Адам Глобус. PLAY.BY. Пустабрэх
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Праглядаю сайты, адным вокам касавуруся на тэлевізар, гартаю газеты і паўсюль, за невялікім выняткам, бачу і чую татальнае пустабрэхства.
Кожнае, нават самае малазначнае здарэнне, абрастае такой колькасцю апавядальнікаў, што ўявіць тое здарэнне, абапіраючыся на стракатыя карцінкі і шматслоўныя апісанні, не магчыма. Абвяшчаць вайну шматгаловым, шматаблічным і шматмоўным пустабрэхам не выпадае. Бо ісці ваяваць, загадзя ведаючы пра паразу, не разумна. Але паказаць пустабрэха і паразважаць пра ягоную нікчэмнасць, лічу, варта. Задумацца пра пустабрэхства мяне змусіў кінарэжысёр Міхалкоў. У нашым тэатральна-мастацкім інстытуце ладзіліся сустрэчы з вядомымі людзьмі. Прыходзіў на такую сустрэчу галоўны кіна-індзеец — Гойка Міціч, прыходзіў і Мікіта Міхалкоў. Тыя сустрэчы радавалі простасцю ўзаемадносінаў і адсутнасцю ілжы, якая нават у вядомых і смелых людзей, зазвычай, з’яўляецца перад камерай і мікрафонам. На падобныя сустрэчы мастакоў прыходзіла заўсёды болей, чым актораў і рэжысёраў. Таму і гаворка з Міхалковым пайшла пра жывапіс... З усёй вялікай сям’і Міхалковых асабіста мне падабаецца жывапіс дзеда Мікіты — Пятра Канчалоўскага, які разам з Ларыёнавым і Машковым стварыў гурт мастакоў з дзёрзкай назваю «Званковы валет». Гэты «Валет» пабіў змрочны псеўдарэалізм і інфантыльнае «міріскусніцтва». «Валет» стварыў рускі кубізм, за што і павага яму, і пашана. Міхалкоў нават выбачаўся, што не вельмі захапляецца жывапісам свайго дзеда Канчалоўскага і свайго прадзеда Сурыкава, бо знаходзіцца ў эстэтычным полі Фядотава, дзякуючы якому стварае візуальны вобраз кінастужкі пра Абломава. Не магу не сказаць: экранізацыя рамана Івана Ганчарова, на мой розум, найлепшая кінапраца Мікіты Міхалкова. Пад час той сустрэчы Міхалкоў толькі аднойчы збіўся ў размове з роўнай танальнасці. Збіўка была знітавана з фільмам «У чацьвер, і больш ніколі». Міхалкоў назваў той фільм «шыфраваннем пустаты», маўляў, калі людзям няма чаго сказаць, яны пачынаюць з разумным выглядам распавядаць пра розную непатрэбшчыну. Пагадзіцца з Міхалковым было цяжка, бо ў фільме расказвалася гісторыя кахання. Малады мужчына, сыграны Алегам Далям, на адзін дзень з’язджае са сваёй каханкаю з горада ў вёску, а наступным днём ён вяртаецца ў горад, вяртаецца да сваёй жонкі. На тле манументальна-прапагандыскіх фільмаў лірычная гісторыя пра няспраўджанае каханне глядзелася вельмі свежа і эратычна. Не дзіва, што майстру прапаганды Міхалкову яна не спадабалася, і не проста не спадабалася, а выклікала абурэнне. Словазлучэнне «шыфраванне пустаты» мне запомнілася. І з таго часу, я шматкроць прыгадваў яго, калі бачыў халтурны фільм ці чытаў бяздарны тэкст. Шыфравалькік пустаты і ёсць — пустабрэх. Сам па сабе пустабрэх бязкрыўдная нікчэмнасць, але шкоду ўяўляе неверагодная колькасць гэтых пустабрэхаў. Сваім несупынным шумам-звонам-балбатаннем яны запаўняюць эфір так, што пачуць голас разумнага чалавека амаль немагчыма. Пустабрэх згодны разважаць на любую тэму, абмяркоўваць любое пытанне. Для пустабрэха не існуе ніякіх нормаў і абмежаванняў. Ён працуе, як люстэрка; і, як у люстэрку, у ім няма ні глыбіні, ні цяпла, ні фактуры. За тое ў ім ёсць гладкасць, глянцавітая гламурнасць і відавочнасць аб’ектыўнасці. Пустабрэх мужчына, зазвычай, адпускае дагледжаныя вусікі, каб надаць свайму абліччу нейкую пераканаўчасць. Жанчына пустабрэх любіць запакоўвацца ў жакет або пінжак шэра-стальнога колеру, дзеля ўяўнай саліднасці. Твары пустабрэхаў падобны да тэатральных масак з намаляванай добразычлівай усмешачкаю. Здавалася б, што трэба ўзяць важкі малаток і разбіць пуставокую маску пустабрэха, але такое памкненне памылковае, бо пустабрэх і так мёртвы. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус. |
|