Восень прыгожа ўзоры малюе...Каго не зачаруюць гэтыя дні, поўныя чыстага святла, лагоднай цішы, мяккай пяшчоты. Спяшаюся ў агарод, поле, на луг, у лес, дзе зараз па-свойму шчымліва і самотна развітваецца прырода з цудоўнай парой — залатой восенню. Тут прыгожая, хвалюючая ідылія, у якой свая музыка, свая гаворка, свае пачуцці. На яблыні заклапочана шчабечуць вераб’і. Лёгкія промні сонца пранізваюць вяршаліну дрэва, кранаюць ружовую лістоту, ствараючы дзівосны малюнак. Побач са мною ў траве застракатаў конік. Гляджу ўніз – дзе ж ён? Ага, сядзіць на шэрым каменьчыку і радасна стракоча. Усё зразумела: сонца крыху нагрэла гэты самы каменьчык, і на ім, бы на той утульнай ляжанцы ў вясковай хаце, прымасціўся конік. Раптам у ціхім паветры затрапятаў жывы агеньчык. Дык гэта ж матылёк светла-жоўты пырхае над травой і познімі асеннімі кветкамі. Падыходжу да лесу, на сваё запаветнае месца, дзе мяне заўсёды першай сустракае бяроза. Гнуткія галіны звісаюць амаль да самай зямлі – цудоўны шацёр у гарачы летні дзень. Зараз бяроза стаіць ціха-ціха, і ва ўсім яе абліччы, у нейкай насцярожанасці – неспакой і туга. Ну што ж, неўзабаве прыйдуць першыя маразы. І ўпадзе на халодную зямлю багаты бярозавы ўбор, які пачынаючы з вясны і ўсё лета яна так шанавала. Таму і сумуе... Наступіла другое бабіна лета. Глыбокі сэнс у гэтай паэтычнай назве. Ідзе ён ад жыцця і працы вясковых жанчын. З ранняй вясны да восені завіхаліся яны ў полі, на ўласных агародах. А яшчэ хатняя гаспадарка. І, вядома ж, дзеці. Калі выпадаў больш-менш свабодны час, спяшаліся жанчыны ў лес па ягады, грыбы. Ці ж да адпачынку пры такой долі? І толькі ў кастрычніку, калі ў полі, на агародзе было клапатліва сабрана ўсё, што вырасцілі гэтыя нашыя вечныя працаўніцы, яны маглі крыху і перадыхнуць, даць спакой сваім руплівым рукам. Добрае жаночае сэрца чулліва адклікалася на казачнае хараство, якое пануе ў такі час у прыродзе. Як жа не палюбавацца такой прыгажосцю! Таму і пайшло з даўніх-даўніх часоў – бабіна лета. Назва жыве амаль ва ўсіх еўрапейскіх народаў. У Беларусі ж бабіна лета асабліва чароўнае. Калі абшары расквечаны самымі рознымі колерамі. Восень прыгожа ўзоры малюе, Ціхаю ласкай сэрца хвалюе, Сонца – не ў ліпені, сонца не тое, Мо і цяпло гэта быццам святое. Нікнуць пажухлыя ў полі травінкі, Лёгка ў паветры плывуць павуцінкі, Ціш па-над лугам, у лесе самота, Толькі на дрэвах гарыць пазалота. Просім мы лета: “Ах, не спяшайся, Хоць на дзянёчак, ды затрымайся”. У чым тут прывабнасць, што за прычына — Гэтай парой прыгажэюць жанчыны. Можа, таму, што дабрэюць мужчыны... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каго не зачаруюць гэтыя дні, поўныя чыстага святла, лагоднай цішы, мяккай пяшчоты. Спяшаюся ў агарод, поле, на луг, у лес, дзе зараз па-свойму шчымлів |
|