КаласавiныКаласавiны Сёння, 3 лістапада, спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа Каласавіны... Гэтак прыгожа называюць святочныя мерапрыемствы, якія традыцыйна штогод ла-дзяцца напачатку лістапада ў гонар класіка нацыянальнай літаратуры. Сёлета яны асабліва маштабныя – з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі спаўняецца 125 гадоў, юбілей краіна адзначае шырока, яго падрыхтоўка і правядзенне адбываюцца на высокім дзяржаўным узроўні. Па ўсёй рэспубліцы жыццю і творчасці песняра прысвячаюцца літаратурныя сустрэчы, кніжныя і мастацкія выстаўкі, конкурсы, тэатральныя спектаклі, музычныя праграмы. Знамянальнай датай пазначаны ўвесь бягучы год. Эпіцэнтрам урачыстасцей стала Рэспубліканскае літаратурна-мастацкае свята, якое адбылося на Стаўбцоўшчыне, радзіме Якуба Коласа. Шэраг значных падзей праходзяць і на гэтым тыдні, напярэдадні юбілейнай гадавіны. Сярод іх — Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Творчая спадчына Якуба Коласа ў парадыгме грамадска-інтэлектуальнага асяроддзя пісьменніка”, якая сабрала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі класіка больш за 30 навукоўцаў з Беларусі, Расіі і Украіны; урачыстыя вечары і канцэрты да 125-годдзя песняра ў Белдзяржфілармоніі ў Мінску і ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, урачыстае ўскладанне кветак да помніка песняру ў цэнтры сталіцы і літаратурнае свята з удзелам беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Ірына СВІРКО, «Р» -------------------------------- Там, дзе клен гамонiць Ён і рачулка Удра памятаюць Якуба Коласа Ёсць у Маладзечанскім раёне, за два кіламетры ад Радашковічаў, невялікая вёсачка Удранка. Праз яе працякае крынічная рачулка Удра. У ёй і зараз водзіцца стронга. Дык вось, у пасляваенныя гады тут часта бываў Колас. Пра гэта я чуў і раней, але ўспрымаў як паданне. Сёлета мне пашчасціла зноў наведаць родныя мясціны песняра на Стаўбцоўшчыне. Асабліва ўразіла Смольня, дзе ўпершыню сустрэліся і пасябравалі на ўсё жыццё Янка Купала і Якуб Колас. У гісторыі сусветнай літаратуры няшмат прыкладаў сяброўства геніяў. Вядома, Л.Талстой і Ф.Дастаеўскі ні разу не сустракаліся, хоць жылі ў адзін час, у адной краіне, затое раўніва сачылі за творчасцю адзін аднаго. Па вяртанні са Смольні заехаў я на Удранку, каб пашукаць хату, у якой жыў Якуб Колас. На вочы патрапіла дзяўчынка. — Бабуля некалі казала, што Колас жыў вунь у той хаце. Пад клёнам... Пад’язджаю да вялікай, прыгожа пафарбаванай хаты. Адчыняю лёгкія веснічкі, а на дзвярах... замок. Сеў на лавачку, разважаю, што рабіць далей. І тут падыходзіць хударлявы дзядок з кавенькаю. Павіталіся. Пазнаёміліся. — Дык я памятаю Якуба Коласа, — пачаў свой аповед Уладзімір Аляксеевіч Рудзь. — Я родам з суседняй вёскі Сычавічы. У 1953 годзе прыйшоў з войска. Антон Шунейка папрасіў памагчы будаваць гэтую хату. Збудавалі. Як бачыце, хата вялікая, светлая. Уладкаваўся я загадчыкам крамы. Туды часцяком заходзіў сын Коласа Даніла з жонкаю. А малодшы, Міхась, яшчэ халасцякаваў. — А чаму Колас прыехаў сюды? — Так параіла Агрыпіна Харошка. Яна была ў Коласа хатняй работніцай. А родам з суседняй вёскі Дворышча. Антося Шунейкі ўжо няма на свеце. Жыве ў хаце Антосева сястра Зося. Яна рабіла доўгі час у санаторыі “Сасновы Бор”. Там ёй далі аднапакаёўку. Дык яна ўдзень бывае тут, а начаваць ідзе ў сваю кватэру. Тутака блізенька. Вярсты дзве ці будзе. Але зараз, мусіць, у лес пайшла. Давялося мне прыехаць яшчэ раз. І вось мы сядзім на лавачцы з цёткай Зосяй. Невысокая, сухарлявая, хоць за плячамі 75 з гакам, але рухавая, нібы кропелька ртуці. — Якуба Коласа я добра помню. Прыехаў ён, агледзеў хату. Патупаў па падлозе. А мы й пафарбаваць не паспелі. Брат просіць прабачэння, што ля сцяны дзірка. Дзвюх дошак не хапіла. А Колас усміхаецца: “Нічога, — кажа, — болей кіслароду будзе”. Хата зусім новая. Мох тырчыць між бярвён. Брат кажа: “Мох я абсяку”. А Колас яму : “Не трэба, мне гэта падабаецца. Мох прыемна пахне. Гэта мне, —кажа, — роднае...” Уранні і надвячоркам хадзіў на рэчку. Удзень працаваў. Мы стараліся яму не перашкаджаць. Машына яго стаяла пад клёнам. Вунь ён, цалёханькі. Насупраць хаты, цераз дарогу, высіўся магутны таўшчэзны клён. Міжволі падумалася: вось па гэтай вуліцы хадзіў вялікі пясняр, любаваўся гэтым клёнам, сядзеў у задуменні на беразе Удры. — Канешне, памятаю Удранку. Вельмі прыгожыя мясціны. І смалярню памятаю, і краму. А вось які то быў год – ці 54-ы, ці 55-ы, трэба удакладніць. Магчыма, ёсць і здымкі тагачасныя, — расказвае малодшы сын Коласа Міхась Канстанцінавіч. Але чаму на хаце няма ніякага знака? Вёсачка прыгожая, на ву-ліцы асфальт. Летась сельсавет зрабіў тут адмысловую агароджу — прыгожы пафарбаваны штыкетнік. Спадзяюся, што гэтая публікацыя дапаможа высветліць, калі дакладна жыў Колас ва Удранцы. Мемарыяльны знак тут павінен быць. Адсюль да Купалавай Вязынкі ўсяго 12 вёрст, а ў другі бок праз 4 кіламетры — вёска Максімаўка, радзіма выдатнага дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, аўтара музыкі “Зорка Венера” Сымона Рак-Міхайлоўскага. Тут ёсць мемарыяльны знак — тры магутныя валуны, на сярэднім — мемарыяльная дошка. Адзін час помнік быў занядбалы: падгніла агароджа, зваліліся веснічкі, нейкія вандалы здзёрлі дошку. Пасля маёй публікацыі ў “Рэспубліцы” “Зорка Венера зайшла за Максімаўкай?” маладзечанскія ўлады адрэагавалі хутка: усталявалі новую дошку, зрабілі новую пафарбаваную абгародку. Гэты куточак нашай зямлі, звязаны з імёнамі Купалы, Коласа, Тарашкевіча (ён жыў у Радашко-вічах), Рак-Міхайлоўскага, можа прывабіць турыстаў — і нашых, і замежных. Паміж Удранкай і Максімаўкай знаходзіцца санаторый “Сасновы Бор”. Прыгожыя сучасныя карпусы, высачэзныя меднастволыя сосны, маляўнічае возера, гідрапарк, вадаспад, пляж, лодачная станцыя. Турысты маглі б тут гадзіну-другую адпачыць, набыць сувеніры, якімі ўлетку гандлююць народныя майстры. Гэта — будучыня. А зараз трэба пазначыць Удранку. Леанід ЛЕВАНОВІЧ, пісьменнік ------------------------------ Падмурак духоўнай культуры Дарагiя суайчыннiкi! Шчыра вiншую вас са 125-годдзем з дня нараджэння народнага паэта Беларусi Якуба Коласа. Вялiкi пясняр займае адно з найбольш пачэсных месцаў у сузор’i славутых сыноў нашай краiны. Якуб Колас – знакамiты класiк нацыянальнай лiтаратуры, буйны грамадскi i дзяржаўны дзеяч, вучоны i педагог, чалавек шматграннага таленту, светлага розуму, шчодрай душы, якi нястомна служыў Беларусi, праслаўляў яе ва ўсiм свеце. Лiтаратурная спадчына Якуба Коласа – гэта сапраўдная энцыклапедыя народнага жыцця, скарбонка выдатнай, прыгожай i чыстай беларускай мовы. Яго бессмяротныя творы складаюць падмурак нашай духоўнай культуры, абуджаюць у сэрцах людзей пачуццi патрыятызму i гонару за Радзiму. Няхай жа i надалей жыццё i дзейнасць Якуба Коласа будуць для нас яскравым прыкладам невычэрпнай любвi да Айчыны, вучаць шанаваць i берагчы сваю зямлю, самааддана працаваць на карысць беларускага народа. Жадаю вам здароўя, поспехаў, шчасця i дабрабыту. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, 3 лістапада, спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа |
|