РОДЫ БЕЗ СТРАХУ, або МЫ НЕ ГОРШЫЯ ЗА ЕЎРАПЕЙСКIХ ЖАНЧЫН
Надзея ДРЫЛА.
Так склалiся зоркi ў лiстападзе—снежнi мiнулага года, што на два апошнiя сёлетнiя летнiя месяцы ў краiне прыходзiцца шмат родаў. На вулiцах горада, у грамадскiм транспарце не дзiва сустрэць цяжарную жанчыну. Мацярынства — гэта, безумоўна, шчасце, але да радасцi чакання дзiцяцi заўсёды прымешваецца страх перад родамi. Часцей за ўсё маладыя мацi баяцца болю цi ўскладнення. Пераменаў у жыццi. Асцерагаюцца за здароўе дзiцяцi i за сваё асабiстае. Баяцца бяздушных акушэрак, некампетэнтных урачоў, нестэрыльных iнструментаў... Адным са сродкаў псiхалагiчнай дапамогi, пра якi ведае, на жаль, не кожная жанчына, з’яўляюцца курсы для цяжарных.
НЕ СПЯШАЙЦЕСЯ ЕХАЦЬ У РАДДОМ! Напрыклад, пры радзiльным доме Мiнскай вобласцi маюцца курсы «Роды без страху». Курсы такога кшталту ўзнiклi на базе раддома 6 гадоў таму, дзякуючы акушэркам з Галандыi. Яны наведалi нашу краiну па сваёй iнiцыятыве, каб перадаць навыкi расслаблення, правiльнага дыхання пры родах беларускiм акушэркам. Дарэчы, тое, што прыехалi менавiта галандскiя спецыялiсты, невыпадкова, бо ў Галандыi самы нiзкi працэнт кесарава сячэння. Праграма курсаў базiруецца на фiласофii натуральных родаў, аўтарам якой з’яўляецца англiйскi доктар-гiнеколаг Грэнтлi Дзiк-Рыд. «Роды без страху» ўключаюць у сябе 8 заняткаў, якiя праводзяць акушэрка, псiхолаг i iнструктар ЛФК. — Вельмi часта цяжарныя прыходзяць з жаночай кансультацыi ў панiцы, — гаворыць старшая акушэрка Таццяна Зянькевiч. — «А можа вам што-небудзь балiць?» цiкавяцца медсёстры на кожным прыёме. Паверце, гэтае, на першы погляд, бяскрыўднае пытанне выклiкае страх у маладой мацi. Проста атрымлiваецца так, што з нармальнага фiзiялагiчнага працэсу — родаў — робяць хваробу. А гэта няправiльна. Таццяна Сямёнаўна да 16 гадзiн выконвае абавязкi акушэркi ў радзiльным аддзяленнi, а пасля на курсах расказвае цяжарным жанчынам пра роды. — Раней я i сама не верыла ў эфектыўнасць падобных курсаў, — усмiхаецца Таццяна Зянькевiч. — I толькi пасля таго, як убачыла адсутнасць панiкi i страху пры родах (часам мне даводзiцца прымаць роды ў сваiх выхаванак), зразумела, наколькi гэта важна. Шкада толькi, што не заўсёды тая акушэрка, якая на працягу дзевяцi месяцаў назiрае за цяжарнай, знаходзiцца ў жыццёва важны момант побач. — Многiя жанчыны ўпэўненыя, што яны могуць падрыхтавацца да родаў дома пры дапамозе кнiг i Iнтэрнэта. Што вы на гэта скажаце? — А вы вось спытайцеся ў Канстанцiна Iванавiча (у кабiнет зайшоў загадчык радзiльнага аддзялення Канстанцiн Шмак). — Ведаеце, жанчыны вельмi эмацыянальныя. А цяжарныя — удвая. I гэта не сакрэт. Яны звычайна чытаюць усё, што трапляецца пад рукi. А iнфармацыi шмат, i, паверце, не ўся яна патрэбная, — пераконвае Канстанцiн Шмак. — Акрамя таго, тэорыя без практыкi мала чаго вартая. Трэба гэтыя дзве рэчы спалучаць. А на курсах цяжарным прадастаўляецца такая магчымасць. — Канстанцiн Iванавiч, а чым адрознiваюцца паводзiны цяжарных, якiя прайшлi курсы, ад паводзiнаў тых, якiя рыхтавалiся самастойна? — Тыя жанчыны, якiя не наведвалi курсы, звычайна едуць у раддом як толькi забалiць, у першай (латэнтнай) фазе родаў. Мы ж пастаянна паўтараем: «не спяшайцеся ехаць у радзiльны дом». Бо калi будучая мацi бачыць людзей у белых халатах, чуе крыкi парадзіх, якiя паступiлi ў актыўнай фазе, то яе страх аўтаматычна павышаецца ў некалькi разоў. Галоўная ж задача нашых курсаў — зняць напружанне i страх. Бо боль — гэта наступствы ланцуговай рэакцыi «страх- напружанне-боль». — Мiнчанкам прасцей, перад iмi адкрыты ўсе дзверы. А што рабiць цяжарным з правiнцыi? — Любая акушэрка, якая працуе на ФАПе, павiнна расказваць пра роды, а не пужаць i напружваць маладых мацi, — адзначае Таццяна Сямёнаўна. — Каб гэтае правiла выконвалася, у нашай краiне жанчыны б нараджалi прасцей i лепш. А яшчэ мне здаецца, што, нядрэнна заснаваць падобныя курсы пры кожным раддоме. Тым больш што гэта новаўвядзенне не складзе матэрыяльных выдаткаў. Проста я не разумею, чаму еўрапейскiм жанчынам такiя курсы неабходныя, а беларускiм не? Чым мы горшыя? Акрамя гэтага, добра было б, каб з’явiлiся курсы пераквалiфiкацыi кадраў. Бо пакуль што даводзiцца займацца самаадукацыяй. Паводле слоў Таццяны Сямёнаўны, апошнiм часам на курсы прыходзяць па парах, будучых мацi суправаджаюць будучыя таты. Партнёрскiя роды не так даўно ўвайшлi ў моду. Але цi быць падуладнымi гэтай модзе будучыя бацькi павiнны вырашыць самастойна. — Цудоўна, безумоўна, што жанчыне дапамагае акушэрка. Але яе цяжарная, часцей за ўсё, бачыць упершыню. Таму прысутнасць на родах мужа садзейнiчае таму, што жанчына адчувае сябе больш упэўнена. — Таццяна Сямёнаўна, а часта здараецца так, што медыцынская дапамога патрэбна не цяжарнай, а яе партнёру? — Я, напрыклад, за свой немалы вопыт нiколi не бачыла, каб мужчына на родах страчваў прытомнасць. Главе сям’i ад прыроды дадзена вытрымка. На калiдоры зноў сустрэла загадчыка аддзялення. — Канстанцiн Iванавiч, наколькi я ведаю, курсы — паслуга платная. Колькi каштуюць «Роды без страху»? — Кошт нашых курсаў — гэта паспяховыя роды, роды без ускладненняў i траўмаў, — адказаў урач. ВУЧЫЦЕСЯ РАССЛАБЛЯЦЦА!!! Акрамя заняткаў пры раддомах, будучая матуля можа наведаць курсы для цяжарных «Чакаем цябе, малеча», якiя існуюць ў Жаночым клубе Юлii Гусакоўскай-Старавойтавай (цудоўна, што гэты клуб знаходзiцца побач з дзiцячым садком). Тут спецыялiсты на працягу 7 гадоў дапамагаюць жанчыне падрыхтавацца да мацярынства, пачуць сваё дзiця i, самае галоўнае, пазбавiцца ад страху пры родах. — Iдэя стварэння падобнага клуба не новая. Яна лунала ў паветры. А я проста яе падхапiла. У працы ж дапамагае асабiсты вопыт, — гаворыць кiраўнiк i заснавальнiк Жаночага клуба i мацi 5 дзяцей Юлiя Гусакоўская-Старавойтава. У нашым клубе цяжарная жанчына можа прайсцi як асноўны (32 заняткi), так i экспрэс-курс (8 заняткаў). Кожны занятак уключае ў сябе гiмнастыку, трэнiнг на расслабленне, цi дыхальны трэнiнг i iнфармацыйна-практычную частку. Працягласць асноўнага курса — 2,5 месяца. Экспрэс-курс прызначаны для тых, хто па якiх-небудзь прычынах не можа прайсцi асноўны курс цi хацеў бы падрыхтавацца да родаў хутчэй. — На тэарэтычных занятках мне падабаецца, калi цяжарныя задаюць пытаннi па тэме. Тады i занятак праходзiць цiкавей, i будучым мацi больш карысцi прыносiць, — адзначае Юлiя. — Заўважыла, калi займалася разам з будучымi матулямi гiмнастыкай, што важным элементам усiх практыкаванняў з’яўляецца дыханне... — падзялiлася я сваiмi назiраннямi. — Так, трэба вучыцца дыхаць, бо правiльнае дыханне ў час родаў дазваляе iстотна паменшыць боль. Пры першых родах жанчыны, асаблiва тыя, якiя не прайшлi спецыяльнай падрыхтоўкi, часта дапускаюць памылку. Яны зацiскаюць боль, стараюцца падавiць яго, тым самым перашкаджаюць натуральнаму ходу родаў i падаўжаюць iх. — А што вы, Юлiя, параiце цяжарным, якiя не маюць магчымасцi наведваць курсы для маладой мацi? — Iснуе стэрэатып, што цяжарнасць — хвароба. Адназначна, гэта памылковае меркаванне. Проста з кожным днём нагрузка на арганiзм жанчыны павялiчваецца. I на гэта патрэбна звяртаць увагу. Калi цяжарная адчувае сябе нармальна, то не абавязкова кожны тыдзень здаваць аналiзы, а калi маецца трывожнасць, то трэба схадзiць у палiклiнiку. Самае ж галоўнае, вы павiнны зразумець сябе, адчуць, чаго жадаеце. Напрыклад, маецца вялiкая колькасць дыхальных практыкаванняў, палажэнняў, якiя змяншаюць боль, дыет. Але кожная з вас павiнна выбраць найбольш прымальнае для свайго арганiзма. Слухайце сваё дыханне, прымайце кантрастны душ, кантрастныя ванначкi для ног i рук, калi яны ацяклi, ешце менш мяса, а больш садавiны i агароднiны. Менш ляжыце, рухайцеся так, каб гэта прыносiла вам задавальненне. Не рабiце рэзкiх рухаў. Вучыцеся расслабляцца (назiрайце за тым, якiя мышцы ў вас напружаныя, а якiя не). — Юля, наколькi я ведаю, акрамя тэарэтычнага курса i гiмнастыкi, у вашым клубе цяжарныя займаюцца танцамi жывата. Скажыце, калi ласка, якi эфект мае такi нетрадыцыйны курс? — Танец жывата — гэта не проста прыгожая забава, але i цудоўная падрыхтоўка да родаў. Рытматэрапiя дапамагае будучай мацi навучыцца валодаць сабой, а таксама дабратворна адлюстроўваецца на iнтэлектуальным развiццi плода. Ёсць меркаванне, што ўсходнiя рытмы закладваюць матэматычныя здольнасцi малечы. I самае галоўнае, танец жывата — адна з самых падыходзячых цялесных практык у перыяд цяжарнасцi i падрыхтоўкi да родаў. — А што ўяўляе сабой праграма прэнатальнага развiцця? — Заняткi ў гэтай праграме заснаваныя на метадзе «Сонатал». Ён прадстаўляе сабой музычнае аздараўленне дзiцяцi да нараджэння пры дапамозе спеваў, рухальнай i галасавой гiмнастыкi, малявання. Незалежна ад таго, што вы думаеце пра свае музычныя здольнасцi, ваш голас па сiле ўздзеяння на ваша дзiця не параўнаецца нават з Моцартам. Бо менавiта голас мацi — гэта вiбрацыi, якiя ўздзейнiчаюць на кожную клетачку дзiцяцi. А гэта садзейнiчае фармiраванню здаровых органаў i функцыянаванню ўсiх жыццезабеспячальных сiстэм дзiцячага арганiзма. Акрамя гэтага, у час музычных рухальных размiнак мы падрыхтоўваем цела да родаў без болю. У клубе цяжарныя па жаданню займаюцца ёгай i медытацыяй, iм прапануецца спецыяльны масаж. У дадатак да гэтага, Юля плануе ўвесцi яшчэ адну паслугу для жанчын — «гарачую лiнiю». У гэтым выпадку, каб атрымаць адказ на пытанне, якое цiкавiць, не трэба будзе нават выходзiць з дому. НЕ ХАЧУ БАЯЦЦА! ТАМУ I РЫХТУЮСЯ — Вольга, наш трэнер, на адным з тэарэтычных заняткаў расказвала, што яе тата з’явiўся на свет у час сенакосу, — расказвае Каця, з якой я пазнаёмiлася на курсах у Жаночым клубе. — Бабуля паляжала ля капны сена гадзiнку i зноў прынялася за працу. А ў нас жа зараз нараджэнне дзiцяцi — цэлая падзея, да якой рыхтуюцца на працягу 9 месяцаў. — А чаму ты, Каця, вырашыла пахадзiць на курсы для цяжарных? — Магчыма, жанчынам са шматдзетных сем’яў i не патрэбныя такiя курсы. А я адна ў бацькоў. Мацi расказвала, што, калi наблiжаўся час мне з’явiцца на свет, яна з поўначы ехала да бабулi па падтрымку, баялася родаў. Я не хачу, каб са мной было тое ж самае. Таму рыхтуюся. Атмасфера ў клубе сяброўская, i спецыялiсты вопытныя. Нарадзiць 5 дзяцей — гэта сапраўды подзвiг. Развiццё дзiцяцi ад злiцця дзвюх мiкраскапiчных клетак да мiнiяцюрнага чалавека, якi сфармiраваўся поўнасцю, — адна з самых вялiкiх таямнiц жыцця. Зразумець яе цалкам звычайнаму чалавеку складана. Але рыхтавацца да нараджэння сына цi дачушкi неабходна. Бо толькi правiльныя паводзiны жанчыны ў час цяжарнасцi, а асаблiва пры родах, створаць самыя спрыяльныя ўмовы для дзiцяці, якое павiнна з’явiцца на свет.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так склалiся зоркi ў лiстападзе—снежнi мiнулага года, што на два апошнiя сёлетнiя летнiя месяцы ў краiне прыходзiцца шмат родаў. На вулiцах горада, у |
|