Ярмошына: “Хацела б патрапіць у Чэхію, Венгрыю, Парыж і Венецыю"
Лідзія Ярмошына хацела б з’ездзіць у Парыж і Венецыю. Аляксандр Зімоўскі марыць пабачыць Берлін і свае замарожаныя актывы. Сяргей Касцян лічыць, што ў "замызганай" і бруднай Еўропе няма чаго рабіць. Анатоль Рубінаў столькі вандраваў, што нікуды ехаць больш не хоча. А “ціхаму вар’яту” Мікалаю Лазавіку для адпачынку хапае айчыннага возера і вуды.
Зміцер Панямонаў Тыдзень таму Савет ЕС вырашыў працягнуць да 10 красавіка 2009 года санкцыі ў адрас 41 беларускага чыноўніка. За выключэннем міжнародных канферэнцый пад эгідай ААН, АБСЕ або ўласна ЕС, пералічаным у спісе асобам забаронены ўезд і транзіт па краінах Еўрапейскага Саюза. Нагадаем, што санкцыі ў адрас беларускіх чыноўнікаў былі прынятыя Еўрасаюзам у красавіку 2006 г. У кастрычніку таго ж году іх пашырылі, а ў сакавіку 2007-га працягнулі да 10 красавіка бягучага году. Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе адпачываюць “неўязныя” ў еўрапейскія краіны беларускія чыноўнікі. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына расказала Еўрарадыё, што тры гады запар ездзіла адпачываць у Турцыю і больш не хоча, - там не засталося нічога цікавага, што ёй хацелася б паглядзець. Таму сёлета паедзе ў Егіпет. Але вельмі хацела б патрапіць у Чэхію, Венгрыю і асабліва - ў Парыж і Венецыю. Лідзія Ярмошына: “Сёлета я планую ў Егіпет паехаць. Менавіта ў сувязі з тым, што я неўязная ў Еўропу. Таму я езджу альбо ў азіяцкія краіны, альбо на чарнаморскае ўзбярэжжа Расіі. З задавальненнем паехала б у краіны Еўропы. Прынамсі, мяне цікавіць Чэхія. Так атрымалася, што я не была ў гэтай краіне. Я неаднаразова была ў Венгрыі, але мне падабаецца гэта краіна. І я не бачыла таго, што з’яўляецца марай кожнага чалавека - Парыж і Венецыю”. Па яе словах, у іншых краінах яе ў першую чаргу цікавяць іх гісторыя і культура. Таму яна наведвае музеі і гістарычныя помнікі. З-за немагчымасці пабачыць гэта ў еўрапейскіх краінах старшыня Цэнтрвыбаркаму і пакрыўджаная на тых, хто ўнёс яе у спіс неўязных. А паездкі дзеля шопінгу, кажа, яе не цікавяць. Лідзія Ярмошына: “Я лічу бессэнсоўным траціць адпачынак на крамы. Я ў іх проста губляюся. Таму, для мяне шопінг нешта немажлівае, нават калі б я магла ездзіць куды заўгодна і калі заўгодна”. Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі сёлета ўжо быў у адпачынку - ездзіў з сям’ёй на Персідскую затоку. Куды канкрэтна, не ўдакладніў. Але кажа, што ўдзячны Савету ЕС за тое, што яго зрабілі неўязным у еўрапейскія краіны. Маўляў, такім чынам яго пазбавілі неабходнасці “прыніжацца ў чарзе па візу ў іх амбасадах”. Аляксандр Зімоўскі: “Зараз еўрапейскія краіны так здзекуюцца з людзей, якія прыходзяць па візы ў іх амбасады, што сорамна глядзець на гэты цырк! Таму я лепш у нейкія безвізавыя краіны буду ездзіць, чым стаяць у чарзе і кланяцца чынавенству дыпламатычнаму, ці хто там сядзіць у іх амбасадах”. З пункту гледжання шопінгу паездкі ў Еўропу кіраўніка беларускага тэлебачання не цікавяць. Кажа, яны з жонкай не шопаголікі. А вось Берлін, які яму вельмі падабаецца, наведаў бы. Аляксандр Зімоўскі: “Берлін - гэта горад маёй мары. Я з задавальненнем пайшоў бы ў Пергамон, паглядзеў бы замак Шлосбург ізноў. Я быў у Берліне неаднаразова, і ён мне вельмі падабаецца”. Праўда, па яго словах, ёсць у яго і яшчэ адна нагода з’ездзіць у Еўропу, - паглядзець на свае замарожаныя рахункі. Якіх, кажа, не існуе ў прыродзе. Аляксандр Зімоўскі: “Толькі адна цікавасць у мяне да паездак у Еўропу - паглядзець на мае сусветнавядомыя замарожаныя актывы”. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касцян патлумачыў Еўрарадыё, што на адпачынак у Еўропу едуць толькі неразумныя людзі. Рабіць там няма чаго і глядзець няма на што. Але калі вельмі хочацца замежжа - можна паехаць на Кубу. Сяргей Касцян: “Ехаць у гэтую "замызганую" чарапічную Еўропу і траціць грошы могуць толькі людзі неразумныя. Калі толькі з-за цікаўнасці туды можна паехаць на тыдзень. Але адпачываць туды ні адзін разумны чалавек не паедзе. А калі вельмі ўжо хочацца адпачываць за мяжой, і ёсць у цябе грошы, то паехаў на Кубу, самы вядомы курорт Варадэра, кажуць, гэта трэці рай на зямлі, дарэчы, я там быў, дык паехаў туды і адпачываў. І не трэба гэта тлустая Еўропа, замызганая і брудная. Нічога там няма!” Сам дэпутат адпачывае ў санаторыі “Сосны” на Нарачы. Аматарам незвычайнага раіць наведаць Байкал, дзе народны абраннік ужо купаўся, альбо Ісык-Куль у Кіргізіі. Таму ніякага дыскамфорту, кажа, ад таго, што яго “разам з прэзідэнтам” унеслі ў спіс неўязных, не адчувае. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў адпачынак праводзіць на лецішчы. Кажа, ён столькі паездзіў па свеце, што нічога для яго цікава там ўжо не засталося. Нават шопінг яго не цікавіць, бо ўсё неабходнае можна набыць у Мінску. Анатоль Рубінаў: “Я так шмат паездзіў па свеце і быў у столькіх краінах, працяглы час жыў за мяжой, таму зараз мяне нікуды не цягне, акрамя сваёй роднай Беларусі. Лепшага месца на зямлі ўсё адно няма. Цікаўнасці ў мяне ўжо няма, я ўсё гэта ўжо добра ведаю, а прыемней за ўсё быць дома”. Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік кажа, што адпачыць яму ў Турцыі альбо Егіпце ніякія санкцыі і забароны не перашкодзяць. Было б жаданне. А жаданне таго, кажа, у яго і няма. Сакратар прызнаўся Еўрарадыё, што з’яўляецца “ціхім вар’ятам” і любіць пасядзець у вольны час на беразе беларускага возера з вудай. Таму сёлета паедзе адпачываць у санаторый ў Віцебскай вобласці. Мікалай Лазавік: “У мяне ўжо намечаныя планы - адпачываю ў Віцебскай вобласці ў санаторыі “Баравое”. Там ёсць выдатнае возера, дзе можна паплаваць і павудзіць. А для мяне самы лепшы адпачынак, калі ёсць возера і ў руках вуда. Я, так бы мовіць, “ціхі вар’ят”. Ёсць буйныя, якія па лясах, палях і балотах бегаюць за зайцам, і ёсць “ціхія вар’яты”, якія ціхенька сядзяць каля рэчкі альбо возера і вудзяць”. Па словах чыноўніка, санкцыі Еўрасаюза супраць яго, у прыватным жыцці яму ні якім чынам не замінаюць. Але перашкаджаюць яго прафесійнай дзейнасці і развіццю дэмакратыі ў Беларусі. Санкцыі замінаюць Цэнтрвыбаркаму ў міжнароднай дзейнасці, а гэта адбіваецца на ўзаемадносінах з арганізацыямі, якія нібыта змагаюцца за дэмакратыю ў нашай краіне. Адзінае турбуе сакратара Цэнтрвыбаркаму - узровень коштаў у беларускіх санаторыях не адпавядае ўзроўню сэрвіса, які там прапаноўваюць. Мікалай Лазавік: “Адзінае - узровень камфорту нашых беларускіх санаторыяў неабходна павысіць. Кошты ў нас, скажам так, не нізкія, але ўзровень абслугоўвання трэба было б крыху павысіць”. Первоисточник: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лідзія Ярмошына хацела б з’ездзіць у Парыж і Венецыю.
|
|