Наперагонкi з ветрам
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Днямi ў гарналыжным спартыўным комплексе «Лагойск» прайшоў Другi мiжнародны фестываль байкераў «Мiнскi з’езд RA MCC-2007», або, калi казаць прасцей, велiзарны байкерскi з’езд на вольным паветры.
Прычым з’ехацца пажадалi не толькi беларускiя матацыклiсты, але i госцi з Расii, Украiны, Польшчы, Лiтвы, Латвii, Эстонii, Чэхii i Славакii. Усяго, паводле падлiкаў арганiзатараў — Беларускай асацыяцыi мотаклубаў i мiжнароднага мотаклуба RA MCC, — на пляцоўцы пад Лагойскам сабралася не менш як тысяча ўладальнiкаў «жалезных коней». Адметна, што для дзяўчат на матацыклах i дзяцей да 12 гадоў уваход на тэрыторыю фестывалю быў бясплатным. Але большасць наведвальнiкаў складалi ўсё ж менавiта байкеры на самых розных машынах — ад сцiплых самастойна пераробленых «Уралаў» ды «Мiнскаў» да магазiнных «Судзукi», ад класiчных «Харлей-Дэвiдсан» да стыльных, упрыгожаных цюнiнгам «Чопераў». Можна сказаць, адбыўся своеасаблiвы парад матацыклетных мод-2007. Для ўдзельнiкаў былi арганiзаваны традыцыйныя конкурсы i забавы, а таксама авiяшоў з дэманстрацыяй элементаў вышэйшага пiлатажу i «паветраны бой» з выкарыстаннем радыёкiруемых авiямадэляў. Гэтаксама стараннямi прадзюсарскага цэнтра «NonStopRecords» на працягу некалькiх дзён на фэсце гучала музыка розных накiрункаў — як эксперыменты дыджэяў, так i жывыя выступленнi гуртоў «Пiва Удваiх», «Лепрыконсы», «Яблычны чай» (Беларусь), «Каманда Кусто», «Тыха Думка» (Украiна), «Лiсце травы», нарэшце, легендарных калектываў «Мангол Шуудан» i «Крэматорый» (Расiя). У якасцi сюрпрызу ўсiм жадаючым была прапанавана экскурсiя на гiсторыка-культурны комплекс «Лiнiя Сталiна», дзе быў прадстаўлены яшчэ адзiн бой — маштабная тэатралiзаваная пастаноўка. Дарэчы, убачыўшы «пралёт» па трасе байкерскай калоны даўжынёй амаль у 2 км, супрацоўнiкi комплексу «Лiнiя Сталiна» на ўсякi выпадак папярэдзiлi асаблiва гарачых хлапцоў, што ўмешвацца ў ход пастаноўкi як на баку Чырвонай армii, так i на баку акупантаў не трэба — пiратэхнiка ў баi выкарыстоўвалася хоць i не баявая, але досыць небяспечная. Зрэшты, абышлося без недарэчнасцяў. Насуперак распаўсюджаным мiфам, быццам байкеры — гэта шум, бруд i алкаголь ракой, — арганiзаваны i парад матацыклiстаў, i ўсё свята цалкам былi на высокiм узроўнi i пад лозунгам «за здаровы лад жыцця». Увогуле, як адзначыў прымаючы бок, дый самi матацыклiсты, сёлетнi фестываль — другое «вялiкае прышэсце» байкераў — прайшоў вельмi цывiлiзавана, як збор аднадумцаў. «Для таго каб даць магчымасць кожнаму жадаючаму, незалежна ад узроўню яго даходаў, трапiць на фэст, мы дамовiлiся наконт транспарту — можна было даехаць з Мiнска на спецыяльных маршрутках, — а таксама зрабiлi частку больш танных бiлетаў. I фестываль у параўнаннi з леташнiм атрымаўся не толькi больш маштабным, але i дэмакратычным», — расказаў адзiн з арганiзатараў фэсту Аляксей Рэдзькiн. Адметнасцю фестывалю стала яго сацыяльная скiраванасць: акрамя комплексу забаў, адбылася таксама дабрачынная акцыя — збор грашовых сродкаў для дзяцей-сiрот. Як расказалi арганiзатары фэсту «Мiнскi з’езд RA MCC-2007», прадстаўнiкi Мiнскага мотаклуба «Rolling Anarchy», па ўсёй тэрыторыi былi расстаўлены спецыяльныя скрынкi для збору грошай, i кожны жадаючы мог зрабiць сваё ахвяраванне. Канкрэтную суму атрыманых сродкаў арганiзатары пакуль што не называюць, але вядома, што грошы паступяць у Васiлiшкаўскi дом-iнтэрнат (Гродзенская вобласць) для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця. Туды ж накiруюцца каля 1000 камплектаў дзiцячага адзення, набытых з дапамогай партнёраў i спонсараў фестывалю. Дарэчы, напрыканцы жнiўня байкеры з Беларусi i блiжэйшага замежжа збяруцца на яшчэ адзiн фестываль — яго арганiзуе знакамiты мiнскi клуб «Жалезныя браты». А там i да сумеснага закрыцця сезона недалёка...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў гарналыжным спартыўным комплексе «Лагойск» прайшоў Другi мiжнародны фестываль байкераў «Мiнскi з’езд RA MCC-2007», або, калi казаць прасцей, в |
|