21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пад уражаннем

26.08.2009 10:12 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пад уражаннем

I зноў, што бачу...

Раніца. Тралейбус. Нават вольнае месца, каб сесцi, дастаць з сумкi кнiгу i...

Разгарнуць яе яшчэ паспела, пачытаць — не: на чарговым прыпынку цётку ў салон прынесла. З вазком, з памiдорнай расадай. I загорнутая ж яна, як быццам, а бяды нарабiла... "Да осторожней вы!.. Все брюки испачкали!" — узвiўся побач малады мужчына. "Едьте в такси, если вы их так бережете!", — кiнула ў адказ цётка. "Товарищи, не надо конфликтов! — звярнулася да iх важная кабета з пярэдняга сядзення. Але "бакi" яе, на жаль "не пачулi". "...Это вам, с багажом, в такси надо ездзить! Нет, попривыкали — на халяву, в троллейбусе, лишь бы не платить", — агрызаўся пакрыўджаны. "Мужчина, — папрасiла яго "мiратворца, — берегите свое достоинство!". Не маўчала i кабета з расадай: "А вы получите 300 тысяч, — даводзiла яна мужыку, — и месяц проживите. В Минске... Я посмотрю, за что вы заплатите!". "А без денег — нефиг разъезжать! Дома сидите!" — не сунiмаўся запэцканы. "Ага... И что я дома высижу? Дырку в штанах?!", — гнула дачнiца. "Свои штаны вам, значит, жалко?! — працягваў мужчына. — А мои — можно пачкать и рвать?". "Товарищи, не теряйте свой нравственный облик!" — прасiла "дыпламатка"...

Люд у салоне маўчаў — люд у салоне слухаў.

I, мусiць жа, згаджаўся?.. Хто — з мужчынам у запэцканых (зранку!) светлых штанах, хто — з жанчынай, што ехала кудысь са сваёю расадай, а хто — з "мiратворцай", якая (мяркуючы па мове) так добра помнiла заклiкi ЦК КПСС да 1 Мая.

На гатовае?

У знаёмцаў абнова — машыну купiлi. Можна сказаць, нарэшце. Бо перад гэтым доўга збiралi грошы, доўга вывучалi каталогi-рэйтынгi i ўмовы крэдытавання, доўга прыглядалiся, раiлiся, а непасрэдна перад купляй месяцы са тры ездзiлi па сталiчных аўтасалонах — то ўсёй сям’ёй, то "дзяўчаты" ўдваiх.

Што, казалi, нават цiкавей, бо пачуўшы, што ў iх (маме 37, дачцэ — 15) — загарадны дом, а таму аўтамабiль iм патрэбен поўнапрывадны, асобныя з хлопцаў-абслугоўцаў аж са скуры лезлi — з найлепшага боку хацелi паказаць не толькi машыны, але i... сябе.

Адкуль высновы (прынамсi, у мацi з дачкой), што часы, калi справай гонару для мужчыны было паставiць свой дом, пасадзiць свой сад i вырасцiць-выхаваць свайго сына даўно прайшлi. Цяпер — б’юцца над гэтым толькi дурныя, разумныя — шукаюць гатовае.

Два ў адным

Вакзал. Сталiца. Станцыя метро. Чым цiкавая, — дык гэта назвай. Дакладней — назвамi, бо адна (наземная) частка яе называецца хораша — "Плошча Незалежнасцi", а вось другая, падземная — "Плошча Ленiна".

Мужчына там... Сказаць: "прыгожы", значыць, проста прамаўчаць, бо ў iм, здаецца, ну ўсё: i сажань касы ў плячах, i гордая пастава, i пагляд, i ледзь крануты сiвiзною "вожык", а ўжо "прыкiд"... Любаваўся б i любаваўся, як кажуць, калi б не падплыў цягнiк. I калi б той прыгажун, распiхваючы слабейшых, не ламануў наперад, не сеў.

...Што, магчыма, цiкава, сядзелi ў вагоне i iншыя — мужчыны, дзецюкi. Але iх хамства было... прывычным. I зусiм не балючым.

(З той жа "оперы"... Суседка летась зяцем хвалiлася. Маўляў, чалавек дачцэ трапiўся — хоць да раны прылажы: дабрэнны, уважлiвы, што нi папрасi, у адказ: "Да не вопрос. Будет сделано".

Усё ён абяцаў.

Не зрабiў — нiчога).

...Што горай за ўкус змяi

Кожнаму сваё. У тым лiку i захапленне. Ну, узяць хоць бы Фадзееўну. Усё жыццё на золку ўставала, штодзень, лiчы, заводзiла цеста, казала, што дачушкi ў яе любяць пiражкi з тварагом, сынкi — з мясам, мужык з капустай... А яна — найбольш — любiць дагаджаць: наляпiць, напячы iм, а потым — паглядзець, як жа хораша ядуць...

Адмыслова яна гатавала (не толькi пiражкi): дзецi i малымi "адрывалiся", ад’ядалiся, i ўжо вырасшы, разляцеўшыся, пастаянна званiлi: "Мама, мы прыедзем, ты ж напячэш?..".

А ў той i пытаць не трэба. З радасцю!.. Бо гэта ж для родных: для маленькiх унукаў, для дочак-зяцёў, для сыноў i нявестак...

Усiм выстрэнчвала, сумкi з сабой ладавала. Яшчэ i прыгаворвала, што, калi прыедуць, а прысмакаў у хаце, крый божа, няма, — значыць, гаспадыня — таго ўжо... Памерла.

Пагарачылася яна. З тым жартам: перш, чым памiраць, расхварэлася... Перад самым Вялiкаднем. Дзецi звоняць: мама, то мы ж прыедзем?! А яна — калi ласачка, рада буду... Але ж сёлета, ужо прабачце, трэба, каб вы са сваiм. Надта ж ногi баляць... Я хiба яечак накрашу ды купмяк запяку...

Накрасiла... Запякла... Ела — лiчы, адна, бо з дзяцей... нiхто не прыехаў. Дочкi сказалi: "Не выпала". Сын — адкрытым тэкстам: "Мы хацелi на гатовае. А так — чаго ехаць?"

...Нехта з мудрых прызнаў, што горай за ўкус змяi дзяцей няўдзячнасць.

Нi пры чым?

Могiлкi — бабулiны. Заўсёдны рытуал: пастаяць, падабрацца, потым — праведаць iншых сваякоў...

I, абавязкова, — сваячку.

...Замуж яна за ўдаўца пайшла, нашмат за яе старэйшага, на трое дзяцей. Вырасцiла. Iх... I сваiх дваiх, не дзелячы на родных-няродных, выўчыла, усiм вяселлi зрабiла, унукаў прыждала. Пахавала мужыка. Што, магчыма, цiкава — побач з першай жонкаю.

...I сама нядаўна лягла — асабнячком. З другога боку...

Быццам нi пры чым.

Колер Свята

"Одежду мать достала из сундуков заветных,

На солнце, на верёвке развесила яе:

Маршировали в небо, наполненные ветром

Отцовские рубахи, отцовское белье...

Когда пришла бумага,

Что пал он смертью храбрых,

Она не голосила, не плакала о нём,

А вот сегодня плачет.

И слезы вытирает ей старая рубаха,

Ожившим рукавом".

Не помню, на жаль, чые гэта радкi. Помню, што выўчыла iх гадоў 20 назад, помню, што прылюдна чытала 9 мая, а напярэдаднi спецыяльна для гэтага шыла сукенку — чорную, з маленькай чырвонай стрыфелькай: у iншай, лiчыла, проста нельга iсцi да ветэранаў, да людзей, якiя вынеслi вайну.

Цяпер iх застаецца ўсё менш i менш.

...Як i чорных фарбаў у гэтага Свята.

Куфэрак проста адчыняўся...

Дзень. Мiнск. Вiрлiвы праспект: на праезнай частцы — дзве магутныя плынi машын, на тратуарах, абапал — такiя ж патокi людзей.

...У сустрэчным, раптам — твар... Здаецца, знаёмы?.. Так! Бо вось жа — усмешка i ветлае: "О-о!.. Добры дзень!". "Добры...", — кажу, i толькi тут, ужо размiнуўшыся, здагадваюся, каму: Iванавiч!.. I зусiм ён не брыдкi, не стары, не пузаты. Хутчэй наадварот!..

Тады — чаму, чаму ён здаваўся мне пузатым, брыдкiм i старым?

...Даўмелася (хоць не адразу): да гэтай, выпадковай, сустрэчы... цвярозым я яго нi разу не бачыла.

Рана

Радаўнiца... З сумнай, балючай высновай: чым больш жывеш на гэтай зямлi, тым больш магiл, на якiя трэба прыехаць.

...Сябра вось зарыгiнальнiчаў: мала таго, што ўсiх сваёй смерцю сабраў, дык яшчэ i... у прыгожае месца "вывез": папрасiў, каб пахавалi яго паблiзу ад лецiшча, на невялiчкiх вясковых могiлках.

Дарогу да iх у горы запомнiлi дрэнна. Таму ў вёсцы адразу ж спынiлiся — у першай стрэчнай спыталi, як лепей праехаць.

— На клады?.. Дык вам жа рана туды! — падбадзёрыла бабка.

Але ж дарогу "расказала". Як i тое, што там сёння дужа хораша было ("столькi людзей, столькi машын..."). I бацюшка, маўляў, прыязджаў — усе, хто хацеў, магiлкi свянцалi. Яна — таксама. А напярэдаднi — паспела прыбрацца... Хоць пазаўчора толькi з бальнiцы — хваробы...

— Вось вы колькi гадоў мне дасцё? — спытала чамусьцi.

— Ну, мо, шэсцьдзесят... Ад сiлы, — паскупiлася я.

— А мне — 77!

— Вам? Ды нiколi ў жыццi! — здзiвiлiся i мае мужчыны...

Бо чамусьцi вельмi хацелася, каб жанчына гэтая думала, што i ёй на могiлкi рана...

Як рана ўсiм прыгожым i добрым, усiм дарагiм i любiмым, што жывуць на гэтай зямлi.

Пад уражаннем

Барысаўну хлебам не кармi — дай пагаварыць... З разумным чалавекам... Ды хоць пра што. Можна — i пра курэй...

Вось летась (расказвала) квактуху пасадзiла, — ветслужба ў двор. З вакцынацыяй. Ад грыпу. Ну што тут будзеш рабiць? Курыцу тую ўласнаручна з яек зняла i аддала... "Катам". "Думаеце — "курыныя" ж мазгi, птушка пра гэта забылася? Як бы нi так: згледзiць мяне (нават з тваражком цi вараным яечкам...) "гэркне" штось, — кураняты ў россып. Аж куляюцца, летучы"...

Такiя, маўляў, i куры з iх — самадумныя, шкадлiвыя, колькi нi ганяй, — усё роўна ў гарод залезуць. (Пераважна — у свой. У суседскi — хiба з цiкаўнасцi).

Характар, значыць, у iх. I памяць. I мова свая. I страхi: баяцца чужых у двары, апраткi з натуральнага футра, само сабой — каршакоў. Але гэта — не ўсё: у квактухi (ведама ж — мацi!) страху няма! I самаахвярнасць лiчы, чалавечая, бо, зразумела ж, хочацца ёй i таго яечка, i тваражка, а не, не з’есць: расклёўвае i дзецям аддае, усё, да апошняга кавалачка.

"Мужыкi" ў iх таксама iстоты галантныя: прынамсi, першымi ад небяспекi нiколi не бягуць — бароняць сваiх "жанчын", а яшчэ — па-джэнтльменску прапускаюць наперад, а ўжо як частуюць... "Знойдзе певень якогась чарвячка, паклiча сваiх каханак, а потым крылца адставiць i пяшчотнае штосьцi "кокае". Ну чым не кава ў пасцелю?" — дзiвiцца гаспадыня.

...Наслухалася. Гатуючы вячэру, пад уражаннем, скрылiк сыру ўпусцiла. "На аўтапiлоце" падняла, здрабнiла, адклала ў бок... Каб падсушыць, каб потым — завезцi "знаёмаму" пеўню i паглядзець, як узрадуецца, як паклiча сваiх каханак i як яны ўжо будуць смакаваць.

А потым, мо, i жыць. Пад уражаннем.

Валянцiна Доўнар.

 

 

 

 

 
Теги: Минск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раніца. Тралейбус. Нават вольнае месца, каб сесцi, дастаць з сумкi кнiгу i... Разгарнуць яе яшчэ паспела, пачытаць — не: на чарговым прыпынку цётку ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика