З кожным годам Вялiкая Айчынная ўсё далей адыходзiць у гiсторыю. Рэхам мiнулай вайны гучыць над беларускай зямлёй набатны бой званоў Хатынi. Гучыць напамiнам нашчадкам аб вельмi цяжкiх выпрабаваннях, што выпалi на долю многiх народаў. Вялiкая Перамога над нацызмам атрымана агульнымi намаганнямi сусветнай супольнасцi. I мы высока цэнiм уклад у барацьбу з фашызмам усiх краiн антыгiтлераўскай каалiцыi. Здавалася б, памяць аб мiльённых ахвярах павiнна была прымусiць усiх палiтыкаў помнiць пра вынiкi вайны. Тым не менш, колькасць i маштабы выклiкаў i пагроз мiжнароднай бяспецы не змяншаюцца. У iх лiку агрэсiўныя ваенныя канфлiкты, новы вiток гонкi ўзбраенняў, рэлiгiйны, нацыянальны i палiтычны экстрэмiзм, мiжнародны тэрарызм, гандаль людзьмi, наркатрафiк. Прасоўванне ваеннай iнфраструктуры НАТА на ўсход i плануемае размяшчэнне элементаў амерыканскай сiстэмы процiракетнай абароны ў сумежных з Беларуссю дзяржавах сур’ёзна ўскладняюць ваенна-палiтычную сiтуацыю паблiзу нашых гранiц. Падарвана i фактычна не дзейнiчае адна з асноў еўрапейскай бяспекi — адаптаваны Дагавор аб звычайных узброеных сiлах у Еўропе. I ўсё гэта пад маўчанне нашых дэмакратычных развiтых еўрапейскiх дзяржаў. Мы не можам не ўлiчваць гэтыя фактары ў пабудове ўласнай сiстэмы нацыянальнай, i ў першую чаргу ваеннай, бяспекi. Нельга дапусцiць аднабаковага раззбраення, аслаблення бяспекi i абараназдольнасцi Саюза Беларусi i Расii, нашай агульнай прасторы. Нягледзячы на складанасцi ў эканамiчных адносiнах з Расiяй, Беларусь заўсёды будзе верная саюзнiцкiм адносiнам i будзе выконваць падпiсаныя пагадненнi. З гонарам несцi сваю, прычым немалую, долю адказнасцi за абарону Саюзнай дзяржавы. Усямернае ўдасканаленне, умацаванне i развiццё Узброеных Сiл i ўсёй ваеннай арганiзацыi дзяржавы будзе i ў далейшым адным з прыярытэтаў кiраўнiцтва краiны. Хачу запэўнiць беларускi народ, што сiстэма нацыянальнай бяспекi гатова надзейна абаранiць канстытуцыйныя ўстоi, суверэнiтэт i тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, мiр i спакой грамадзян. Падзеi гэтага года яшчэ раз паказалi, што ў сучасным свеце бяспека любой дзяржавы не абмяжоўваецца толькi ваеннымi або сiлавымi аспектамi. У мiжнародным жыццi ўсё большае распаўсюджванне атрымлiвае выкарыстанне iнфармацыйнай экспансii, палiтычнага шантажу, санкцый i эканамiчных рычагоў для нацiску на краiны, якiя праводзяць незалежную палiтыку. Паважаныя таварышы! У любых умовах наша дзяржава забяспечыць паслядоўнае ўмацаванне нацыянальнай бяспекi па ўсiх яе складальнiках — ад абароннага да харчовага. Суверэнiтэт i незалежнасць, мiр i стабiльнасць на беларускай зямлi i ў далейшым будуць захаваны. Гiстарычны выбар беларускага народа непарушны! Так было, так ёсць i так будзе заўсёды. Беларускi народ, народ-пераможца, народ-стваральнiк прыкладзе ўсе намаганнi для абароны i ўмацавання беларускай дзяржаўнасцi. Гэта найвышэйшае дасягненне нашай гераiчнай гiсторыi. Слава беларускаму народу, якi адстаяў незалежнасць Айчыны! Вечная слава героям, якiя загiнулi ў баях за Радзiму, аддалi свае жыццi за свабоду i шчасце будучых пакаленняў! Будзем дастойны iх вялiкага подзвiгу! Асаблiвыя вiншаваннi, мае пажаданнi ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны. Тым, хто, не шкадуючы жыцця свайго, змагаўся з ворагамi на фронце. Тым, хто ў тыле каваў зброю Перамогi. Дзякуй за тое, што вы выстаялi, вынеслi на сваiх плячах цяжар самай страшнай вайны мiнулага стагоддзя! Няхай заўсёды будзе мiрным неба, светлая будучыня i працвiтанне нашай любiмай Радзiмы! Са святам! З Днём Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь! Слава абаронцам Айчыны! Ура!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народ-пераможца, народ-стваральнiк прыкладзе ўсе намаганнi для абароны i ўмацавання беларускай дзярж Выступленне Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. ЛУКАШЭНКI на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасцi i 63-й гадавiны вызвалення Рэспублiкi Беларусь а |
|