"Мне больш поле падабаецца, у горад не хачу"
"Мне больш поле падабаецца, у горад не хачу"
Гэтыя шчырыя словы сказаў мне Вадзiм Дуброўскi — яшчэ зусiм малады, а ўжо вельмi паважаны не толькi ў сваiм калектыве камбайнер з Пастаўскага раёна. Летась на жнiве Вадзiм Дзмiтрыевiч стаў адным з першых маладых "тысячнiкаў". І сёлета вельмi стараецца на ўборцы ўраджаю. У адной гаспадарцы — СВК "Камайскi" — з iм разам працуюць бацька, дзядзька i малодшы брат. Параiлi мне пагутарыць з iм у Пастаўскiм райкаме БРСМ. — Добры вельмi хлопец! Проста малайчына! Толькi ж, вы разумееце, цяжка зараз хлебаробам, час для iх напружаны. Мо толькi падчас перапынку i зможаце пагутарыць? — сказалi лiдары раённай структуры самай масавай маладзёжнай арганiзацыi. Вадзiм — чалавек малады, нарадзiўся ў 1984-м, а ўжо шмат чаго ў жыццi дабiўся. На рабоце яго цэняць за добрую дысцыплiну. Не гультай. Працаваць умее. Вельмi любiць тэхнiку, добра ў ёй разбiраецца. Чалавек ён ужо сямейны. Шчаслiвы бацька: сыну толькi 9 месяцаў. Жонка знаходзiцца ў дэкрэтным водпуску, даглядае дзiця. А па спецыяльнасцi яна бухгалтар i страхавы агент. Вельмi любiць Вадзiм родны куточак Беларусi. Таму здзiвiўся майму нечаканаму для яго пытанню: няўжо нiколi не думаў пераехаць у горад, як, на жаль, многiя юнакi i дзяўчаты з вёсак? — Не. Навошта? Мне поле падабаецца! З дзяцiнства мой бацька, Дзмiтрый Альфонсавiч, на асабiстым прыкладзе паказваў, як трэба добра працаваць на зямлi. Браў мяне на працу. Ды i брат яго, Алег Альфонсавiч, таксама. Цяпер мы разам у кааператыве i працуем. I сярэднi мой брат Артур — на трактары. А самы малодшы Вiталь — будучы кухар-бармен. Я ж усё жыццё ў Пастаўскiм краi. Вучыўся тут у школе i на механiзатара. Ды i няшмат з маiх былых аднакласнiкаў у гарады далёкiя па шчасце падалiся. Працуе Вадзiм на камбайне "Дон-1500 Б". Адзiн, без памочнiка. Прызнаецца, што цяжка яму аднаму. Працуе за дваiх. Адказна вельмi. Машына старая, але свайго камбайнера не падводзiць. — А новы камбайн не абяцалi вам як маладому перадавiку? За леташнi паказчык неяк прэмiявалi? — Пакуль што не (смяецца)! А калi б далi новы камбайн, вядома ж, вельмi добра было. Мне наша айчынная сельгастэхнiка падабаецца, працуе не горш за замежную. Мы ўжо тыдзень працуем. Колькi намалацiў? Тон 200 збожжа. Думаю, як i летась, канчатковы вынiк будзе добрым. У сем гадзiн ранiцы герой нашай публiкацыi ўжо на працы. А дамоў (жыве ў вёсцы Сакуны, што кiламетраў за 14 ад месца працы) вяртаецца пасля дзевяцi вечара. — Вядома ж, цяжка. Але ўбiраць хлеб трэба, — сказаў Вадзiм. Безумоўна, у гэтыя напружаныя днi камбайнеры могуць нядрэнна зарабiць. А як нялёгка даюцца гэтыя вялiкiя, па сельскiх мерках, грошы. Гэта, прабачце, не ў кабiнеце ў нейкай канторы ля вентылятара пасядзець, каб паперкi перабраць, ды камандаваць. Сэнс вельмi пастарацца ёсць, каб той жа мiльён i больш налiчылi. I без усялякiх лозунгаў пра "барацьбу за ўраджай". Пасля жнiва будзе чым заняцца маладому камбайнеру, i добры механiзатар у вёсцы заўсёды пры справах. Вёска, дзе жыве Вадзiм Дуброўскi, невялiкая. Як ён сказаў, усяго некалькi дзесяткаў дамоў там. Моладзi няшмат. Крама ёсць. А калi што трэба, напрыклад, бытавую тэхнiку, на заказ прывязуць. Аграгарадок, паводле яго слоў, у гэтай вёсцы стварыць не планавалi. Безумоўна, з задавальненнем запрасiлi б яго пераехаць куды-небудзь, дзе параўнальна больш прывабныя ўмовы для пражывання. Такiя працалюбiвыя кадры, тым больш маладыя, цяпер у вялiкiм дэфiцыце ў вёсцы. Ды не паедзе! "Прырос", як гаворыцца. I добра, што ёсць такая моладзь у нашых вёсках. Якая кормiць нас разам са сваiмi бацькамi. I зараз збiрае "золата" з палёў. Кожны дзень пры любым надвор’i. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя шчырыя словы сказаў мне Вадзiм Дуброўскi — яшчэ зусiм малады, а ўжо вельмi паважаны не толькi ў сваiм калектыве камбайнер з Пастаўскага раёна. |
|