Хачу жыць з начальнiкам ЖКГ i...
Хачу жыць з начальнiкам ЖКГ i...
Трохпавярховы дом № 8, што на вулiцы Гагарына ў Вiцебску, цяжка назваць жылым. Няма гарачай вады, цякуць каналiзацыйныя трубы, кухнi агульныя... Затое слiзнякi i iншыя "гады" ў адрозненне ад людзей адчуваюць у доме сабе вельмi вольна. На жаль, у вiцебскi карпункт "Звязды" жыхары не звярталiся са сваiмi праблемамi. А трэба было б! У такiх выпадках заўсёды стараюся неяк падказаць, дапамагчы артыкулам. Дом № 8 бачны з вокнаў "карпункта". Двукоссе пастаўлена нездарма. Справа ў тым, што той самы карпункт знаходзiцца ў звычайнай "хрушчоўцы" — з прахаднымi пакоямi. Раней тут таксама не было гарачага водазабеспячэння i iншых тыповых для старога дома праблем хапала. Здзiвiла, дарэчы, публiкацыя ў адной мясцовай газеце. Паважаная мной калега (цяпер яшчэ болей паважаная) чамусьцi, расказваючы аб праблемах дома № 8, сярод iншага адзначыла, што "ў другiм, на шчасце, пасялiўся карэспандэнт адной з рэспублiканскiх газет..." Далей акуратна гаворыцца, што "ён" (уласны карэспандэнт) шмат чаго дабiўся, каб быў адрамантаваны дом i добраўпарадкаваны. Шчыра? Пасялiўся я ў доме № 17 у 1990—м. А капiтальны рамонт, калi не памыляюся, пачалi рабiць толькi ў 2002—м (так супала, што тады я сапраўды перайшоў на працу ў рэспублiканскую газету). Абяцалi, што менш за год рамонт будзе доўжыцца. А насамрэч атрымалася — каля трох гадоў. І як гэта ўсё вытрымалi жыхары? I падчас "доўгарамонту" скардзiлiся. А што зробiш, калi ў родную прыбiральню, з-за таго, што трубы мянялi больш за тыдзень, увайсцi нельга было? Рашэнне аб прыняццi дома на капрамонт "доўга абмяркоўвалася" ў гарвыканкаме. Гадамi людзi чакалi станоўчага рашэння. I ўвесь гэты час я працаваў у розных месцах, а апошнiя доўгiя гады — у недзяржаўнай газеце. Жыхары нашага дома — людзi розныя, як i ў iншых. Адным усё роўна дзе жыць — у якiх умовах. Другiм — не. Актывiсты i да пачатку рамонту пiсалi лiсты, хадзiлi на прыёмы да чыноўнiкаў. Адпраўлялi калектыўныя скаргi. Добра памятаю, калi пра рамонт толькi марылi, кожны раз прыходзiлi адказы — "грошай няма, ваш дом у плане на рамонт будзе пастаўлены..." I тэрмiны рамонту неаднаразова пераносiлiся. Дакладна — калi жыхары прыйшлi калектывам на асабiсты прыём да былога старшынi гарвыканкама, той, улiчваючы, што абяцалi рамонт гадамi i iнш., "даў каманду". Так што, прабачце, карэспандэнт тут не пры справах. Шчыра шкада жыхароў дома № 8. Не ведаю, цi скардзiлiся яны пiсьмова ў розныя iнстанцыi. I не толькi вiцебскiя. Няўжо толькi ў мясцовую газету? Больш за ўсё, дарэчы, здзiўляюць дэпутаты розных узроўняў, якiм жыхары аддалi свае галасы на выбарах. Няўжо не галасавалi? А выбраныя не ў курсе праблем? Не веру! Здзiўляе i пазiцыя гарвыканкама. Наколькi я ведаю, нiколi сур’ёзна не абмяркоўвалася пытанне, як агульна i канкрэтна вырашыць праблему актывiзацыi рамонту старых жылых дамоў. Памятаю, былы старшыня райвыканкама скардзiўся, што, каб адрамантаваць усе, дзесяткi гадоў трэба i бюджэту ўсяго раёна таксама спатрэбiцца. Выйсце? Нiякага. Больш за тое, як высвятлялi спецыялiсты Камiтэта дзяржаўнага кантролю Вiцебскай вобласцi, сродкi, што выдзялялi на капiтальны рамонт дамоў, выкарыстоўвалiся неэфектыўна. Я пiсаў ужо i зноў паўтару. Ведаю, у якiх дамах жывуць мясцовыя начальнiкi. Планiроўка... Не "хрушчоўка", адным словам. I слiзнякi "ў дэфiцыце". Мяне на паляпшэнне жыллёвых умоў у чаргу не паставiлi з двума лiшнiмi метрамi. Жывеш тут i працуеш? На здароўе! Памятаеце прафесара з "Сабачага сэрца", якi не хацеў рэзаць жывёл там, дзе прымае ванну? I я не хачу. А што зробiш? Няўжо тыя ж кiраўнiкi, што не "могуць" дапамагчы жыхарам дома № 8, жывуць у такiх жа старых дамах? Адзiн вясёлы вiцебскi грамадзянiн пажартаваў — усе дамы адрамантуюць, калi ў кожным па чарзе будуць жыць начальнiк — ад ЖКГ да выканкама i iншыя! I па начах кампанii п’яныя не будуць пад вокнамi збiрацца, калi начальнiк РАУС будзе сярод жыхароў. Адказных асобаў у нас хапае. Мо — гэта i ёсць выйсце? Хоць, вядома ж, бюджэт Вiцебска — "не гумавы". Жыхарам дома № 8 (дарэчы, былога iнтэрната будаўнiчай арганiзацыi) хочацца параiць быць больш актыўнымi. Пiсаць трэба, хадзiць. Але не тэлефанаваць, бо толькi час патрацiце. А нам, радавым журналiстам, думаецца, не трэба баяцца крытыкаваць абыякавых чыноўнiкаў усiх узроўняў. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трохпавярховы дом № 8, што на вулiцы Гагарына ў Вiцебску, цяжка назваць жылым. Няма гарачай вады, цякуць каналiзацыйныя трубы, кухнi агульныя... Затое |
|