...БО ГЭТА РОДНАЯ МОВА

26.08.2009 08:59 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiхаiл БАЦЯН.

З Баляславам Хмялiньскiм мы пазнаёмiлiся гадоў дзесяць таму. Прафесар Лодзінскай вышэйшай школы менеджменту проста пульсуе нейкай неўтаймаванай жыццёвай энергiяй. Пан Болек мне вельмi сiмпатычны. I перш за ўсё таму, што ён, радавiты паляк, па-сапраўднаму шчыра любiць маю Мацi-Беларусь. Робiць ён гэта бескарыслiва, аднак дзейсна. Вось ужо 15 гадоў прафесар узначальвае Таварыства «Польшча і Беларусь», ля вытокаў якога ён у свой час стаяў. Палякi, можа, як нiхто з iншых народаў шчыра вiталi пасля развалу савецкай iмперыi з’яўленне за Бугам новай незалежнай дзяржавы. Замест вялiзнага, непрадказальнага суседа з’явiлася гiстарычна i культурна блiзкая, не прэтэндуючая на нiякае мiсiянерства дзяржава. Вельмi хутка пасля прызнання Беларусi Польшчай на афiцыйным узроўнi, нашу краiну прызналi i на менш важным, на маю думку, узроўнi людскiм, грамадскiм, аб чым сведчыць, у прыватнасцi, узнiкненне Таварыства «Польшча—Беларусь».

Пра даробак гэтага таварыства можна ўжо напiсаць цэлыя кнiгi. Зрэшты, адну з iх прафесар выдаў на беларускай мове пад назвай «Таварыства «Польшча—Беларусь» за добрасуседства абодвух народаў». Дзейнасць таварыства лягло ў аснову дысертацыi «Грамадскi рух у Польшчы за добрасуседства з Беларуссю» на атрыманне вучонай ступенi доктара гiстарычных навук, якую Баляслаў Хмялiньскi блiскуча абаранiў у чэрвенi ў Белдзяржунiверсiтэце. Аднак мне хочацца расказаць пра адну з самых добрых, самых сiмпатычных i карысных спраў, якой ужо на працягу 13 гадоў займаецца Таварыства. Гэта правядзенне ў Польшчы алiмпiяды па беларускай мове.

Пачыналася ўсё ў лютым 1994 года, калi ў Беластоку сабралася iнiцыятыўная група дзеячаў i прыхiльнiкаў з Таварыства «Польшча—Беларусь», Беларускага грамадска-культурнага таварыства, навуковыя супрацоўнiкi, прадстаўнiкi Польскага таварыства беларусiстаў, настаўнiкi беларускай мовы i прынялi рашэнне звярнуцца да асветнiцкiх уладаў, каб атрымаць дазвол на арганiзацыю алiмпiяды па беларускай мове. Патрэбу ў такой алiмпiядзе ў Польшчы (дагэтуль адзiнай у свеце) iнiцыятыўная група абгрунтавала фактам, што ў РП больш чым у сарака асноўных школах i двух агульнаадукацыйных лiцэях беларускую мову вывучаюць каля 4 тысяч вучняў. Акрамя гэтага, беларуская фiлалогiя ў той час iснавала ў Варшаўскiм унiверсiтэце, Каталiцкiм Люблiнскiм унiверсiтэце, унiверсiтэце Марыi Складоўскай-Кюры ў Люблiне i ў фiлiяле Варшаўскага ўнiверсiтэта ў Беластоку. У гэтых ВНУ беларускую фiлалогiю вывучала каля 200 студэнтаў. Старшынёй Галоўнага камiтэту алiмпiяды стаў прафесар Аляксандр Баршчэўскi, якi выконвае гэтую функцыю i сёння.

З таго часу было праведзена 13 алiмпiяд. Ва ўсiх этапах спаборнiцтваў (школьных, акруговых, цэнтральных) прынялi ўдзел амаль 1500 вучняў. Сярод iх званне лаўрэата i фiналiста атрымалi больш за 300 чалавек.

З фiналiстамi апошняй, ХIII алiмпiяды, я спаткаўся ў Мiнску, куды яны прыбылi па запрашэнню Белдзяржунiверсiтэта. Шлях да фiналу быў даволi доўгi. Спачатку 146 вучняў у снежнi мiнулага года ўдзельнiчалi ў спаборнiцтвах першай ступенi, якiя адбылiся па месцах вучобы: у II агульнаадукацыйным лiцэi з беларускай мовай навучання iмя Бранiслава Тарашкевiча ў Бельску Падляскiм i ў лiцэi з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Вучнi выказвалiся па-беларуску на адну з падрыхтаваных настаўнiкамi тэмаў, якiя датычылiся беларусазнаўства, а таксама дэманстравалi свае веды адносна польска-беларускiх лiтаратурных, моўных i культурных сувязяў.

На акруговыя спаборнiцтвы, якiя адбылiся ў студзенi гэтага года, трапiлi 43 вучнi. Тут ужо былi больш складаныя заданнi. Напраклад, моўны тэст, часткай якога з’яўлялiся тэксты для перакладу з беларускай мовы на польскую i наадварот.

Падчас цэнтральных спаборнiцтваў, у якiх прынялi ўдзел 28 вучняў, трэба было напiсаць па-беларуску сачыненне, тэму якога вызначыў Галоўны камiтэт алiмпiяды. На вусным экзамене трэба было выказацца на тэму беларускай лiтаратуры з улiкам эмiграцыйнай i творчасцi беластоцкага лiтаратурнага аб’яднання «Белая вежа», а таксама ахарактарызаваць польска-беларускiя лiтаратурныя i культурныя сувязi. Асаблiвую ўвагу журы надавала ведам аб сучаснай гiсторыi Беларусi i апошнiх падзеях у краiне.

Лаўрэатамi ХIII алiмпiяды сталi 6 чалавек. 1-е месца здабыў Рыгор Таранта, 2-е — Магдалена Аўксяцюк i Адрыян Федарук, 3-е — Анна Нiкалаюк i Паўлiна Iгнацюк, 4-е — Наталля Тарасевiч.

Усе 28 фiналiстаў Алiмпiяды былi ўзнагароджаны Таварыствам «Польшча—Беларусь» паездкай у Беларусь у чэрвенi. Для гасцей была арганiзавана экскурсiя па Мiнску, паездка ў Дудуткi, наведванне тэатра iмя Янкi Купалы. Цэнтральнай урачыстасцю алiмпiяды стала вiншаванне яе фiналiстаў кiраўнiцтвам Белдзяржунiверсiтэта на чале з рэктарам прафесарам Васiлём Стражавым.

Перад ад’ездам з Беларусi аўтар гэтых радкоў зрабiў некалькi мiнi-iнтэрв’ю з гасцямi з Польшчы.

Рыгор Таранта, пераможца Алiмпiяды:

— Я выпускнiк II лiцэя ў Бельску Падляскiм. Беларускую мову вучыў з першага класа. Замiлаванне да яе вынес з дому ад бацькоў i дзядоў. Яна мне вельмi падабаецца. Бо гэта родная мова.

У Беларусi пабываў першы раз у жыццi. Якая ж гэта прыгожая краiна! Асаблiва спадабаўся Мiнск. То сапраўдны мегаполiс, гэтакая сталiца культуры. Яшчэ вельмi запомнiлася наведванне Дудутак, дзе ўбачыў шмат рэчаў, як сведчанняў цiкавай матэрыяльнай культуры беларусаў. Хачу прыехаць у Беларусь яшчэ раз, калi толькi надарыцца такая магчымасць.

Барбара Трафiмюк:

— Вучылася ў лiцэi з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Я з маленства размаўляла, як i ўсе ў маёй хаце, «па-свойму», гэта значыць па-беларуску. Заўсёды ўдзельнiчала ў розных конкурсах дэкламатараў, беларускiх вечарах. Беларуская мова для мяне — гэта такая спецыфiчная мова, такая свая. Мне здаецца, што калi чалавек гаворыць на матчынай мове, ён нейкi iншы, больш багаты ўнутрана.

У Беларусi пабывала ўпершыню. Спачатку, пасля перасячэння мяжы, пачуццi былi змешаныя. Дзе ж тут тыя хаты, дзе тут людзi? А калi дабралiся да Мiнска, былi ўражаныя. Якi гэта агромнiсты, прыгожы i сучасны горад! Звярнула таксама ўвагу на вельмi добрыя дарогi. Увогуле, тут мне вельмi спадабалася. Хацелася б пабыць даўжэй.

Магдалена Аджэеўска:

— Я з Гайнаўкi. Наколькi сябе памятаю, усе ў маiм доме размаўлялi па-беларуску. Беларуская мова — гэта для мяне матчына мова, яна трывала «сядзiць» у маёй галаве. Раней я ўжо наведвала Беларусь, аднак у Мiнску першы раз. Нiколi не думала, што гэта такi вялiкi i прыгожы горад! Мне вельмi спадабалiся людзi. Такiя сiмпатычныя, прыязныя. Вялiкае ўражанне засталося ад Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Гэта сапраўдная альма-матэр. Цiкава было паразмаўляць з беларускiмi студэнтамi. У Дудутках мяне моцна зацiкавiлi прылады, з дапамогай якiх калiсьцi выпякалi хлеб, а таксама старажытная беларуская кузня.

Яўгенiя Таранта, настаўнiца II лiцэя ў Бельску Падляскiм:

— Я працую ў лiцэi з 1995 года, раней сама яго заканчвала, а сёлета — мой сын. Вельмi радуюся за яго перамогу ў ХIII алiмпiядзе.

Уся мая сям’я, а таксама сям’я мужа наведвала беларускi лiцэй. На маю думку, беларуская мова вельмi прыгожая, такая спеўная. Вельмi цiкавая таксама беларуская лiтаратура.

Я шмат разоў выязджала ў Беларусь. Аднак на гэты раз я пад асаблiвым уражаннем. Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт як гаспадар усё арганiзаваў цудоўна. I фiнальную ўрачыстасць алiмпiяды, i экскурсiю па Мiнску, у Дудуткi, i наведванне тэатра. Сапраўды, я пад уражаннем. А калi яшчэ дадаць цудоўнае сонечнае надвор’е... Можна сказаць, нам вельмi пашанцавала.

...Перад урачыстасцю ў БДУ быў такi момант, калi аўтар гэтых радкоў адчуў выразную няёмкасць. У фае рэктарата здымачная група аднаго з беларускіх тэлеканалаў рабiла iнтэрв’ю з гасцямi з Польшчы. На цудоўнай беларускай мове польскiя беларусы адказвалi на пытаннi, якiя iм задавалi па-руску(!?) беларускiя беларусы. Якая ж яшчэ ляжыць перад намi доўгая дарога вяртання! Вяртання да беларускiх каранёў. I дапамагаць гэтаму павiнен кожны свядомы беларус. У тым лiку i той, што жыве па-за межамi Мацi-Беларусi. А супрацоўнiкаў тэлебачання, якiя не ведаюць мовы тытульнай нацыi, я б аднёс у разрад прафесiйна непрыгодных.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Баляславам Хмялiньскiм мы пазнаёмiлiся гадоў дзесяць таму. Прафесар Лодзінскай вышэйшай школы менеджменту проста пульсуе нейкай неўтаймаванай жыццёв
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика