Гучнае "Не!" — вайне
Гучнае "Не!" — вайне
Нашчадкі вогненных вёсак: мiжнародны "круглы стол" Як ужо паведамляла "Звязда", у Сiлiчах прайшоў "круглы стол", падчас якога аналiзавалiся пытаннi ўвекавечання памяцi ахвяраў Другой сусветнай вайны. У абмеркаваннi бралi ўдзел гiсторыкi, архiвiсты, сведкi знiшчаных вёсак, ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны, супрацоўнiкi Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь", а таксама прадстаўнiкi замежных "роднасных" мемарыялаў. "Не маем права браць грошы за памяць людскую" Алег БАЕЎ, дырэктар Пiскароўскiх мемарыяльных могiлак Санкт-Пецярбурга: — Пiскароўскiя могiлкi — самае вялiкае ў свеце iнтэрнацыянальнае месца пахавання ахвяраў Другой сусветнай вайны. Па афiцыйных звестках, там пахавана 490 тысяч чалавек. Па iншых звестках — 631 тысяча. Рэальная лiчба, вядома ж, большая. Пiскароўскiя мемарыяльныя могiлкi ў год наведвае каля паўтара мiльёна чалавек. Прычым за два апошнiя гады колькасць наведвальнiкаў павялiчылася ўдвая. 186 — гэта лiчба значыцца на Могiлках спаленых вёсак у Хатынi: менавiта столькi беларускiх вёсак, знiшчаных у час вайны, не былi адноўлены. А на Пiскароўскiх могiлках — 186 брацкiх магiл, у якiх пахавана амаль паўмiльёна людзей. Такое вось трагiчнае супадзенне... На могiлках таксама звыш 6 тысяч iндывiдуальных воiнскiх пахаванняў, 6 участкаў iндывiдуальных грамадзянскiх пахаванняў. Мемарыяльны комплекс быў адкрыты 9 мая 1960 года. На працягу апошнiх чатырох гадоў iдзе комплексная рэстаўрацыя i рэканструкцыя, якую плануем завяршыць да 9 мая 2010 года — да 65-годдзя Перамогi нашых народаў у Вялiкай Айчыннай вайне. На рэканструкцыю выдзелены 1 млрд рублёў. На працягу многiх гадоў зямля давала прасадку. Пастаянна iдзе падсыпка надмагiльных пагоркаў, бо яны да гэтага часу даюць прасадку. Зiмой 1942 года былi днi, калi на Пiскароўскiя могiлкi штодзённа прывозiлi да 10 тысяч трупаў. Узрывалi траншэi, укладвалi целы, засыпалi зямлёй. Да гэтага часу адбываецца ўсадка... Выдаём лiтаратуру, прысвечаную блакадзе Ленiнграда, Пiскароўскiм мемарыяльным могiлкам. Гэтая лiтаратура не падлягае продажу — раздаём яе бясплатна. Экскурсiйнае абслугоўванне ў нас таксама бясплатнае. Мы лiчым, што не маем права браць грошы за экскурсii на памяцi людзей. Гэтая наша пазiцыя падтрымана ўладамi горада. Мемарыял цалкам фiнансуецца з бюджэту Санкт-Пецярбурга, яго курыруе камiтэт па працы i сацыяльнай абароне насельнiцтва. "Калi б не гераiчная Савецкая Армiя — хто ведае, дзе б мы былi..." Анчо Марынаў, вядучы супрацоўнiк мемарыяльнага комплексу "Лiдзiцэ" (Чэхiя): — Помнiк у Хатынi i помнiк у Лiдзiцэ аб’ядноўвае падобная трагедыя часоў Другой сусветнай вайны. Адрозненне ў тым, што ў Беларусi трагедыя была ў некалькi разоў большая, чым у Чэхii i ўвогуле ў былой Чэхаславакii, дзе ў час Другой сусветнай вайны загiнула 350 тысяч чалавек. Помнiкi i мемарыялы — не толькi памяць, але i напамiн для сучаснай моладзi i для будучых пакаленняў: каб нiколi падобныя злачынствы не паўтаралiся. Агульнавядома: для народа, якi не ведае сваё мiнулае, ствараецца пагроза зноў — наноў! — усё перажыць. I яшчэ вось пра што неабходна сказаць. Калi б не гераiчная Савецкая Армiя, якая вызвалiла Чэхаславакiю, — хто ведае, дзе б мы былi, калi б германскi фашызм перамог у вайне... Лiдзiцэ — шахцёрскi пасёлак, што за 30 км ад Прагi, быў знiшчаны эсэсаўцамi 9 чэрвеня 1942 года. Жыхароў абвiнавацiлi ва ўкрывальнiцтве чэхаславацкiх патрыётаў. Пасёлак Лiдзiцэ спалiлi i зраўнялi з зямлёй. Загiнула 340 чалавек з 500, якiя жылi тут да вайны. У 1945 годзе на месцы Лiдзiцэ з’явiўся музей. А побач пабудавалi новы пасёлак. У Лiдзiцэ праводзяцца мастацкiя выстаўкi, прысвечаныя памяцi ахвяраў фашызму. У 2002 годзе завяршылася трэцяя рэканструкцыя мемарыяла. У нас вялiкi сад ружаў — звыш 24 тысяч кустоў, больш як сто гатункаў. Сад ружаў у Лiдзiцэ — самы вялiкi ў сярэдняй Еўропе... Мацi Пiрчупiса Альвiдас ВАЛЕЙША, вiцэ-мэр Варэнскага раёна Лiтвы, i Дайва Наркаускене, жыхарка вёскi Пiрчупiс, супрацоўнiк Лiтоўскага нацыянальнага музея: — Вёска Пiрчупiс Варэнскага раёна Лiтвы была спалена нямецкiмi акупантамi ў 1944 годзе разам са 119 жыхарамi. Помнiк ахвярам фашызму быў узведзены ў 1960 годзе, ён уключае гранiтную статую "Мацi" (сiмвал народнага гневу i жалобы), сцяну з iмёнамi загiнулых... Трагедыя вёскi Пiрчупiс вельмi падобная на хатынскую. Партызаны — абстрэл нямецкай калоны — карнiкi... Дзецi, дарослыя, старыя былi таксама сагнаны ў хлеў... У Варэнскiм раёне ёсць абшчына беларусаў — больш як 200 чалавек. Вырашаем пытанне аб спрошчаным пераходзе праз мяжу — каб людзi мелi магчымасць хутка i без праблем сустракацца са сваякамi. Цi завiтае ў Хатынь рэйсавы аўтобус? Дырэктар ДМК "Хатынь" Канстанцiн Мiшын паведамiў, што мемарыял у наступным годзе адзначыць 40-гадовы юбiлей. Аўтары мемарыяла лаўрэаты Ленiнскай прэмii Юрый Градаў i Леанiд Левiн адзначылi, што ў ДМК "Хатынь" няма заклiку да насiлля, тут гучнае "Не!" вайне". Сведка трагедыi Хатынi Вiктар Жалабковiч узняў i праблемнае пытанне: — Раней у Хатынь хадзiла некалькi рэйсавых аўтобусаў. Цяпер у мемарыяльны комплекс не даехаць: нiякага транспарту. Аднойчы з жонкай вырашылi ўсёй сям’ёй, з дзецьмi i ўнукамi, з’ездзiць у Хатынь — але... Абавязкова павiнна быць магчымасць для ўсiх ахвотнiкаў наведаць Хатынь. Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як ужо паведамляла "Звязда", у Сiлiчах прайшоў "круглы стол", падчас якога аналiзавалiся пытаннi ўвекавечання памяцi ахвяраў Друго |
|