Адам Глобус. PLAY.BY. РокАдам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. Рок-канцэрт у касцёле! Хто мог падумаць? Каму не хапала рок-музыкі пад касцельнымі скляпеннямі? Мне! Задумаў я той канцэрт трыццаць гадоў назад, седзячы пад скляпеннямі, у касцёле Успення Дзевы Марыі. Тады мала хто бачыў у паўразбураным баракальным будынку касцёл. Для мясцовых уладаў горада Мсціслаўля гэта быў помнік архітэктуры, у якім збіраюцца адчыняць мастацкі музей. Для тамтэйшых гандляроў ён быў складам для гародніны, пограбам, дзе квасілася капуста і ладзілася засолка агуркоў. Старадаўнія сцены пасівелі ад солі. Перамалёўваючы анёлаў з музычнымі інструментамі, я думаў пра рок-музыкаў. А калі сваім калегам-рэстаўратарам я прапанаваў замест музея зрабіць канцэртна-танцавальную залу, яны не зразумелі мяне. Не час. Тады быў час высяляць гандляроў салёнымі памідорамі з касцёльных сутарэнняў, час рабіць дакументацыю на аднаўленне будынка з ягонымі вежамі, калонамі і сценапісам. Але менавіта ў той час я задумаў свой рок-канцэрт у касцёле. Сто семдзесят пяць гадоў назад пабачыў свет раман «Сабор парыжскай Божай Маці». Пачынаецца твор з развагі пра слова АNАГКН — РОК па-грэчаску. Слова «рок» нарадзіла раман-сабор, так перакананы аўтар — Віктор Гюго. Нам застаецца паверыць яму, паверыць і прыняць той факт, што з таго часу кніга стала саборам. Хвалі ўсёзнішчальных войнаў і людажэрных рэвалюцыяў пракаціліся па свеце. Раз’ятраныя натоўпы паўвар’ятаў руйнавалі цэрквы і разбівалі званы, палілі абразы. У запале сваёй рэвалюцыйнасці і ваяўнічасці вылюдкі ладзілі на плошчах і спальванне кніжак. Палымнелі саборы і гарэлі кнігі, рэчаіснасць курчылася ў агні. Зямля прагна піла чалавечую кроў. Ап’янеўшы ад вогненасці і крывавасці, зямля засынала. Маё пакаленне прыйшло ў свет, дзе халодныя руіны сабораў пазіралі на людзей чорнымі прагаламі павыбіваных вокнаў. Мы глядзелі на саборы, а саборы глядзелі на нас і не бачылі нас. Трэба было зайсці ў руіны і запаліць там свечку, ці хоць бы лямпачку павесіць. А пад той лямпачкай трэба было заспяваць. Мы заспявалі рок. Мы аднавілі саборы. Мы выйшлі на плошчы і стадыёны. Мы стварылі новыя дзяржавы, лепшыя за папярэднія. Мы пражылі жыццё са сваёй песняю. У свет прыйшлі новыя пакаленні. Шмат найлепшых з маіх раўналеткаў адплыло ў вечную цішыню. Нашы дзеці ходзяць у адноўленыя саборы, а нашых унукаў ужо ніхто не спяшаецца хрысціць. І цяпер мне прапанавалі правесці рок-канцэрт у касцёле. Канцэрт прысвечаны памяці аднаго з найлепшых маіх паплечнікаў, паэта Анатоля Сыса. Гэта — рок. Былі запрошаны найлепшыя з нашых рокераў: Лявон, Кася, Руся, Хаменка і Памідораў. Чаму так мала? Каб не хапіла! Песняў было не шмат. Зноў жа-ж, каб не хапіла, каб усе востра адчулі, як не хапае нам паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды. Канцэрт праходзіў цяжка. Складанасці пачаліся з-за журналістаў, якія прызвычаіліся зарабляць свае трыцаць рублёў, пішучы пра забароненыя ўладаю мерапрыемствы. «А ці не забароняць ваш рок-канцэрт?» — «А ці не прыдуць міліцыянты ў касцёл?» — «А ці адпавядае паэзія вальнадумца Сыса касцёлу?» — «А ці прагучаць пад хрысціянскімі скляпеннямі ягоныя вершы накшталт такога: які ж тады Бог, калі служкі — звяры?» «А праўда, што вершы Сыса выкінулі са школьнай праграмы за тое, што ён уваходзіў у суполку «Тутэйшыя»?» Правакатараў з іх гнюснымі пытаннямі я пасылаў да чорта. Абрыдлі яны мне. Я іх пасылаў, а яны лезлі і лезлі. Яны вырасталі проста з-пад зямлі, і нават, калі я ўжо ішоў на сцэну, недарэчныя пытанні ўсё яшчэ ляцелі мне ў спіну. Глобус вешае на сцэне партрэт Анатоля Сыса. Фота Міраслава Адамчыка Сладанасці з недарэчнымі пытаннямі журналістаў зусім і не складанасці ў параўнанні з капрызамі і паводзінамі рокераў. Кася не хацела спяваць першай. Я настойваў, бо толькі адзін радок мог задаць патрэбную танальнасць усяму рок-канцэрту, радок «Надта хочацца ў вырай, мая белая лебедзь!». Настаяў. Кася пагадзілася — з адной умоваю, што мы пачакаем, калі ўсе рассядуцца, бо для гэтага радка патрэбна поўная цішыня. Таму і канцэрт пачаўся са спазненнем. Капрызы Русі ляжалі ў іншай плоскасці, ёй не падабалася, што вакол яе круцяцца жанатыя мужчыны. Заляцанні і нават простая ўвага жанатых мужчын яе раздражняла. Раздражнёная рок-спявачна — рэч небяспечная. З ёй трэба абыходзіцца тактоўна і асцярожна, а дзе ўзяць тактоўнасць, калі ўсе навокал узбуджаныя і нервовыя? Руся. Фота Міраслава Адамчыка Лявон не зрабіў песню на словы Сыса. «Я спрабаваў, а ў мяне нічога не выйшла! І што, калі песні не будзе? Я ж прыйшоў, я буду спяваць… У нас жа не дзяржаўнае мерапрыемста з зацверджаным сцэнарам?..» Добра, што мы былі ў касцёле, дзе нельга лаяцца. Добра, што Кася згадала песню, якую некалі даўно яна спявала разам з Лявонам. Добра, што Лявон сеў у кутку і аднавіў тую песню. Майстра. Лявон Вольскі. Фота Міраслава Адамчыка У Хаменкі было жаданне праспяваць не тры песні, а шэсць. Алег ніяк не мог зразумець, чаму гэта я не хачу паслухаць шэсць ягоных кампазіцый. Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, ці проста пагадзіўся. Ну а Памідораў не прыйшоў на рэпетыцыю. Ён нават на канцэрт ледзь не спазніўся. Прыехаў злы і растроены. Нешта-нейкае не склалася ў ягоным побыце. Але ж у кожнага з нас нешта нейкае заўсёды не складаецца. Ды трэба ўсё адно спяваць сваю песню і расказваць сваю гісторыю. Малюнак Адама Глобуса. «Рокенрольшчык» Я расказваў гісторыю, а рок-н-рольшчыкі спявалі. Рок-канцэрт у касцёле прайшоў выдатна. Галоўнае: усе востра адчулі, як нам не хапае паэзіі, шчырасці, праўды, песні, музыкі і свабоды. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус. |
|