“Крамбамбуля” прывітала Пуціна
У клубе "Фартуна" адбыўся канцэрт культавага праекту "Крамбамбуля". Хто з удзельнiкаў учынiў на сцэне стрыптыз, як Кулiнковiч дастаў гледачоў i што музыканты падрыхтавалi да вiзiту Пуцiна — у рэпартажы "Салiдарнасцi".
На выступленне "Крамбамбулi" сабралося некалькi соцень чалавек. Самым маладым фанаткам праекту было ад сiлы гадоў пяць. З выхадам музыкантаў стала зразумела, што ў гэты вечар будзе горача. Прынамсi, iм самiм. Музыкi з"явiлiся на сцэне ў мехавых рознакаляровых паўфутрах, эратычна накiнутых на голыя торсы. Не стаў агаляцца хiба што Лявон Вольскi. Аднак яго доўгае "пад далмацiнца" футра, апранутае на чорную майку, было адзiн ў адзiн такое ж, як я нядаўна бачыла на узельнiку фестываля эратычнага танца "Жар-птушка 2007", што, безумоўна, абнадзейвала. Пачаўшы са свайго хiта "Свята крамбамбулi", музыканты без перадыху выканалi адразу тры песнi. — Мы вырашылi iх даць адным блокам — нiбыта такая вось "Адзiная Расiя", — патлумачыў Вольскi. — Гэта наш унёсак напярэдаднi прыезду расiйскага прэзiдэнта. Дарэчы, "расiйская тэма" ў гэты дзень гучала яшчэ неаднойчы. Выканаўшы пару-тройку хiтоў, у тым лiку i новую песню "Усё нармальна, мама" ("не такую, як у Грыбалёвай"), Вольскi пацiкавiўся: — Як настрой? — i, пачуўшы гучны воклiч у адказ, яшчэ больш абнадзеiў: — Гэта толькi ў першым аддзяленнi ў нас песнi г..няныя, потым нармальныя будуць. Парадавалi музыканты сваiх аматарў i харэаграфiчнымi ўменнямi. Выканаўшы блiскучы танец пад кампазiцыю "Кrambambula", Вольскi, купаючыся ў апладысментах, не вытрымаў: — Не, зараз трэба толькi танцаваць. А то спяваеш сабе спяваеш, надрываешся-надрываешся, а тут раз патанчыш — i такi поспех! Падзiвiлi i астатнiя музыканты. Не сыходзiчы са сцэны, трубач, схаваўшыся хiба што за шэст для стрыптызу, спакойна палiў сабе, пакуль Вольскi спяваў чарговую песню. Затое потым выдаў такое сола на трубе, што ўсе аж дзiву далiся (прыхiльнiкi здаровага ладу жыцця — нярвова паляць). У другiм аддзяленнi канцэрту музыканты паўсталi ўжо ў вобразе "Пiратаў Карыбскага мора". Пазнаць Вольскага ў капелюшы i парыку з доўгiмi валасамi было амаль немагчыма. Тым больш дзiўным выглядаў лiдэр "Нейра Дзюбеля" Аляксандр Кулiнковiч, якi выйшаў на сцэну ў джынсах i шэрай футболцы. Гэта, аднак, не перашкодзiла музыканту хутка ўжыцца ў вобраз. I праз некалькi хвiлiн Кулiнковiч ужо "каўбасiўся" з фанатамi на танцполе, сягануўшы да iх прама са сцэны. Прыемна здзiвiў у гэты вечар i барабаншчык. Нiхто i не заўважыў, як яшчэ нядаўна апрануты ў пiрата хлопец ужо дэманстраваў голыя торс i ногi, якiя гуллiва высоўвалiся з-пад ўдарнай устаноўкi. Пра наяўнасць на барабаншчыку шортаў стала вядома толькi калi той устаў, каб развiтацца. Былi ў гэты вечар i расчараваннi. "Крамбамбуля" вымушана была адмовiць гасцям з Украiны, якiя папрасiлi праспяваць песню "Суседзi". — Зараз мы не можам, — разводзiў рукамi Вольскi i абнадзейваў: — Вы прыходзьце да нас пасля перамогi дэмакратыi. На заканчэнне, вiдаць, якраз да вiзiту расiйскага прэзiдэнта, музыканты праспявалi свой хiт "Госцi". Заля ў адзiн голас цягнула: "Панаехала гасцей
" Публiка яшчэ доўга не адпускала выканаўцаў, скандзiруючы "Крам-ба-бу-ля!". Ужо спакаваўшы iнструмены i сышоўшы са сцэны, музыкi зноў вымушаны былi вярнуцца i яшчэ выканаць некалькi любiмых усiмi песень. Анастасiя Зелянкова Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У клубе "Фартуна" адбыўся канцэрт культавага праекту "Крамбамбуля". |
|