Церабяжоўскi ўнiверсал
Святлана ЯСКЕВIЧ
ВЕДАЙ СВАIХ У Нiжнiм Церабяжове Столiнскага раёна куды нi ступi, кругом заўважыш «след» мясцовага майстра. Танцпляцоўка, Дом культуры, знак на ўездзе ў вёску, нават лазня аформлены творамi Паўла Кулiка. Яго можна назваць мастаком, разбяром па дрэву, кампазiтарам, паэтам, спеваком, будаўнiком. I ўсё будзе праўдай. Бог рэдка адорвае аднаго чалавека такiм букетам талентаў, якi дастаўся вяскоўцу са Столiншчыны. Ён не мае спецыяльнай адукацыi нi па аднаму з вiдаў мастацтва, але за што нi бярэцца, усё робiць добра. З-пад пэндзля выходзяць не прымiтыўна-лубачныя карцiнкi аматара, а з-пад пяра — не вершыкi з кульгавай рыфмай — наадварот. На партрэт жонкi мастака можна глядзець доўга-доўга, угадваючы ў рысах зусiм рэальнай жанчыны абагулены вобраз жаноцкасцi, музы. А на вершы яго зараз спявае песнi амаль уся Столiншчына. Са сваёй Аленай Герасiмаўнай Павел Паўлавiч пражыў у згодзе трыццаць гадоў. Дваiх дзяцей выгадавалi. Абое ўжо маюць свае сем’i, працу. Сын жыве ў Мiнску, дачка настаўнiчае ў суседняй вёсцы. Алена прыехала сюды некалi па размеркаваннi пасля культасветвучылiшча. Павел выкладаў у мясцовай школе маляванне. Так i сустрэлiся дзве творчыя асобы. Цiкава, што па адукацыi Павел Паўлавiч — аграном. Такiя вось асаблiвасцi лёсу. Пасля школы бацька-настаўнiк сказаў: iдзi ў аграномы, можа, потым старшынёй калгаса станеш. А ў палескай глыбiнцы прынята было бацькоў слухацца. Але ўжо падчас вучобы адзiн вопытны выкладчык сказаў хлопцу: «Ты i дня не будзеш працаваць аграномам, не тваё гэта». Сказаў як напрарочыў. Збылося. Сапраўды нi дня i не працаваў. Але як творчая асоба-самавучка рэалiзаваў сябе ў многiм. Лiтаратурная i музычная творчасць — можа нават не асноўныя хобi Паўла Кулiка. Вершы пачаў пiсаць яшчэ ў юнацтве, зачараваны рамантычнай творчасцю Караткевiча. Пiсьменнiк не раз бываў у Церабяжове, вывучаў мясцовыя курганы, парк, рыштаваннi замка. Спыняўся ў бацькi Паўла — Паўла Кулiка старэйшага. Сталiчны госць разам з сельскiм настаўнiкам вандравалi па ваколiцах, лавiлi рыбу. У сям’i беражлiва захоўваюцца творы Уладзiмiра Сямёнавiча з аўтографамi аўтара. А «Каласы пад сярпом тваiм» — любiмы твор Паўла. З самага ранняга юнацтва, чытаючы творы Караткевiча, хлопец з Церабяжова захапiўся гiсторыяй свайго краю, палюбiў родную зямлю, так бы мовiць, больш свядома. Таму зусiм нядзiўна, што ў 80-х гадах Павел Кулiк вырашыў самастойна пабудаваць помнiк землякам, што не вярнулiся з вайны. На франтах загiнула каля сарака церабяжоўцаў. Да Берлiна дайшоў яго дзед — Андрэй Кулiк — i ў апошнiя днi вайны загiнуў. Прозвiшчы кожнага выбiў аўтар помнiка на пастаменце пад скульптурнай фiгурай мацi, якая смуткуе. Пабудавалi манумент з бетону. Зараз помнiк даглядае i падтрымлiвае ў парадку Рэчыцкi пасялковы Савет разам з церабяжоўскiм актывам. Старшыня Столiнскага раённага Савета дэпутатаў Людмiла Кiсель, якая раней узначальвала Рэчыцкi пассавет, сказала, што Павел Паўлавiч — iх гонар i славутасць. У раёне праходзiць нямала яго выстаў, маладых пачаткоўцаў-мастакоў ён раз-пораз збiрае на пленэры. Без яго i жыццё што ў Рэчыцы, што ў Церабяжове было б шэрым i панурым. У пасялковым Савеце шмат чаго аформлена яго рукамi. А сцяна хлебапрыёмнага прадпрыемства, дзе ён працуе, нядаўна заззяла, расквецiлася ад пано, зробленага Паўлам Паўлавiчам. Выразаў двух буслiкаў з дрэва — i вось ужо скульптурная кампазiцыя стаiць насупраць Дома культуры, радуе вока. Нiводнае свята, нiводнае мерапрыемства Церабяжова не прайшло без удзелу Кулiка. Ён не толькi аформiць можа, але i заспяваць хораша, тон задаць. Ёсць у аўтара зборнiк вершаў, альбом песень, праўда... у адным экзэмпляры. Для выдавецтва твораў грошы патрэбны. Адкуль яны ў звычайнага вяскоўца, якiм лiчыць сябе Павел Кулiк? I сапраўды, жывуць яны з Аленай Герасiмаўнай на свае сцiплыя зарплаты ды даходы ад уласнай гаспадаркi. Карова, свiннi, куры — поўны набор жыўнасцi. Толькi сядзiба iх вызначаецца сярод iншых. Яна i не можа не адрознiвацца, калi жыве тут сапраўдны майстар. Усё з любоўю, з густам аздоблена рукамi гаспадара. I непадобная яна на iншыя — багатыя, нiбы з замежных каталогаў, якiя зараз можна сустрэць цi не ў кожным горадзе, кожным пасёлку. Тут усё асаблiвае: сцiплае, прывабнае, палескае, спаконвечнае. Агароджа, як некалi рабiлi дзяды i прадзеды. Лаўкi, прыступкi — такiя ж. Дарэчы, i цягу да майстэрства Павел Кулiк атрымаў у спадчыну ад дзеда. Той некалi быў вядомы на ўсю акругу цясляр. Па перакананнi Алены Герасiмаўны, галоўнае багацце — гэта здароўе, мiр i спакой. Усё астатняе здабываецца працай. Так яны выхоўвалi сваiх дзяцей. Сваiм прыкладам. Хоць на мужа свайго яна часам i злуецца — нельга ж быць такiм безадмоўным. Да яго iдуць i iдуць людзi, бо ведаюць, ён усё можа зрабiць, усё умее. Таму рабочы дзень яго не мае межаў. У санаторый з’ездзiць толькi раз за ўсё жыццё мужа ўгаварыла. Кажа, што культурны, арганiзаваны адпачынак — для яго цяжкае выпрабаванне. Як гэта нiчога не рабiць? А вось калi дапамагчы суседу, напiсаць i падарыць некаму карцiну — людзi радуюцца, душа папаўняецца энергiяй. Многiя дзесяцiгоддзi ў вёсцы стаяла зачыненая царква, закiнутая i разрабаваная. Гадоў дванаццаць таму вырашылi яе аднавiць. Вядома ж, у першых радах майстроў быў Павел. Нядаўна ён новы прастол для храма зрабiў, што-нiшто паднавiў. I падзякавалi яму ўсёй грамадой. Столiнскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Нiжнiм Церабяжове Столiнскага раёна куды нi ступi, кругом заўважыш «след» мясцовага майстра |
|