Сяргей Дубавец. СВАБОДА. «Карта беларуса»Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». Пасля ўвядзення Польшчай «Карты паляка» (візавых ільготаў для этнічных палякаў, што жывуць у іншых краінах), МЗС РБ заявіў пра пагрозу дэстабілізацыі ўнутранага становішча ў Беларусі, а дасціпныя каментатары зараз жа прапанавалі ўвесці «Карту беларуса». З гледзішча «прагматычнага патрыятызму» (так польскую ініцыятыву акрэсліў шаноўны Пётра Садоўскі), так яно і мусіла б быць. Бо колькасць патэнцыйных атрымальнікаў «Карты паляка» сярод грамадзян Беларусі (900 тысяч, паводле афіцыйных падлікаў) з коптурам пакрываецца колькасцю этнічных беларусаў, што маюць грамадзянства Польшчы, краінаў Балтыі, Расіі і Ўкраіны. З гледзішча нармальнай логікі «Карта паляка» толькі падштурхоўвае нас, беларусаў, да нацыянальнай кансалідацыі, да абуджэння нашых патрыятычных пачуццяў, да клопату пра прэстыж Радзімы. А гэта хіба не галоўныя стымулы развіцця любога грамадства? Што ж тады так напалохала нашых чыноўнікаў? І чаму пазітыўны стымул развіцця яны называюць «дэстабілізацыяй становішча», белае — чорным? Той, каму даводзілася жыць за мяжою, не мяняючы сваё беларускае грамадзянства, напэўна, не аднойчы здзіўляўся няласкавасці Радзімы да сваёй асобы. Адкуль гэты даскрымінацыйны настрой? Цябе пастаянна б’юць («рублём», поглядам, словам) за тое, што ты захоўваеш вернасць. Скажам, абмяняць беларускі пашпарт у пасольстве табе каштуе ледзьве не ў 10 разоў больш грошай і ледзьве не настолькі ж большага часу, чым калі б ты жыў на тэрыторыі РБ. Словам, наш «прагматычны патрыятызм» — гэта поўная процілегласць таму, пра які піша спадар Садоўскі. «Вы дзяйсцьвіцельна гражданін РБ? А зачэм вы жывёце не там?» Табе дзела? Ты палюбі мяне за тое, што я падзяляю з табой тваю супольнасць ды яшчэ й звяртаюся да цябе на роднай мове, якую ты даўно забыў і выкінуў, як што нядобрае. Палюбі мяне так, як я люблю сваю Радзіму. Усю люблю, якая ёсць. Разам з табой, гаўнюком, дарэчы. Можа быць ты проста не ведаеш, што гэта такое — любіць? Любіць трэба сваіх беларускіх палякаў. Бо калі яны і адкажуць «дэстабілізацыяй абстаноўкі», дык не на «Карту паляка», а на няласкавасць да іх з боку беларускага чынавенства. «Карта беларуса» — і сапраўды гучыць дзіўнавата. Бо ў яе напаўненні зместам аніяк не ўдзельнічае сённяшняя ўлада РБ. Я ведаю шмат нашых супляменнікаў-замежнікаў, якія хочуць бываць у Беларусі і віталі б любыя візавыя палёгкі. Але бываць — для чаго? Ніякай прагматыкі. Толькі прырода і толькі людзі, ды яшчэ дзе-нідзе цудам ацалелы фрагмент старой забудовы, а ўсё разам — аўра, якая ў нашай краіне захавалася, нягледзячы на ўсе квазіцывілізацыйныя ўмяшанні ўлады. Працаваць або вучыцца замежны беларус сюды масава не паедзе. Мы ўсе назіраем цалкам адваротны працэс. І кіраўніцтва краіны гэта разумее. Але з-за поўнай адсутнасці крытычнага погляду на самое сябе і з-за нейкіх «важнейшых» задач (напрыклад, захавання ўлады), яно, кіраўніцтва, нават не дапускае думкі — а што б гэта зрабіць такое, каб захацелася замежнаму супляменніку вучыцца і працаваць на Радзіме? Яно, кіраўніцтва, бачыць падвох у наступствах, а не ў выніках таго становішча, якое стварыла само. І кожнага прагнага прыехаць у Беларусь спыняе найперш боязь і нежаданне ўступаць у дачыненні з тутэйшаю ўладай. Нават гутаркі пра турызм з чынавенскіх вуснаў маюць у сваім кантэксце адно «шмат грошай», якія б чамаданамі пацяклі ў краіну, а не тое, для чаго той турыст сюды паедзе. Ну не для таго ж, каб паляжаць у джакузі пяцізоркавага гатэля на вуліцы Пераможцаў. Можна, вядома, пайсці ад адваротнага і паказаць яму, як мы з крывых бетонных блокаў будуем муляжы на месцы бязлітасна знесенай старой гарадской забудовы. Задача здзівіць выдумкай, творчасцю, нечаканым вобразам — не стаіць. Задача захаваць тую беларускую аўру — самае каштоўнае, што ў нас ёсць — тым больш. У гэтым сэнсе адна кніга Артура Клінава «Горад СОНца» зрабіла для прыцягнення ў Мінск замежнікаў нашмат болей, чым усе тутэйшыя чыноўнікі. Бо аўтар даў гораду легенду, прыдатную для стварэння цэлай індустрыі турызму. Але па тым, як гэтая кніга пачала свой шлях да чытача (мізэрны наклад, саматужнае выдавецтва), можна меркаваць, што легенда дойдзе да адрасата хіба што ў наступным пакаленні. Роўна тады, калі мы пераадолеем сваё сённяшняе цывілізацыйнае адставанне ад суседняй Польшчы і з поўным усведамленнем «прагматычнага патрыятызму» ўвядзем такі сваю «Карту беларуса». Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец. |
|