У офісе ТБМ адбылася першая дыктоўка па беларускай мове ў рамках агульнанацыянальнай акцыі
15 сакавіка ў Мінску ў офісе грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) адбылася першая дыктоўка па беларускай мове ў рамках агульнацыянальнай акцыі, прымеркаванай да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзел у ёй узялі каля 20 чалавек — культурныя дзеячы, прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі і замежных дыпламатычных місій.
Часовы павераны Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак, прэс-сакратар пасольства Польшчы Моніка Садкоўска, саветнік пасла Літвы Дарыус Віткаўткас, пасол Украіны Ігар Ліховы прачыталі ў перакладзе на беларускую вершы паэтаў сваіх краін пра мову. Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў у перакладзе на англійскую мову адзін з санетаў Янкі Купалы. Дыктоўку яе ўдзельнікам зачытвала выкладчыца беларускай мовы больш чым з 30-гадовым стажам з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч. У якасці тэксту была выбрана прадмова Францішка Багушэвіча да яго кнігі "Дудка беларуская". Ініцыятар агульнанацыянальнай дыктоўкі, палітолаг Уладзімір Падгол сказаў: "Гэта падзея — дэманстрацыя таго, што беларускую мову любяць, шануюць і што яна жывая. І гэта толькі першае мерапрыемства агульнанацыянальнай падзеі, якая мае назву "Першая нацыянальная дыктоўка". Ён нагадаў, што масавая дыктоўка пройдзе таксама 23 сакавіка. "Я ведаю, што 21 сакавіка падобная дыктоўка адбудзецца ў Вільнюсе ў будынку Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і ў іншых краінах, у тым ліку ў Латвіі і Венгрыі", — паведаміў У.Падгол. Старшыня ТБМ Алег Трусаў зазначыў, што гэта мерапрыемства чарговы раз паказвае, што 21-е стагоддзе — гэта не толькі век глабалізацыі, але і век развіцця рэгіянальных культур і моў. "Беларусь стала настолькі вядомай краінай, што яе самабытную мову ўшаноўваюць і ў суседніх краінах, і ў далёкіх еўрапейскіх краінах, і ў ЗША, — сказаў кіраўнік ТБМ. — Выстаяўшы перад усімі выпрабаваннямі, беларуская мова не толькі захавалася, але і развіваецца паводле сваіх законаў, якія ніякія ўлады не змогуць адмяніць". Кіраўнік аддзялення ў Мінску пасольства Швецыі ў Маскве Стэфан Эрыксан зазначыў, што вельмі любіць беларускую мову і ўзяў удзел у гэтай дыктоўцы, каб паказаць сваё стаўленне да яе. "Хоць у Швецыі ніколі не стаяла пытанне мовы, але для мяне, як для носьбіта малой еўрапейскай мовы, кожная мова важная і шаноўная. І калі хоць нейкім чынам маё такое стаўленне да беларускай мовы некага натхніць, я буду вельмі задаволены", — адзначыў дыпламат. Нагадаем, агульнацыянальная дыктоўка па беларускай мове будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Яе пераможцы атрымаюць розныя прызы. Фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі мяркуецца прадэманстраваць у Беларусі і тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью-Йорку. Алесь Князюк Фота - "Еўрарадыё" Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 сакавіка ў Мінску ў офісе грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) адбылася першая дыктоўка па беларускай мове ў рамках агульнацыянальнай акцыі, прымеркаванай да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. |
|