21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Андрэй Хадановіч напісаў сваю самую шчырую кнігу

26.08.2009 08:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёньня ў Менску адбудзецца гучная паэтычна-музычная акцыя "Мэдыюм", у межах якой адзін з найбольш яскравых сучасных беларускіх паэтаў Андрэй ХАДАНОВІЧ прэзэнтуе кнігу вершаў "Бэрлібры" і аўдыёкнігу "Абменьнік". Напярэдадні імпрэзы літаратар адказаў на пытаньні TUT.BY.  — Андрэй, чаму зборнік называецца менавіта "Бэрлібры" а не "Вэрлібры"? Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Менску. Скончыў філфак і асьпірантуру БДУ. Выкладае францускую літаратуру на філфаку БДУ. Аўтар зборнікаў паэзіі "Листи з-під ковдри" (Кіеў, 2002), "Старыя вершы" (2003), "Лісты з-пад коўдры" (2004), "Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі" (2005), "From Belarus with Love" (Кіеў, 2005), "Сто лі100ў на tut.by" (2006). Перакладае на беларускую мову з ангельскай, польскай, расійскай, украінскай, францускай.— Гэта назва-каламбур. З аднаго боку, гэта вэрлібры (вершы, што будуюцца на інтанацыйна-сынтаксічнай аснове, не зьвязаныя ані пастаяннай рыфмай, ані мэтрыкай — К. Л. ), але яны нараджаліся ў Бэрліне і распавядаць пра Бэрлін. Пасьля, праўда, вэрлібры пісаліся ў Варшаве, Кракаве, Братыславе, а сваёй вяршыні дасягнулі ў Менску. Але, усё адно, з досьведам і праз прызму Бэрліна.    — У чым галоўнае адрозьненьне "Бэрлібраў" ад вашых папярэдніх зборнікаў?  — Найперш, у форме. У Бэрліне аматар традыцыйнай вершаванай паэзіі, якім мяне ўсе лічылі, перайшоў да вэрлібру. Па-другое, гэта паэзія больш унівэрсальная, бо ня так прывязаная да беларускага кантэксту. Тут менш намёкаў, гульняў зь беларускімі рэаліямі, менш цытат з айчыннай літаратуры. І як паказвае практыка перакладаў (мае вэрлібры ўжо перакладаліся на ўкраінскую, польскую, чэскую, нямецкую, расійскую мовы), яна можа быць цікавая ня толькі беларусам, але і чытачам у іншых краінах. Апроч таго, аўтар не хаваецца за гумарам і іроніяй, сатырай. Гэта мая найбольш шчырая і сур’ёзная кніжка, якая складаецца зь пераважна інтымных і спавядальных вершаў.   — Вы выступалі з чытаньнямі ў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыне, Украіне… Дзе іншамоўная публіка успрымала іх найбольш адэкватна? — За выняткам Украіны, дзе беларускія вершы разумеюць без перакладчыка, усе астатнія вечарыны былі дзьвюхмоўнымі. То бок, сьледам за беларускамоўным тэкстам перакладчык чытаў іншамоўны варыянт. Хоць шмат каго, асабліва славянаў, арыгіналы цікавілі нават больш за пераклад. Ім падабалася разумець пэўныя рэчы. А можа, людзей чапляе энэргетыка выступу ці мэлёдыка слова, бо, як казаў клясык, вершы — гэта найлепшыя словы ў найлепшым парадку. Я стараюся да гэтага імкнуцца.  — Раней вы адзначылі, што ваша творчасьць — "голас цалкам прыватнага чалавека, які ня вучыць жыць, бо сам ня ведае, як гэта робіцца". А для чаго вы пішыце, што імкнецеся данесьці да чытача? — Звычайна такія рэчы адбываюцца інтуітыўна. Яшчэ Леў Талстой жартаваў: "Можешь не писать — не пиши". Я чалавек досыць лянівы. Калі мне не стае сілы дайсьці да паперы, кампутара, калі не адчуваю моцнай патрэбы, я не пішу. Калі ж зрываюся і бягу нешта зацеміць, значыць адбываецца маленькі цуд. Перш за ўсё, вялікую асалоду прыносіць сам працэс напісаньня. Гэта кайф, які немагчыма купіць у легальных ці нелегальных распаўсюднікаў. Ня меншая радасьць за напісаньне — дзяліцца тэкстамі зь іншымі людзьмі. Штосьці паказваеш у вузкім інтымным коле, штосьці — унівэрсытэцкім інтэлектуалам і калегам-літаратарам… Можна адчуваць чароўнасьць элітарнага, камэрнага чытаньня і чароўнасьць вялікага эстраднага выступу.    Паэтычна-музычная акцыя “Мэдыюм”.7 лютага. 19.30. Менск. Вялікая заля Тэатру-студыі імя Я. Міровіча Беларускай дзяржаўная акадэміі мастацтва (Незалежнасьці, 81, 2 паверх).У прэзэнтацыі новых кніг Андрэя Хадановіча ўдзельнічаюць гурты BAND_A, INDIGA, Сяргей Пукст, "Рацыянальная дыета", паэты Джэці (Вера Бурлак), Дзьмітры Дзьмітрыеў, Віктар Жыбуль, Марыйка Мартысевіч, Сяржук Мядзьведзеў. Уваход вольны.— У нядаўнім інтэрвію беларускі літаратар-постмадэрніст Альгед Бахарэвіч, які жыве ў Нямеччыне, назваў вас зоркай беларускай літаратуры. А кім вы сябе адчуваеце? — Зрэдчас мне выпадае адчуць сябе публічнай пэрсонай. Калі пачынаеш чытаць інтэрнэт і бачыш згадкі пра сябе, разумееш, што ты займаеш хай маленькі, але ўсё-ткі кавалак часу, роздумаў іншых людзей. Гэта дзіўнае адчуваньне. Праўда, не заўжды прыемнае. Гэтак, летась прыехаў на ўкраінскі фэстываль. Паплаваў на параплаве ў вузкім коле літаратараў па Дняпры, і ў страшнай гарачыні праз адсутнасьць экіпіроўкі зладзіў нудысцкі заплыў па рацэ. Праз пэўны час здымкі аголенага Хадановіча зьявіліся ня толькі ў сеціве, але і на вокладцы аўтарытэтнага часопіса "Книжник-Review". Я папросту недаацаніў сваёй вядомасьці, інакш бы дзесяць разоў падумаў перад тым, як лезьці ў ваду.  Здорава, што для кагосьці ты апынаесься крыніцай добрага настрою. Я рэгулярна атрымліваю водгукі ва ўласным інтэрнэт-блогу ці электронныя лісты на e-mail. Часам гэта проста падзякі за тое, што я раблю. Часам — прафэсійныя ацэнкі, шчырыя і непасрэдныя.  Хаця, па вялікім рахунку, уся наша "вядомасьць" — вельмі ўмоўная. У краіне, дзе тэлебачаньне паказвае хутчэй хакеістаў і біятляністаў, паэты ня могуць быць зоркамі. Таму мы ўсё ж-ткі гаворым пра шырокую вядомасьць у вузкіх колах. Увесь народ апрыёры ня можа цікавіцца паэзіяй. І гэта добра, бо ўсеагульная зацікаўленасьць паэзіяй вымагала б ад аўтара неймавернай папсовасьці. А гэта непрыймальна.   — Кажуць, што па-расійску, усімі стылямі напісана ўсё, што магчыма. А што яшчэ не сказана ў беларускай літаратуры?  — Як паказвае практыка, штосьці заўсёды робіцца ўпершыню. Пачынаеш займацца цэнтонамі (складаньне новых твораў з цытатаў папярэднікаў) і выяўляецца, што да цябе ў Беларусі гэтым не займаліся. Хаця лацінскамоўныя ваганты складалі іх яшчэ ў сярэднявеччы. Стагодзьдзямі ангельцы і ірляндцы пішуць лімэрыкі, а ў нас да мяне за гэта ніхто ня браўся. Натуральна, гэта зручная пазыцыя. Бо дрэнную якасьць можна сьпісаць на сваё першапраходніцтва. На шчасьце, знаёмства з найлепшымі маладымі ўкраінскімі, польскімі, расійскімі, літоўскімі літаратарамі дае магчымасьць правяраць на іх тое, што я раблю. Чырванець пакуль не выпадала.  Раптам выяўляецца, што ў сьвеце ўжо даўно папулярная аўдыё-літаратура, а ў нас яна толькі робіць пачатковыя крокі. Я, нібы дзіця, радуюся, напрыклад, першым беларускім аўдыё-казкам ці гістарычным аповесьцям Уладзімера Арлова, запісаным на CD. Мне таксама пашчасьціла ўпершыню запісаць аўдыё-дыск уласнай паэзіі і замежных перакладаў. Прычым зь вельмі густоўным музычным суправаджэньнем магілёўскага паэта і гукарэжысэра Дзьмітрыя Дзьмітрыева. Аранжыроўка часам дазваляе зірнуць на знаёмы тэкст зусім зь іншага гледзішча. Гэта можа быць — як у нас зь Сяргеем Пукстам - своеасаблівым інтэрмастацкім дыялёгам, джэм-сэйшнам, і ўсе, хто прыйдуць сёньня на наш "Мэдыюм", могуць у гэтым пераканацца.  Гутарыў Кастусь ЛАШКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёньня ў Менску адбудзецца гучная паэтычна-музычная акцыя "Мэдыюм", у межах якой адзін з найбольш яскравых сучасных беларускіх паэтаў Андрэй ХАДАНОВІЧ прэзэнтуе кнігу вершаў "Бэрлібры" і аўдыёкнігу "Абменьнік".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика