Пярун і Лёля пад Баранавiчамi
Пярун і Лёля пад Баранавiчамi
Пярун, Дажджбог, Вялес, Зюзя... Якi пантэон дахрысцiянскiх багоў! Вялiкi пласт мiфалогii, нашай культуры многiмi ўжо забыты На тэрыторыi Баранавiцкага Цэнтра рамёстваў праходзiў абласны пленэр "Беларуская мiфалогiя ў манументальнай скульптуры". Сюды прыехалi разьбяры па дрэве не толькi з Брэстчыны, але i суседняй Гродзеншчыны. Народныя майстры павiнны былi выразаць язычнiцкiх багоў, якiя i застануцца назаўсёды тут — утвораць своеасаблiвы пантэон. Не ведаю, як у iншых рэгiёнах, але на Брэстчыне так шырока яны прадстаўлены ўпершыню. На пленэры сваё майстэрства паказалi дзевяць майстроў — сямёра з розных раёнаў сваёй вобласцi i двое з Гродна. Большасць з iх ужо вопытныя разьбяры i пабывалi на дзесятках падобных мерапрыемстваў, iм даводзiлася займацца аздабленнем цэркваў, грамадскiх устаноў, паркаў, працаваць на радзiме знакамiтых людзей, напрыклад, Напалеона Орды, цi афармляць у народным стылi звычайную карчму. Сякерай, долатам, як i электрапiлой, майстры валодаюць дасканала, i назiраць за iх работай — адно захапленне. За працу над язычнiцкiмi багамi майстры ўзялiся з задавальненнем, бо як давялося пачуць, гэта творчая работа i кожны мог выбраць сабе бога, якi найбольш па душы. Iван Супрунчык са Столiнскага раёна — вядомы народны майстра i сваю Каляду высек адной сякерай. Iншых iнструментаў ён не прызнае. — Сапраўды, майстра павiнен абыходзiцца сякерай. Некалi толькi так i працавалi, — кажа Супрунчык. I гаварыў гэта ён не ў крыўду iншым, бо лiтаральна ў метры ад яго рэзаў Вялеса яго калега з Драгiчынскага раёна Валерый Манцэвiч. Ён самы малады на пленэры i любiць тонкую работу, а тут без долата не абысцiся. Чаму выбраў Вялеса? А з той прычыны, што гэты бог заступнiк жывёлы i птушак. У Валерыя толькi трэцi пленэр, а ў Супрунчыка, можа, трыццаты — усе майстра не можа ўспомнiць. В. Манцэвiч працуе ў Антопальскiм Цэнтры рамёстваў i марыць з часам адкрыць сваю справу, звязаную з разьбой па дрэве, бо навошта мяняць прафесiю, якую набыў у Кобрынскiм прафесiйна-мастацкiм вучылiшчы. Сярод удзельнiкаў пленэру Iрына Кашнярук — адзiная жанчына, яна чаравала над Дажджбогам. На першы погляд неяк нязвыкла бачыць жанчыну з долатам цi электрапiлой, але, паназiраўшы за яе працай, ужо не прыкмячаеш гэтага. Iрына нi ў чым не саступае калегам i яе бог сапраўды свецiцца цяплом, праменiцца сонцам. У свой час Кашнярук працавала ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча", яе творы знаходзяцца ў мясцовым музеi, Iрына зрабiла роспiсы i ў рэстаране парку. Над Перуном карпеў Мiкалай Скляр, i мне падалося, што бог атрымлiваецца дужа дабрадушны i хоць трымае маланку, але чымсьцi пераклiкаецца з Несцеркам. — А хто Перуна бачыў? — спытаў разьбяр. I сапраўды, нiхто яго не бачыў, але я ў дзяцiнстве чуў, калi яшчэ не было асушана Палессе, як грымеў Пярун. Бывае, як лясне, то жанчыны хрысцiлiся i цалавалi абразы, а дзецi хавалiся пад ложак. Сёння гэты бог ужо згубiў былую сiлу. Па ўсёй тэрыторыi Цэнтра рамёстваў працавалi майстры — па адным цi, крыху ўбаку, пацелi над асiнавымi калодамi ўдвух. Анатоль Туркоў з электрапiлой шчыраваў над Зюзяй, а за метр ад яго заканчваў Цёцю Валянцiн Багдзевiч. Мужчыны ўжо сталага веку, i я зразумеў, што жыццё ў iх склалася. I хоць сёння ў многiх мастакоў ёсць праблемы з заказамi, А. Туркоў у Камянцы запатрабаваны. Калi там праходзiла свята беларускага пiсьменства, ён прымаў у афармленнi райцэнтра самы актыўны ўдзел. Скульптура Ефрасiннi Полацкай, якая стаiць каля Вежы, — яго твор. В. Багдзевiч з Гродна ў свой час 16 гадоў адпрацаваў у мастацкай майстэрнi, а сёння займаецца стварэннем парку ў вёсцы Каробчыцы. Гродзенскi мясакамбiнат вырашыў узвесцi там зону адпачынку накшталт вядомых "Дудутак" i фiнансуе работы. Разьбяры, як мне падалося, на лёс не наракаюць. Некаторыя з iх — сябры Саюза народных майстроў Беларусi, кiраўнiцтва якога стараецца, каб арганiзацыя жыла творча. З гэтай нагоды арганiзоўваюцца падобныя пленэры не толькi на Беларусi, але i за мяжой. I майстры лiчаць, што вельмi важна падтрымлiваць кантакты мiж сабой. Акрамя пералiчаных багоў, сярод бяроз каля ветрака будзе стаяць Лёля, якую выразаў Уладзiмiр Чыквiн з Кобрына, знойдзе сваё месца i Жыцень будаўнiка Вячаслава Дароцькi i напэўна ж не застанецца без увагi твор Аляксандра Лазеркi. Майстра растлумачыў, што ён выразаў бацьку багоў — Белуна. Заканчваючы размову, скажу, што гэты пленэр паказаў, як многа залежыць ад мясцовай улады. Райвыканкам падтрымаў задуму дырэктара цэнтра Мiхася Берната, народных майстроў сабрала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко, а там падключыўся лясгас i даставiў бярвеннi ў абхват... Наведвальнiкi Цэнтра рамёстваў будуць глядзець на старадаўнiх багоў, а тыя — на людзей, i можа ў кагосьцi ўзнiкне пачуццё прычынення да мiнулага... Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Баранавiцкага Цэнтра рамёстваў праходзiў абласны пленэр "Беларуская мiфалогiя ў манументальнай скульптуры". Сюды прыехалi разьб |
|