Як трапіць на лячэнне ў РНПЦ?
Як трапіць на лячэнне ў РНПЦ?
"Амбулаторна-полiклiнiчны вiд дапамогi лiчыцца планавым вiдам дапамогi ва ўсiм свеце, а гэта значыць, што свой вiзiт у палiклiнiку трэба планаваць. Для гэтага iснуе запiс па тэлефоне, самазапiс, а ў дванаццацi сталiчных палiклiнiках яшчэ i запiс праз Інтэрнэт, — такую думку выказала на сустрэчы з журналiстамi кансультант аддзела першаснай медыка-санiтарнай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Людмiла Гурыновiч. — Талонная сiстэма якраз дазваляе нам рэгуляваць нагрузкi на нашых спецыялiстаў". Людмiла Гурыновiч канстатавала, што праблемы даступнасцi для насельнiцтва медыцынскай дапамогi, на жаль, пакуль што ёсць, прычым часцей яны ўзнiкаюць у сталiчных палiклiнiках, дзе часта бывае цяжка трапiць на прыём да "вузкага" спецыялiста. — У кожнай палiклiнiцы працуюць кабiнеты даўрачэбнага агляду, якiя чамусьцi пацыенты незаслужана абыходзяць сваёй увагай. Мiж iншым, у любы момант без папярэдняга запiсу там можна прайсцi агляд, медыцынскiя работнiкi збяруць анамнез i, калi сiтуацыя гэтага патрабуе, то пацыент без чаргi патрапiць на прыём да патрэбнага спецыялiста, — запэўнiла прадстаўнiк Мiнiстэрства аховы здароўя. Не сакрэт, што часта пацыенты выказваюць незадаволенасць iснуючым парадкам: маўляў, для таго, каб трапiць на рэспублiканскi ўзровень аказання медыцынскай дапамогi, iм даводзiцца праходзiць праз "сiта": амбулаторыя цi ўчастковая бальнiца — раённая — абласная бальнiца. — У сваёй штодзённай рабоце ўсе медыцынскiя работнiкi кiруюцца зацверджанымi Мiнiстэрствам аховы здароўя пратаколамi лячэння, а гэта значыць, што лячэнне хранiчнага бранхiту будзе аднолькавым i ў раённай, i ў абласной, i ў 4-й мiнскай клiнiчнай бальнiцы, — запэўнiла спецыялiст. — А на лячэнне, скажам, у Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр пацыентаў накiроўваюць у тым выпадку, калi няма магчымасцi аказаць iм патрэбную лячэбную або кансультацыйную дапамогу на раённым цi абласным узроўнях. На мой погляд, недавер з боку пацыентаў узнiкае па той прычыне, што не ўсе ўрачы знаходзяць час для зносiнаў са сваiмi пацыентамi, таму ў апошнiх i складваецца ўражанне, што iх элементарна недалячылi. Паводле слоў Людмiлы Гурыновiч, кожныя тры месяцы ў арганiзацыях аховы здароўя праводзiцца анкетаванне з мэтай вывучэння задаволенасцi насельнiцтва даступнасцю i якасцю аказання медыцынскай дапамогi. У кожнай ме-дустанове ёсць Кнiга заўваг i прапаноў. У даступных для наведвальнiкаў месцах размяшчаюцца скрынi для ананiмных зваротаў i прапаноў. — Я хачу запэўнiць, што згодна з дзеючымi iнструкцыямi, урач агульнай практыкi цi ўчастковы тэрапеўт маюць права накiраваць пацыента на шпiталiзацыю, мiнуючы "вузкiх спецыялiстаў", у тым лiку i ў арганiзацыi аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання, — падкрэслiла Людмiла Гурыновiч. Надзея НIКАЛАЕВА. Вытрымкi з Iнструкцыi аб парадку накiравання хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя Пункт 2. Медыцынская дапамога грамадзянам Рэспублiкi Беларусь аказваецца па месцы жыхарства, аднак грамадзянiн мае права звярнуцца для аказання медыцынскай дапамогi ў любую арганiзацыю аховы здароўя. Пункт 3. Участковы ўрач можа самастойна накiраваць хворага ў гарадскую цi абласную бальнiцу, спецыялiзаваную арганiзацыю аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання для аказання неабходнага аб’ёму медыцынскай дапамогi. Пункт 6. Накiраванне хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання ажыццяўляюць: — участковыя ўрачы, пры адсутнасцi магчымасцi дыягностыкi i лячэння мяркуемага захворвання ў арганiзацыях аховы здароўя, якiя аказваюць першасную медыка-санiтарную дапамогу; — кiраўнiкi арганiзацый аховы здароўя i iх намеснiкi, якiя курыруюць пытаннi аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi; — галоўныя спецыялiсты (штатныя i пазаштатныя) упраўленняў аховы здароўя абласных выканаўчых камiтэтаў, Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама; — начальнiкi аддзелаў лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву ўпраўленняў аховы здароўя абласных выканаўчых камiтэтаў i Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама; — начальнiкi ўпраўленняў аховы здароўя абласных выканаўчых камiтэтаў, старшыня Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама i iх намеснiкi, якiя курыруюць пытаннi аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву; — галоўныя спецыялiсты (штатныя i пазаштатныя) Мiнiстэрства аховы здароўя, якiя курыруюць аказанне лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву; — начальнiкi ўпраўленняў i аддзелаў Мiнiстэрства аховы здароўя; — Мiнiстр аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь. Пункт 8. Падставай для накiравання хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання з’яўляюцца: — адсутнасць магчымасцi для дыягностыкi i лячэння мяркуемага захворвання ў арганiзацыi аховы здароўя абласнога падпарадкавання i ў г. Мiнску; — неабходнасць удакладнення дыягназу ў складаных выпадках; адсутнасць эфекту ад прымяняемых метадаў лячэння; неабходнасць у выкарыстаннi высокатэхналагiчных метадаў дыягностыкi i лячэння. Пункт 12. Наяўнасць накiравання на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь не выключае права хворага на самастойны зварот у арганiзацыi аховы здароўя ў выпадку неабходнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Амбулаторна-полiклiнiчны вiд дапамогi лiчыцца планавым вiдам дапамогi ва ўсiм свеце, а гэта значыць, што свой вiзiт у палiклiнiку трэба планавац |
|