Фотафакт. Пенсiянеры вёскi Харомск перапраўляць жывёлу цераз раку на залiўныя лугi
Пенсiянеры вёскi Харомск Столiнскага раёна з-за адсутнасцi пашы вымушаны перапраўляць жывёлу цераз раку на залiўныя лугi, а паколькi моста паблiзу няма, пераправа адбываецца вось такiм чынам. "Напэўна, апошнi год я трымаю карову, — сказаў колiшнi калгасны трактарыст, 71-гадовы Зоцiк Iгнатавiч Украiнец, вяслуючы лодку на процiлеглы бераг. — Хiба лёгка даецца нам гэтае малако?" Уладзiмiр Шпак (на першым плане фотаздымка) адгукнуўся на просьбу аднавяскоўца дапамагчы перавезцi Лыску за Гарынь. Пераправа прайшла паспяхова. Фота - Анатоль Кляшчук, ЗвяздаПалова жыхароў статка вёскi Харомск не мае месца для пашы свойскай жывёлы — з аднаго боку пасевы i палеткi мясцовага сельгаскааператыва, з другога вёску падпiрае рака. Гаспадары вымушаны нейкiм чынам перапраўляць сваiх кармiлiц праз хуткаплынную Гарынь, за якой прасцiраюцца пойменныя лугi i балоты. Гэта адзiная магчымасць атрымаць добрыя надоi i жыхарам больш нiчога не застаецца, як выпраўляцца ў небяспечнае пераадоленне ракi. Iнакш трэба чакаць узвядзення пантоннага моста, якое адбываецца тут звычайна не раней сярэдзiны чэрвеня. Альтэрнатывы няма i, рызыкуючы, то адзiн гаспадар, то другi цягнуць на вяроўцы сваiх каровак праз глыбокае цячэнне. Фота - Анатоль Кляшчук, Звязда На падыходзе лета, а вада ў Гарынi сёлета вялiкая, доўга не спадае. Нават тройчы на дзень пераадолець на вёслах водную стыхiю, тым больш жанчыне, справа не з лёгкiх. I гэтак штодня. Уявiце сабе, што першая дойка тут ажно ў пяць ранiцы. Харомскiм гаспадыням, а дойка спрадвеку была iхнiм клопатам, сапраўды, не пазайздросцiш. На iх жа плячах i агароды, i хатнiя справы, i праца. Колькi часу i высiлкаў забiрае толькi адна гэтая "малочная" пераправа? Бывае па чатыры чалавекi на лодцы, па пяць i нават, па шэсць. А што рабiць, калi лодак не шмат, а плысцi трэба. Кароўкi ж чакаюць i клiчуць. Вунь i цяпер стаяць ля самай вады i гукаюць сваiх гаспадынь. "Летась у буру ледзь не перакулiлiся, вось страху было", — у адзiн голас прыгадваюць мiнулагоднiя "прыгоды" харомскiя жанчыны, ўздыхаючы з-за адсутнасцi больш-менш трывалай пераправы. На супрацьлеглым беразе расцягнулася чарада летнiх буданоў для начнога ўтрымання жывёлы. Частка з iх не першы год пустуе. Людзям пенсiйнага ўзросту не пад сiлу гэткi экстрым, ды i лодкi цяпер ёсць не ў кожнага. А маладых такая рамантыка (цi экзотыка?) не прываблiвае. Галiна Iванаўна Каральчук, пакуль грабла, паспела расказаць, што гадоў сорак таму пагалоўе iхняй часткi вёскi пераўзыходзiла дзвесце кароў. А цяпер дваццаць ледзь набярэцца. У яе, як i ў большасцi харомскiх гаспадынь i гаспадароў, першая мара — мост праз Гарынь. Яны яшчэ не збiраюцца выправаджваць з двара сваiх кармiлiц-рагуль. Анатоль Кляшчук
Первоисточник: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсiянеры вёскi Харомск Столiнскага раёна з-за адсутнасцi пашы вымушаны перапраўляць жывёлу цераз раку на залiўныя лугi, а паколькi моста паблiзу няма, пераправа адбываецца вось такiм чынам. "Напэўна, апошнi год я трымаю карову, — сказаў колiшнi калгасны трактарыст, 71-гадовы Зоцiк Iгнатавiч Украiнец, вяслуючы лодку... |
|