Беларуская фантастыка — рэальнасць?Такое пытанне ўзнiкае, калi чытаеш кнiгу апавяданняў Юрася Нератка У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга апавяданняў беларускага пiсьменнiка Юрася Нератка (на здымку) «Закуцце». Жанр сваiх твораў аўтар пазначае як «фантазii», аддаючы перавагу гэтаму тэрмiну ў супрацьлегласць папулярнаму, але не зусiм зразумеламу «фэнтэзi» або класiчнаму «фантастыка». — Юрась, адразу ж правакацыйнае пытанне: чаму кнiга выдадзена ў серыi «Дэбют»? Гэта ж, здаецца, не першая ваша кнiга? — Нiчога правакацыйнага — гэта першая кнiга прозы на беларускай мове. I ўвогуле, асноўная частка кнiг, якiя выйшлi раней, належыць Юрыю Юлову, майму лiтаратурнаму двайнiку, якi пiша на рускай мове. — Чаму ўсе творы, прадстаўленыя ў кнiзе «Закуцце», вы называеце фантазiямi? — Усё, што выходзiць з-пад пяра, — фантазiя, iнакш быць не можа. Любое адлюстраванне — не рэальнасць. Рэчаiснае нельга апiсаць, не сказiўшы. Магчыма, «фантазiя» — падсвядомы выклiк лiтаратуры рэалiзму. А каб не падмануць чытача, у любым маiм аповедзе прысутнiчае фантастычны элемент. Альтэрнатыва такая: або звычайны чалавек у незвычайных абставiнах, або незвычайны чалавек у звычайных абставiнах. Хоць, само сабой зразумела, для таго, каб авалодаць тэмай, трэба засвоiць фактычны матэрыял у аб’ёме, якi перавышае аб’ём твора ў дзесяткi разоў, i адчуць ступень яго дакладнасцi. Пiсьменнiку заўсёды ёсць чаму павучыцца ў чалавецтва, якое ён намерыўся здзiвiць. — Цi ёсць у вас папярэднiкi, на паспяховы вопыт якiх вы абапiраецеся? — На нейкiм этапе жыцця разумееш, што папярэднiкi не толькi пратапталi сцяжынкi ў пэўных накiрунках. Лiтаратурнае поле часам прадстаўляецца як вытаптаная пляцоўка. Гэта абманлiвае ўяўленне. Паўтарыцца немагчыма. Накiрункi творчасцi — не ў плоскасцi цi ў аб’ёме. Праўда, свядомы пiсьменнiк не збудуе твор, няўцямны для сённяшняга чытача, бо разлiк выключна на будучага чытача — гарантаваны промах. Так званая белая зайздрасць — захапленне — не правакуе мяне на запазычанне або працяг тэмы, якую намецiў аўтар i якую, магчыма, будзе развiваць сам. — Якая, на ваш погляд, сiтуацыя з фантастыкай як жанрам у Беларусi? — Здаецца, цяпер, калi жыццё перастае ставiць сапраўды фантастычныя задачы выжывання, як было дзесяць-пятнаццаць гадоў таму, жанр узнаўляецца. Раiса Баравiкова ў часопiсе «Маладосць» выяўляе творцаў фэнтэзi i фантастыкi i сама актыўна працуе ў гэтым накiрунку. «Мастацкая лiтаратура» выдала зборнiк «Люстэрка часу» з серыi «Беларуская фантастыка», дзе прадстаўлены беларускiя пiсьменнiкi: ад класiка беларускай фантастыкi i дэтэктыва Уладзiмiра Шыцiка, вядомага дуэта Юрыя Брайдэра i Мiкалая Чадовiча да новых, але якiя паспелi пра сябе заявiць у гэтым жанры, майстроў слова. Ды i ўвогуле, сама беларуская зямля, яе гiсторыя, калi трохi адысцiся ад паўсядзённасцi, будзяць фантазiю. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга апавяданняў беларускага пiсьменнiка Юрася Нератка «Закуцце». Жанр сваiх твора
|
|