Жаночы твар вайны
Жаночы твар вайны
У свае 85 Соф’я Андрэеўна Троц трымае спіну роўна, як калiсьцi яе навучылi на фронце, у баявой часцi. Сёння яна не глядзiць фiльмы пра вайну. Яна ведае пра яе ўсё — ад першага да апошняга дня. Соф’я Андрэеўна ў 1941-м васемнаццацiгадовай дзяўчынай зазiрнула ў смутны твар вайны. І глядзела на яе ўсе чатыры гады вачамi санiтаркi, медсястры, сувязiсткi — радавой Вялiкай Айчыннай. На пяты дзень акупацыi фашысты ўвайшлi ў Баранавiчы. Соня, студэнтка мясцовага настаўнiцкага iнстытута, аказалася адрэзанай ад роднага горада Ельска, што каля Мазыра. Ехаць дадому было немагчыма. Вакол была панiка... Соф’я Андрэеўна прызналася, што рашэнне пакiнуць горад, да якога наблiжаўся вораг, было прынята адразу. З часцямi 55-й дывiзii Соня з сяброўкай адступалi да самай Масквы. У першы год вайны яна была санiтаркай. "Былi вельмi цяжкiя баi пад Масквой,— успамiнае яна.— Сотнi забiтых, параненых. Мы ўжо не баялiся гэтага, звыклiся. Выцягвалі дзесяткамi салдат з поля бою. Вельмi хацелася дапамагчы кожнаму. Не бачылi часам, што i самi былi ў ранах. Не адчувалi болю. Мы не спалi па трое сутак. Параненых байцоў прывозiлi вельмi часта. За два днi зношвалi тапкi, бо не было i хвiлiнкi, каб прысесцi. Салдаты часта клiкалi: сястрычка дапамажы, падай вады, прынясi цыгарку, напiшы пiсьмо..." Камандаванне шпiталя заўважыла стойкасць, мужнасць, моцны характар радавой Троц. У 1942 годзе яна была пераведзена ў баявую часць армii генерала Конева. Скончыла курсы сувязiстаў. З баямi прайшла ад Масквы да Варшавы. Там у Польшчы, так блiзка да краiны ворага, яе чакала самае цяжкае выпрабаванне вайны — Вiсла-Одэрская аперацыя. "Атрымалi аднойчы загад, — успамiнае Соф’я Андрэеўна, — наладзiць сувязь. У той жа момант пачалося наступленне. Навокал рвалiся снарады, бомбы. Гарэла зямля"... Каб перачакаць бой Соф’я Андрэеўна разам з напарнiцай схавалiся пад мастом... Дзяўчаты прастаялi двое сутак па шыю ў вадзе. "Мы нават не захварэлi, заданне выканалi! — успамiнае сувязiстка. — Вось як загартоўвае экстрэмальная сiтуацыя!" Калi савецкi сцяг падняўся над рэйхстагам, Соф’я Андрэеўна была пад Варшавай. "Жанчынам выдалi новую ваенную форму i дэмабiлiзавалi", — успамiнае яна. Калi вярнулася дадому, не пазнала роднага Ельска: навокал разруха, зруйнавана бацькоўская хата. Мацi ўсю вайну была ў партызанах. Нiхто з родных не верыў, што дзяўчына вернецца з вайны. Усё лета i яшчэ наступны год Софья Андрэеўна хадзiла ў ваеннай форме: "Лета, спякота, а я ў ботах, — кажа яна.— Не было чаго абуць". Затым Соф’ю Андрэеўну накiравалi настаўнiцай у вёску. Хоць i не мела такой адукацыi: настаўнiцкi iнстытут перашкодзiла скончыць вайна... А кажуць, у вайны не жаночы твар... Вайна, сапраўды, нiкога не шкадуе... Перад ёй усе роўныя... Дзякуй вам, Соф’я Андрэеўна, за Перамогу! Iрына Дзядкоўская, 11 "Г" клас сярэдняй школы № 30 г. Мiнска.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свае 85 Соф’я Андрэеўна Троц трымае спіну роўна, як калiсьцi яе навучылi на фронце, у баявой часцi. Сёння яна не глядзiць фiльмы пра вайну. Яна веда |
|