Дай вады напiцца, блакiтная крынiца...На праваслаўнае свята Макавей на Слаўгарадчыну да блакiтнай крынiцы прыедзе мноства людзей – вернiкаў, а таксама турыстаў. Чуў пра цудадзейную крынiцу, што ў Слаўгарадскiм раёне, але нiводнага разу не даводзiлася там бываць. I вось такая магчымасць з’явiлася. Я разам са сваiм даўнiм знаёмым Васiлём Анатольевiчам, ягонай жонкай i сынам, а таксама слаўгарадскiм знаёмым Рыгорам Аляксандравiчам, якi ўзяўся нас суправаджаць, мiнаем акраiнныя раёны гарадка i выязджаем на ўкацiстую гравiйку, што пралегла мiж залiўных лугоў, укосных траў. Да знакамiтай блакiтнай крынiцы з дзесятак кiламетраў. Першае, што надта ўразiла, – гэта дзiвосная блакiтнасць яе вадзянога люстэрка. Адкуль такая?! Ля гарлавiны ўстаноўлены драўляны крыж, акуратныя прыступкi, па якiх можна спусцiцца i набраць вады. Крынiца прабiла сабе гэткае азерца, якое выцякае ў даволi прасторны ручай, цераз якi перакiнуты пешаходны масток. А вада тут халодная – чатыры градусы, аж зводзiць ступнi... Але гэтак хвiлiн колькi, а потым ужо i не адчуваеш яе «калючага» дотыку, не асцерагаючыся, льеш на рукi, цела. Пяць, дзесяць хвiлiн стаiш, выходзiш на бераг: «Ах, якая асалода!» Многiя набiраюць глiны, якую выкарыстоўваюць для лячэння. — Вада ў крынiцы гаючая, — гаворыць адзiн з прыезджых, — набiраю яе, п’ю, потым зноў прыязджаю. Вось страўнiк, якi апошнiм часам падводзiў, i вылечыў. — Ведаеце, — дапаўняе другi, — я ўпаў з даволi значнай вышынi на бетонную падлогу, так пашкодзiў ногi, думаў, калекам застануся. Крынiца мяне i вылечыла, зацягнулiся раны – хоць скачы! I яшчэ адну гiсторыю давялося пачуць. У савецкiя часы гэта было. Адна жыхарка з-за Урала цяжка хварэла на анкалогiю, урачы ўжо нiчым не маглi дапамагчы. I снiцца той невядомая жанчына, якая кажа: «Шукай блакiтны калодзеж, ён i дасць табе выздараўленне». А дзе ён? «Вiдаць жа, гэта святая мясцiна», — падумала. I звярнулася ў Маскоўскую епархiю. Там i падказалi «блакiтны адрас». Некалькi разоў хворая прыязджала ў Слаўгарадскi раён. Вылечылася. Шмат людзей едзе да крынiцы — з Рагачова, Гомеля i больш аддаленых мясцiн. Групамi на экскурсiйным аўтобусе i на прыватным транспарце. А колькi розных паданняў пра блакiтную крынiцу! Вось адно з iх. У тутэйшых мясцiнах жыла прыгажуня Кацярына. Не дзiва, што закаханых у яе было шмат. Сярод iх – Сцяпан i нялюбы Iван. Абодва прасiлi яе рукi. Каму аддаць перавагу? Вырашыла так: пойдзе замуж за таго, хто далей кiне агромнiсты валун з правага высокага берага Сожа. У Iвана гэта лепей атрымалася: валун якраз i прызямлiўся, дзе цяпер крынiца. Кацярына пайшла i стала на камень. I вымавiла: «Лепш пайду вадой служыць, чым з нялюбым жыць». Ударылася аб валун, i тут жа разлiлася вялiкiм люстрам крынiца... Навукоўцы лiчаць, што крынiца вулканiчнага паходжання, вядома яна з даўнiх часiн. Да рэвалюцыi тут была каплiчка, якая стаяла на дубовых «нагах», сляды ад якiх i цяпер засталiся (два гады назад збудавана новая каплiчка). Крынiца не замярзае i ўзiмку. Вада, у якой шмат срэбра, можа стаяць гадамi i не страчвае сваiх якасцей. Вельмi яна чыстая, нягледзячы на тое, што па гэтых мясцiнах пранеслася чарнобыльская вiхура, бо выцякае з недраў зямлi. Што ж да глыбiнi, то колькi нi спрабавалi яе змерыць, дна не дасталi – бяздонная! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На праваслаўнае свята Макавей на Слаўгарадчыну да блакiтнай крынiцы прыедзе мноства людзей – вернiкаў, а таксама турыстаў |
|