Адам Глобус. PLAY.BY. Чыча
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Заўтра, з панядзелка, з першага, на Новы год… Неадкладна, зараз вазьму ўсё кіну і пачну новае жыццё.
Я пачынаў і пачынаў: з мастака рабіўся рэстаўратарам, з часопіснага журналіста — афармляльнікам крамных вітрынаў, з паэта — празаікам, з літаратара — выдаўцом, з графіка — блогерам… Я мяняўся і змяняўся. Ніколі я не баяўся пачаць з нуля, не палохаўся пайсці ў невядомае, і я не шкадую пра зробленае, хутчэй турбуюся пра нязробленае ды няздзейсненае. А нікога і нічога я не баяўся, бо дзед мяне навучыў працаваць на зямлі, навучыў авечкі пасьвіць. Калі што якое, я пашлю ўвесь фанабэрысты, нахабны, пыхлівы свет дробных чалавечкаў у чортаву прорву і пайду ў поле да бараноў з ягнятамі. Ніхто мяне там не знойдзе, бо ўсім напляваць на вясковага пастуха, на чалавека ў кепцы і ватоўцы, на чалавека з бутэлькай самагонкі ў кішэні. Хіба не? Так! Ёсць у мяне іншы варыянт сыходу, і ён таксама звязаны з жывёлаю. Калі якая прыгажосць і ўратуе чалавечы свет, дык гэта прыгажосць жывёлы. Я хачу, каб мяне ўратавала малпа. Маленькая мартышка з мянушкаю Чыча мне падыходзіць больш за астатніх прадстаўнікоў фауны. Такую Чычу можна набыць у Абхазіі. Я даведваўся, у Сухумі мартышку можна купіць. А з такой малпаю і фотаапаратам я зраблюся каралём чарнаморскіх пляжаў. Фота з Чычаю на доўгую памяць пра лета, пра адпачынак, пра мора… Хіба ты зможаш сабе адмовіць у такім задавальненні? Да мяне будзе стаяць чарга!!! А я буду паўтараць і паўтараць асноўны працоўны сказ: «Чыча, глядзі на тату!» З малпай і фотаапаратам можна пражыць доўгае і шчаслівае жыццё прыморскага мастака. Чыча сваё возьме, бо побач з малпаю ўсе людзі выглядаюць прыгажунамі і прыгажунямі. Не трэба спрачацца. Прыём правяраўся тысячагоддзямі. На партрэтах каралёў маляваліся розныя сабачкі-пачваркі, каты-драпежнікі і малпы, малпы, малпы. Каб чалавек выглядаў на сапраўднага караля, яго ставілі сярод ліліпутаў, карлікаў і гарбуноў. Каб каралеўская вопратка глядзелася густоўнай і элегантнай, недаросткаў апраналі ў стракатае, латанае-пералатанае, цыркавое адзенне. Так было і так ёсць. Паглядзі ў тэлескрыню. Чучы ў стракатых апранахах скачуць па экрану. Чучы, чачы, чычаліны з чупалучамі, чупадрычы з чыпадручамі танчаць, скачуць, верашчаць і пахіхікваюць, б’юць у барабаны і выдзімаюць з дудачак вушараздзіральны свіст. У іх заўсёды свята, у іх кругласуткавы аншлаг, у іх бясконцая клубная камедыя. Адно баляванне змяняецца другім баляваннем, з фуршэту чучы скачуць на фуршэт, з вечарынкі — на вечарынку, з прэзентацыі — на прэзентацыю… Чучы карнаваляць і карнаваляць. І здаецца, што калейдаскапічнае карнавальства бясконцае. Так яно выглядае, пакуль не з’яўляецца кароль. Нямая сцэна. Чучы, чачы, чычаліны з чупалучамі, чупадрычы з чыпадручамі заміраюць у паставах адданасці. Як той казаў, карціна маслам «Кароль і малпы»! Табе падабаецца? Мне гідка! Малюнак Адама Глобуса Я грэбліва стаўлюся да тэле-малпаў, бо люблю малпу звычайную, малпу сапраўдную. Люблю малпу Чычу, якая дапаможа зрабіць чалавека з кожнага, з цябе ў тым ліку. Ты возьмеш маю Чычу на рукі, я скажу «Чыча, глядзі на тату!», і ў цябе на ўсё жыццё застанецца маленькая картачка з тваім чалавечым абліччам. Да заўтра! Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус.
|
|