Тарыфную стаўку першага разраду плануецца павысіць у кастрычнiку. Да 94 тысяч рублёў
Тарыфную стаўку першага разраду плануецца павысіць у кастрычнiку. Да 94 тысяч рублёў
Ва Ўрадзе "Мы павiнны ў блiжэйшы час выйсцi на павышаны рост зарплаты ў краiне", — заявiў на ўчарашнiм пасяджэннi Савета Мiнiстраў прэм’ер-мiнiстр Сяргей Сiдорскi. У студзенi—сакавiку сярэдняя зарплата ў прамысловасцi склала 934 тысячы рублёў (450 долараў ЗША ў эквiваленце). Прычым у некаторых сектарах эканомiкi адзначаны яе апераджальны рост: напрыклад, у навуковых установах сярэдняя зарплата перавысiла 1,1 млн рублёў, у будаўнiцтве — больш за 1 млн. За блiжэйшыя паўтара года, нагадаў кiраўнiк Урада, сярэдняя зарплата ў краiне павiнна вырасцi да 700 долараў у эквiваленце. Каб дасягнуць гэтай лiчбы, неабходна нарошчваць прадукцыйнасць працы. "А гэта — новыя прадпрыемствы i тэхналогii, — зазначыў Сяргей Сiдорскi. — Мы дакладна намецiлi праграмы па развiццi эканомiкi, сельскай гаспадаркi, сэрвiсу, паслуг, iнавацый. Неабходна толькi выконваць тое, што прынялi". Аналiзуючы вынiкi працы айчыннай эканомiкi за 4 месяцы, прэм’ер падкрэслiў, што ў цэлым ёй узяты высокiя тэмпы. Рост ВУП за гэты перыяд склаў 10,4 працэнта, а гэта сведчыць пра тое, што ва ўсiх галiнах эканомiкi ствараецца дабавачны прадукт. А вось "найбольшы ўклад у агульную скарбонку развiцця эканомiкi" ўносяць прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўнiцтва, паслугi. Разам з тым, паводле ацэнкi кiраўнiка Ўрада, нягледзячы на тое, што сёлета за 4 месяцы ў краiну прыцягнута ў два разы больш прамых замежных iнвестыцый (617 мiльёнаў долараў), гэты ўзровень — крайне нiзкi. У прыватнасцi, не задавальняюць тэмпы прыцягнення iнвестыцый мiнiстэрствам прамысловасцi, мiнiстэрствам транспарту. "Інвестыцыi ў мiнiстэрства прамысловасцi — усяго 150 тысяч долараў, у мiнiстэрства транспарту — 16 тысяч. Што, у нас усё добра?", — задаў рытарычнае пытанне Сяргей Сiдорскi. Закранаючы праблемы знешнеэканамiчнай дзейнасцi, прэм’ер адзначыў, што толькi за сакавiк было нарошчана адмоўнае сальда ў 200 мiльёнаў долараў. "Яблык i груш мы завезлi за 2 месяцы на 12 млн долараў. Сваiх не хапае? — указаў ён на недапрацоўку аблвыканкамаў i Мiнгандлю па захоўваннi i рэалiзацыi айчынных агароднiны i садавiны. Акрамя таго, прэм’ер узгадаў пра тое, што iмпарт шакаладу склаў 15 млн долараў, бытавой тэхнiкi — 23 млн. Калi гэтай прадукцыi ў нас не хапае, неабходна ствараць сумесныя прадпрыемствы з замежнымi партнёрамi, лiчыць кiраўнiк Урада. "Хто ў нашай краiне вядзе перамовы з iнвестарам?"— запытаўся прэм’ер. I вымушаны быў канстатаваць, што нiхто не спяшаецца гэта рабiць, хоць такiя прадпрыемствы патрэбны краiне ўжо цяпер, а не праз год. Мiж iншым, выказаўшы шэраг заўваг кiраўнiкам мiнiстэрстваў i ўстаноў, Сяргей Сiдорскi заўважыў, што калi тыя не зменяць свае адносiны да справы, то ён можа адмянiць iм адпачынкi: "Лета надыходзiць i ўсе расслабiлiся! Дык мы адменiм адпачынкi!" — паабяцаў прэм’ер. Мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка, агучваючы вынiкi сацыяльна-эканамiчнага развiцця за студзень—красавiк, адзначыў, што па 11 важнейшых параметрах прагнозу адзначана невялiкае знiжэнне тэмпаў росту за 4 месяцы адносна трох месяцаў. Найбольш прыкметным яно аказалася па рэальных грашовых даходах насельнiцтва — з узроўню 112,9 працэнта за студзень—люты да ўзроўню 110,7 у студзенi—сакавiку. Што, дарэчы, тлумачыцца больш высокiм узроўнем iнфляцыi ў параўнаннi з прагнозам. Рэальная зарплата ў цэлым па рэспублiцы ў студзенi—сакавiку павысiлася на 8,3 працэнта. Мiнiстр праiнфармаваў, што з улiкам неабходнасцi выраўноўвання рэальнай зарплаты i прадукцыйнасцi працы, якая за 3 месяцы склала 109,4 працэнта, на канец 2008 года намiнальная сярэднямесячная зарплата павiнна скласцi каля 960 тысяч рублёў (460 долараў у эквiваленце). Рост рэальнай зарплаты пры гэтым павiнен скласцi не менш за 109,5 працэнта. Для таго, каб гэта вырашыць, паведамiў Мiкалай Зайчанка, патрэбна павысiць тарыфную стаўку першага разраду для аплаты працы работнiкаў у бюджэтнай сферы ў кастрычнiку да 94 тысяч рублёў. Цяпер гэтая прапанова прапрацоўваецца. Апошнiм часам, падкрэслiў мiнiстр, шмат было намаганняў укладзена ў павышэнне прывабнасцi iнвестыцыйнага клiмату ў Беларусi, прыняты меры па ўдасканаленнi iнвестыцыйнага заканадаўства. За чатыры месяцы тэмп росту iнвестыцый у асноўны капiтал склаў 124,4 працэнта да аналагiчнага перыяду мiнулага года, i, лiчыць Мiкалай Зайчанка, "нельга дапусцiць замаруджвання гэтага параметра". А вось паказчыка па iнфляцыi гэта не датычыцца: яе рост застаецца сур’ёзнай праблемай. За студзень—красавiк iндэкс росту спажывецкiх цэнаў склаў 105,3 працэнта пры верхняй мяжы прагнозу на год 108 працэнтаў. З агульнага прыросту iндэкса 5,3 працэнта на харчовыя тавары прыходзiцца 2,6: як i ва ўсiм свеце дамiнуючым фактарам iнфляцыi стала павышэнне цэнаў на харчаванне, а таксама падаражанне палiўна-энергетычных рэсурсаў. Мiж iншым, у Расii iндэкс спажывецкiх цэнаў за згаданы перыяд склаў 106,3 працэнта, ва Украiне — 113,1. Мiкалай Зайчанка запэўнiў, што Мiнэканомiкi будзе працягваць рэалiзацыю сiстэмных мераў на абмежаванне iнфляцыi. Дарэчы, па ацэнцы мiнiстэрства, iнфляцыя за май не перавысiць 1 працэнта. Спынiўся Мiкалай Зайчанка i на пытаннi фiнансавага аздараўлення арганiзацый рэальнага сектару эканомiкi. Па вынiках працы за студзень—сакавiк забяспечана далейшае знiжэнне стратных арганiзацый: калi летась у згаданы перыяд такiх налiчвалася 1808, то сёлета— 1183 адзiнкi, пры гэтым доля стратных скарацiлася з 16,9 да 11,1 працэнта. У прамысловасцi колькасць стратных арганiзацый скарацiлася на 185 адзiнак, або больш як на трэць i склала 340 арганiзацый. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Мы павiнны ў блiжэйшы час выйсцi на павышаны рост зарплаты ў краiне", — заявiў на ўчарашнiм пасяджэннi Савета Мiнiстраў прэм’ер-мiнiстр Сяр |
|