21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Па "залатым кальцы"

26.08.2009 10:12 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па "залатым кальцы"

Як адразу ўбачыць "сем цудаў"?

Вандроўнікi ўсё часцей выбiраюць не надта "раскручаныя", аднак не менш захапляльныя маршруты. Адзiн з такiх праектаў прапануе паглядзець на "сем цудаў" Мiншчыны (пра тры з iх мы ўжо распавядалi). Аднымi з першых "пратэсцiраваць" унiкальнае падарожжа па "залатым кальцы" цэнтральнага рэгiёна, якое арганiзавала турфiрма "Солвекс", i накiравалiся карэспандэнты "Звязды".

На званiцы — парашутная вышка

Ад Мiнска па маскоўскай шашы аўтобус накiраваўся ў бок Барысава, дзе ёсць свае несумненныя "фiшкi". Горад больш чым 900 гадоў таму заснаваў полацкi князь Барыс Усяслававiч. Гэтыя мясцiны ў розны час належалi Радзiвiлам i Агiнскiм, а пасля князям з царскага дома Раманавых. Калi на Бярэзiне пачалося будаўнiцтва буйной воднай сiстэмы (якая павiнна была злучыць Чорнае i Балтыйскае мора праз Заходнюю Дзвiну, Днепр i iх прытокi), Барысаў пераўтварыўся ў галоўны рачны порт Мiнскай губернi, працавала свая суднаверф. На рэчцы былi пабудаваныя два драўляныя развадныя масты (амаль як у Пiцеры — М.Л.).

У старажытным цэнтры Барысава, на былой Рынкавай плошчы, песцiць вока Васкрасенскi сабор. Кажуць, што месца гэтае сапраўды намоленае, паколькi з даўнiх часоў тут узводзiлi храмы. Аднак з-за розных абставiнаў iх прыходзiлася адбудоўваць зноў i зноў. Да прыкладу, у 1865 годзе Барысаў перажыў пяць вялiкiх пажараў, у вынiку якiх знiшчана 345 дамоў! Загiнулi людзi, згарэла i драўляная царква, што размяшчалася побач з рынкам. Тады ў горадзе застаўся толькi адзiн праваслаўны храм. Зразумела, паўстала пытанне аб будаўнiцтве новай царквы — каменнай, велiчнай, якая б сiмвалiзавала месца i ролю буйнога прамысловага цэнтра. Першы праект не адобрылi, паколькi прадугледжвалася невялiкая малiтоўная зала. Асвячэнне пачатку ўзвядзення новага храма адбылося ў нядзелю 5 верасня 1871 года. Цiкава, што дасюль захаваўся каштарыс будоўлi: каля 50 тысяч рублёў — вялiзныя па тых часах грошы. Аднак iх не хапiла, бо прыйшлося ўмацоўваць падмурак 580 палямi. Для гэтага дадаткова спатрэбiлася 3 тыс рублёў.

Узводзiлi царкву тынкоўшчыкi з Івянца, для афармлення iнтэр’ераў запрасiлi вiленскiх майстроў. Паводле слоў экскурсавода Галiны Злотнiкавай, магчыма, што ўдзел у роспiсе прымаў вядомы мастак Бенуа. Аўтар праекта — пiцерскi iнжынер Пётр Мяркулаў, будаўнiцтва было завершана ў 1874 годзе. Прыгажосць храма зачароўвала многiх, нездарма ж "барысаўскаму цуду" папулярны ў той час расiйскi штодтыднёвiк "Нiва" прысвяцiў цэлую старонку. Праз колькi часу царкоўны стараста Нiл Бурцаў выступiў з iнiцыятывай узвядзення каля галоўнага ўваходу ў сабор цаглянай званiцы, што i было зроблена ў 1907 годзе. З таго часу на плошчы з’явiўся завершаны архiтэктурны ансамбль. Яго адметнасць — у асобных дэталях, арыгiнальным спалучэннi фарбаў.

Вось ужо больш чым 130 гадоў Васкрасенскi сабор разам са званiцай упрыгожвае цэнтральную плошчу. Былi i цяжкiя часы: у 1937-м крыжы з купалаў спiлавалi, а царкву пераўтварылi ў збожжасховiшча. Званiцу тады пераабсталявалi ў... парашутную вышку. Праўда, праз пэўны час царкоўныя службы аднавiлiся i больш храм не зачынялi. Праўда, у хрушчоўскiя часы забаранiлi звон, якi быццам перашкаджаў гараджанам. Цяпер сабор на рэканструкцыi, таму ўнутры пабываць гасцям не давядзецца. Затое можна атрымаць асалоду ад знешняга выгляду: разам з помнiкам князю Барысу (якi пастаўлены ў 2002 г.) храм з блакiтнымi купаламi выглядае вельмi велiчна.

НЛА i скарбы Напалеона

З Барысава маршрут па "сямi цудах" пралягае да Будслава, дзе можна ўбачыць знакамiты касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыi. У мястэчка заязджалi некалькi месяцаў таму, аднак нельга не скарыстацца магчымасцю, каб завiтаць сюды яшчэ. Здаецца, што пад веснавым сонейкам касцёл крыху iншы, чым узiмку. На плошчы, дзе прыпыняецца аўтобус, тутэйшыя жыхары, прывычныя да амаль штодзённых экскурсiй, нетаропка шпацыруюць па сваiх справах...

Пасля Будслава — у Вiлейку. Прыгожы, цiхi, дасцiпны гарадок з размераным рытмам жыцця. У цэнтры, каля будынка райвыканкама, размешчаны адначасова царква, касцёл, парк адпачынку i кiнатэатр. Усё ў адным месцы i, што дзiўна, выглядае неяк нават арганiчна. Абрыс касцёла Узвышэння Святога Крыжа вiдаць амаль з любой кропкi Вiлейкi. Прынамсi, так падалося, калi блукалi па гарадку. Да сярэдзiны пазамiнулага стагоддзя тут была толькi драўляная каплiца ад куранецкай парафii. Яна знаходзiлася ў "палацы старасцянскiм" — з ХVI ст. Вiлейка з’яўлялася цэнтрам староства Ашмянскага павета Вiленскага ваяводства.

Тая пабудова згарэла падчас пажару ў 1810 годзе. Каменны касцёл пачалi ўзводзiць у 1862-м, аднак пасля паўстання 1863 г. незавершаны будынак аддалi праваслаўнаму духавенству. Такiм чынам i была асвечана Георгiеўская царква. Чарговы раз касцёл адбудавалi ў 1913 годзе згодна з праектам Аўгуста Клейна (дарэчы, ён жа аўтар касцёла ў Iллi, што на Вiлейшчыне). Даследчыкi сцвярджаюць, што будынак мае рысы неараманскага стылю i неаготыкi. Як заўважае ксёндз Аляксандр, касцёл у Вiлейцы ў пасляваенны час доўга быў зачынены, выкарыстоўваўся як склад. Будынак паступова прыходзiў у заняпад i псаваў выгляд цэнтральнай плошчы. Таму яго вырашылi ператварыць у... Дом культуры. Пасля рэканструкцыi замест крыжа з’явiлася лiра. Касцёл вернуты каталiкам толькi ў 1991 годзе i цяпер гэты велiчны будынак адраджаецца. Крыж быў асвечаны ў 2005-м, а пасля ўстаноўлены на вежы. У касцёле Узвышэння Святога Крыжа знаходзiцца копiя вядомага абраза Мацi Божай Вастрабрамскай. Дарэчы, адпаведныя парафii распаўсюджаны ва ўсiм свеце — ёсць нават у ЗША, Вялiкабрытанii i Аўстралii!

Увогуле на Вiлейшчыне распрацоўваюць шэраг неардынарных прапаноў для турыстаў. З найбольш незвычайных — пошук "скарбаў" Напалеона. Тлумачаць гэта тым, што падчас адступлення французы проста не маглi вывезцi ўсё нарабаванае багацце дадому. Верагодна, што засталiся тыя "схованкi" i да цяперашняга часу. Нярэдка можна сустрэць узгадваннi i пра назiранне ў тутэйшых мясцiнах НЛА. Кажуць, што загадкавыя касмiчныя аб’екты часцей з’яўлялiся каля Паняцiчскага лесу, дзе можна, да прыкладу, стварыць лабараторыю па назiраннi. Сярод больш рэалiстычных варыянтаў — адраджэнне садзiбна-паркавых комплексаў Гяцевiчаў, Агiнскiх, Багдановiчаў. Таксама месцiчы сцвярджаюць, што пры жаданнi можна стварыць умовы для актыўнага адпачынку — пабудаваць гасцiнiцы, адкрыць пункты пракату iнвентару. Прычым гэта датычыцца як воднага (вядома ж, побач знакамiтае Вiлейскае вадасховiшча), так i "горнага" турызму.

Зямля лiцвiнаў

У пошуках "сямi цудаў" з Вiлейкi накiроўваемся ў Iвянец, дзе адразу некалькi адметных аб’ектаў. Афiцыйна лiчыцца, што гэтаму населенаму пункту каля шасцi стагоддзяў — упершыню ён узгадваецца напрыканцы ХIVст. як уладанне вялiкага князя Вiтаўта. Аднак не так даўно праводзiлiся раскопкi, падчас якiх знайшлi рытуальнае вогнiшча. Такiм чынам, атрымлiваецца, што яшчэ ў паганскiя часы iснавала паселiшча. Кажуць, што тут жыла лiтва — племя ўгра-фiнскага паходжання, адсюль, магчыма, i пайшлi ўсiм вядомыя лiцвiны.

Iвянец знаходзiцца на сапраўдным памежжы цэнтральнай Беларусi i Панямоння, таму быццам бы аб’ядноўвае лепшыя здабыткi гэтых гiсторыка-этнаграфiчных тэрыторый. Асобныя даследчыкi нават кажуць аб тым, што можна весцi гаворку нават пра феномен Iвянецкага рэгiёна, якi фармiраваўся на працягу доўгага часу. Напэўна, шмат у чым спецыялiсты маюць рацыю, паколькi гэта сапраўдная зямля майстроў. I так было ва ўсе часы — славiлiся тутэйшыя ганчары, да якiх прыязджалi вучыцца не толькi з усёй Беларусi. Напрыканцы XIX стагоддзя тут налiчвалася ажно 17 майстэрняў — невялiчкiх заводзiкаў, дзе выраблялася самая разнастайная керамiка. Высокага ўзроўню былi кавалi, а таксама разьбяры па дрэве.

Цяпер у мясцовым музеi iмкнуцца не толькi паказаць наведвальнiкам усё тое, што рабiлася раней, а i адрадзiць рамяство продкаў. Распрацавана нават доўгатэрмiновая праграма, якая мае красамоўную назву — "Вяртанне да вытокаў". Iвянецкi музей традыцыйнай культуры — гэта цэлы комплекс, дзе ў тым лiку ёсць ганчарня, ткацкi цэх, кузня, майстэрня мастацкай апрацоўкi драўнiны. Дарэчы, тут не толькi можна паназiраць за работай ткачых, кавалёў, разьбяроў i ганчароў, а i самому паспрабаваць на час стаць рамеснiкам. Гэта вельмi цiкава, усiм гасцям старажытнага мястэчка такая прапанова даспадобы.

Сапраўдная адметнасць Iвянца — касцёл францысканцаў, якi быў пабудаваны ў пачатку ХVIII стагоддзя. Першую "фару" з дзвюма характэрнымi вежамi тут пабудавалi яшчэ ў 1602 годзе, аднак драўляны будынак праз пэўны час быў знiшчаны агнём. Таму мiнскi стольнiк Ваньковiч падараваў iвянецкiм манахам частку сваiх зямель. На гэтым месцы i пачалося ўзвядзенне манастыра i касцёла святога Мiхаiла Архангела. Архiтэктурная кампазiцыя прадуманая да дробязяў — комплекс будынкаў размешчаны на ўзгорку каля ракi Волмы i быццам белы карабель адлюстроўваецца ў вадзе.

Касцёл св. Аляксея быў узведзены ў пачатку ХХ ст. i не так даўно адзначаў стогадовы юбiлей. Пра гэту значную падзею паведамляе шыльда на браме перад уваходам. "Белы" i "чырвоны" касцёлы ствараюць арыгiнальнае аблiчча Iвянца. Фармiраванне "iмiджу" працягваецца: адбудоўваецца i царква Ефрасiннi Полацкай — вельмi адметная па знешнiм выглядзе. Кажуць, што па сваiм праекце не мае аналагаў у Беларусi. Калi дадаць сюды яшчэ i ўнiкальныя па сваёй прыгажосцi прыродныя ландшафты (ствараюцца некалькi адметных аграсядзiбаў), то становiцца зразумелым, чаму гэтыя мясцiны карыстаюцца такiм попытам у турыстаў. За год Iвянец наведваюць некалькi дзесяткаў тысяч чалавек. Гарадскi пасёлак уключаны ў абласны маршрут, шмат гасцей прыязджаюць сюды самастойна. Безумоўна, уключэнне старажытных мясцiнаў у "залатое кальцо" толькi павялiчыць iнтарэс.

...Апошняя кропка нашага падарожжа — непараўнальны Нясвiж. Горад сустракае гасцей звонам вялiкага гадзiннiка на ратушы. Пасля экскурсii па касцёле i палацы перасаджваемся на самую сапраўдную карэту (нешта падобнае, мабыць, было яшчэ ў "радзiвiлаўскiя" часы) i едзем па парках. Адчуваннi цяжка перадаць словамi — наўкола такая прыгажосць! Усе "фiшкi" пры жаданнi можа ўбачыць кожны, таму, як лiчыць намеснiк начальнiка ўпраўлення фiзiчнай культуры, спорту i турызму Мiнаблвыканкама Алена Брок, маршрут па "залатым кальцы" Мiншчыны абавязкова будзе запатрабаваны. З гэтым цяжка не пагадзiцца.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ.

Мiнск—Барысаў—Будслаў—Вiлейка—Iвянец—Нясвiж—Мiнск.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вандроўнікi ўсё часцей выбiраюць не надта "раскручаныя", аднак не менш захапляльныя маршруты. Адзiн з такiх праектаў прапануе паглядзець на
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика