Бернд ШТАНГЕ: «Мы не станем браць прыклад са зборных Бразiлii цi Германii. Мы будзем шукаць свой шля
Iрына ПРЫМАК.
Калi нацыянальную зборную Беларусi па хакею ўпершыню ўзначалiў спецыялiст з далёкага замежжа — канадзец Глен Хэнлан, многiя паставiлiся да гэтага з насцярогай i вялiкiм хваляваннем. I менавiта Хэнлан вывеў нашых iгракоў на самае высокае месца ў гiсторыi выступлення беларусаў на чэмпiянаце свету. Зараз гiсторыя паўтараецца: упершыню галоўным трэнерам нашай нацыянальнай каманды па футболу стаў нямецкi настаўнiк, узнiкаюць тыя ж хваляванне i насцярога. I ўсё ж у час прадстаўлення Бернда Штанге старшыня беларускай федэрацыi футбола Генадзь Нявыглас запэўнiў, што гэты трэнер нам цалкам падыходзiць, бо адпавядае ўсiм нашым патрабаванням, ды i беларускаму футболу будзе карысны свежы позiрк на трэнiровачны працэс i выкарыстанне новых тактычных схем.
Наколькi хутка замежныя методыкi прыжывуцца на беларускай глебе, дакладна можна будзе сказаць толькi пасля таго, як мы пабачым нашу зборную на справе. Першым iспытам для новага галоўнага трэнера стане таварыскi матч з камандай Iзраiля (22 жнiўня). Сваю працу ў праглядзе беларускiх футбалiстаў ён пачне з наведвання заўтра гульнi брэсцкага «Дынама» ў адборачным раўндзе Кубка УЕФА. Калi вас цiкавiць, хто з iгракоў зборнай застанецца ў складзе каманды, адказ на гэта пытанне новы настаўнiк пакуль даць не гатовы. Аднак на шэраг iншых пытанняў, якiя былi зададзены нямецкаму спецыялiсту адразу пасля аб’яўлення яго галоўным трэнерам, ён адказаў. — Якiя першыя словы вы скажаце сваiм новым падначаленым i як бы вы ахарактарызавалi сябе як трэнера? — пацiкавiлася я. — Iгракам я сказаў бы, што камень адным пальцам не падымеш, а мiнiмум патрэбна два пальцы, а лепей — уся рука. Гэта значыць: каб стаць адзiнай камандай i дасягнуць вынiкаў, патрэбна заўжды трымацца разам. Яшчэ я скажу, што патрэбна марыць аб чэмпiянаце свету i iмкнуцца рэалiзаваць гэтыя мары. Цi магу я сам характарызаваць сябе? Сказаў бы, мабыць, што я аптымiст. — Вы сказалi, што ўсiм трэба марыць аб чэмпiянаце свету. Наколькi рэальныя шанцы заваяваць туды пуцёўку са зборнай Беларусi? — Гэта будзе цяжка, бо толькi пераможца адборачнай групы адразу паедзе ў ПАР, уладальнiкi другiх месцаў будуць змагацца ў плэй-оф. Трэба выкласцiся на сто працэнтаў, каб трапiць на ЧС-2010. — Нямецкая зборная знакамiтая вялiкай дысцыплiнай. Нездарма яе называюць «нямецкай машынай». Як вы плануеце навесцi такi ж парадак у нашай камандзе са славянскiм менталiтэтам? — Мне знаёмае гэта пытанне. Калi я працаваў у Iраку, мне казалi аб арабскiм менталiтэце, на Кiпры — кiпрыёцкiм... Аднак у футболiстаў не можа быць рознага менталiтэту, ёсць толькi адзiн менталiтэт — прафесiяналiзм. Мы паважаем iндывiдуальнасць iгракоў, але i яны павiнны паважаць трэнера i выконваць пэўныя правiлы для карысцi зборнай, хоць камусьцi яны могуць не спадабацца. Дысцыплiна будзе стопрацэнтная. Толькi так магчыма пракласцi шлях да поспеху. Калi ўзнiкне нейкая праблема, унутры зборнай будзе жорсткая крытыка, але за межы каманды нiчога выходзiць не будзе. — Колькi часу вам патрэбна, каб скамплектаваць зборную. Якой вы бачыце яе? — Мяркую, што за 15 дзён да таварыскай гульнi мы ўжо вызначымся са складам каманды. У вас ёсць цудоўныя iгракi. Патрэбна дапоўнiць iх маладымi дынамiчнымi футбалiстамi i стварыць новую аснову каманды. У зборную адчынены дзверы для ўсiх iгракоў, таму няхай усе жадаючыя грукаюцца ў iх. — Якому стылю гульнi вы б аддалi перавагу — зборнай Германii цi Бразiлii? — Гэта дзве цудоўныя каманды, але Бразiлiя i Германiя далёка, i таму мы не будзем нiкога капiраваць, бо мы ствараем беларускую зборную з яе традыцыямi, якiя развiвалiся яшчэ ў Савецкiм Саюзе. Мы будзем шукаць свой шлях. — Якой тады тактычнай схемы вы будзеце прытрымлiвацца? — У нас будзе 4 абаронцы, а далей усё пабачыце на полi. Схемы будуць вар’iравацца. — У вашым трэнерскiм штабе будуць беларускiя трэнеры? — Я прывёз з сабой асiстэнта Харальда Iрмшэра, з якiм даўно працуем разам. Дапамагаць мне будуць i беларускiя трэнеры, якiя ўзначальваюць маладзёжную, юнацкую i iншыя каманды, каб клапацiцца аб рэзерве зборнай. Трэба вызначыцца з трэнерам варатароў. — Дзе вы будзеце жыць у Мiнску? — У такой жа кватэры, як i вы. Многiя спецыялiсты трэнiруюць зборныя за мяжой, а самi жывуць у Германii, ЗША i г. д. Аднак мы кiраваць працэсам з-за мяжы не будзем, бо гэта непрымальна, — запэўнiў Бернд Штанге. — Дадому я паеду толькi на Каляды. — Раскажыце, калi ласка, аб вашай сям’i... — Яна ў мяне iнтэрнацыянальная — усе ў розных краiнах — Францыi, Германii i ў Беларусi. Мая жонка Даратэя iмкнецца ўсiх нас неяк злучаць. Старэйшы сын працуе ў экспартнай фiрме, малодшы — у структурах Еўрапейскага саюза. — Як вы любiце адпачываць? — Я хачу паглядзець Беларусь, каб ведаць больш аб краiне, дзе я працую. Акрамя таго, я спадзяюся выступаць за зборную ветэранаў Беларускай федэрацыi футбола, каб трымаць сябе ў форме. ПЫТАННЕ З НАГОДЫ Старшыня беларускай футбольнай федэрацыi Генадзь Нявыглас запэўнiў, што перад тым, як пачаць пошук кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, ва ўсiх iгракоў каманды цiкавiлiся, цi варта запрашаць замежнага спецыялiста. Усе, паводле яго слоў, успрынялi гэту iдэю станоўча. Калi ж стала вядома iмя новага настаўнiка, «Звязда» вырашыла даведацца, што прадстаўнiкi беларускага футбола могуць сказаць менавiта пра Бернда Штанге, наколькi ён станоўча паўплывае на выступленне нашай зборнай. Аляксандр КЛIМЕНКА: Раз яго федэрацыя назначыла — значыць, Штанге добры спецыялiст. Асабiста я мала што ведаю пра яго. Магу толькi заўважыць, што нямецкiя трэнеры славяцца сваiмi законамi, дысцыплiнай. Магчыма, гэта пойдзе на карысць нашай камандзе. Веданне Штанге рускай мовы — вялiкi плюс. Аднак я лiчу, што, каб канкрэтна сказаць нешта пра яго як пра спецыялiста, спачатку трэба паглядзець некалькi матчаў пад кiраўнiцтвам Штанге, пабачыць, цi будуць нейкiя адрозненнi. Генадзь БЛIЗНЮК: Цi моцна паўплывае нямецкi трэнер на выступленне зборнай, мне пакуль сказаць цяжка. Канешне, калi ён пабудуе новыя тактычныя схемы, наладзiць патрэбную атмасферу ў камандзе, будзе добра. Думаю, што час усё расставiць на свае месцы i пакажа, наколькi правiльна было запрашаць трэнера з Германii. Павел Рыгоравiч ГЛЕБ (бацька Аляксандра i Вячаслава Глебаў): Я, безумоўна, сачу за выступленнем беларускай зборнай, i не толькi таму, што за яе гуляюць сыны. З iмi я не абмяркоўваў назначэнне новага трэнера, бо ў нас iншых размоў хапае. А вось з сябрамi, вялiкiмi футбольнымi балельшчыкамi гутарыў на гэту тэму. Ведаю, што Штанге працаваў у Iраку. Немцы трэнiруюць ва ўсiм свеце. Мне здаецца, што пры Штанге ў зборнай будзе вялiкая дысцыплiна. Аляксандр КУЛЬЧЫ: Не мае значэння, хто ўзначальвае нашу зборную, бо iгракi прыязджаюць выступаць не за канкрэтнага трэнера, а за сваю краiну. I ўсё ж мне падаецца, што з нямецкiм трэнерам будзе цiкава папрацаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бернд ШТАНГЕ: «Мы не станем браць прыклад са зборных Бразiлii цi Германii. Мы будзем шукаць свой шля Калi нацыянальную зборную Беларусi па хакею ўпершыню ўзначалiў спецыялiст з далёкага замежжа — канадзец Глен Хэнлан, многiя паставiлiся да гэтага з на |
|