На сярэдзiне шляху
На сярэдзiне шляху
Матчам МТЗ-РІПА — "Гомель" (3:1) днямi завяршыўся першы круг футбольнага чэмпiянату
краiны ў вышэйшай лiзе. Пакуль нацыянальнае першынство ўзяло паўзу да 26 лiпеня,
калi назначаныя гульнi 16-га тура, самы час падвесцi вынiкi на сярэдзiне шляху
да фiнiшу.
Адразу кiдаецца ў вочы, што з пашырэннем "вышкi" да 16 камандаў удзельнiкi падзялiлiся
на тры групы — прэтэндэнты на ўзнагароды, сярэднячкi i яўныя аўтсайдары. Без сумненняў,
што самую стабiльную гульню зноў дэманструюць дзеючыя чэмпiёны. Калi ў кагосьцi
са спецыялiстаў, мабыць, i ўзнiкнуць заўвагi да некаторых iгракоў БАТЭ на полi,
то статыстыка барысаўчан выглядае амаль iдэальна — першае месца ў турнiрнай таблiцы,
адрыў ад блiжэйшага канкурэнта ў 5 ачкоў, i нiводнага паражэння за першы круг.
Цiкава будзе паглядзець, цi змогуць iгракi Вiктара Ганчарэнкi паўтарыць цi пераўзысцi
подзвiг салiгорскага "Шахцёра", якi ўстанавiў рэкорд у 2005-м — толькi 1 паражэнне.
Праўда, самi лiдары наўрад цi задумваюцца аб гэтых лiчбах i зараз больш канцэнтруюцца
над сваiм выступленнем у адборачным турнiры Лiгi чэмпiёнаў. Не меншую цiкавасць
выклiкае пытанне, цi зможа галоўны настаўнiк БАТЭ пацвердзiць квалiфiкацыю кадраў
клуба, як гэта зрабiў Iгар Крыушэнка, калi замянiў Юрыя Пунтуса i змог вывесцi
каманду на першае месца ў чэмпiянаце краiны. Дарэчы, iнтрыгуе i тое, як сам Iгар
Мiкалаевiч зможа рэалiзаваць сябе на новым месцы ў трэнерскiм штабе мiнскiх дынамаўцаў,
а Юрый Iосiфавiч палепшыць дасягненнi сталiчных трактаразаводцаў, якiм у мiнулым
сезоне крыху не хапiла, каб заняць прызавое месца. Менавiта гэтыя каманды пасля
першага этапа знаходзяцца ўверсе турнiрнай таблiцы (БАТЭ — 37 ачкоў, МТЗ-РIПА
— 32, мiнскае "Дынама" — 27), а, значыць, з’яўляюцца галоўнымi прэтэндэнтамi на
перамогу.
Што здзiўляе на сярэдзiне шляху да медалёў? Гэта доўгае раскачванне сярэбранага i бронзавага прызёраў леташняга чэмпiянату: "Гомель" асеў ажно на 12-м радку турнiрнай таблiцы з 16 ачкамi, а салiгорскi "Шахцёр" — на шостым месцы з 23 ачкамi. Футбалiсты жодзiнскага "Тарпеда" пакуль не апраўдваюць надзей сваiх балельшчыкаў, хоць у мiнулым сезоне аўтазаводцы сталi аўтарамi сенсацыi: фiнiшавалi на 4-м месцы з мiнiмальным адставаннем ад ўладальнiкаў бронзавых i сярэбраных узнагародаў. Нельга не адзначыць выступленне каманды "Гранiт-Мiкашэвiчы", якiя пасля 15 матчаў трымаюцца ў сярэдзiне таблiцы i маюць 18 ачкоў. Магчыма, менавiта гэта каманда i паднясе сюрпрыз? Праўда, больш шанцаў "стрэлiць" маюць "Вiцебск" (25 ачкоў) i наваполацкi "Нафтан" (24), якiя падабралiся да тройкi лiдараў. Аўтсайдарам першага круга стала ждановiцкая "Дарыда" (7 ачкоў). На яе рахунку, як i ў "Савiта" (13), самая вялiкая колькасць паражэнняў — 10. Плятуцца ў хвасце "Лакаматыў" (12 ачкоў) i "Нёман" (15). У гонцы бамбардзiраў пакуль лiдзiруе "трактаразаводзец" Арцём Канцавы (12 галоў). Цi зможа ён "пераплюнуць", а дакладней — перабiць рэкорд экс-нападаючага гамяльчан Рамана Васiлюка, якi адправiў летась у сетку варотаў сапернiкаў 24 мячы, а таксама хто ў вынiку стане чэмпiёнам, даведаемся пасля другога круга. Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Матчам МТЗ-РІПА — "Гомель" (3:1) днямi завяршыўся першы круг футбольнага чэмпiянату краiны ў вышэйшай лiзе. Пакуль нацыянальнае першынство ў |
|