Аксана МЯНЬКОВА, алімпiйская чэмпiёнка-2008 ў кiданнi молата: "У свой час мне наканавалi быць
Аксана МЯНЬКОВА, алімпiйская чэмпiёнка-2008 ў кiданнi молата: "У свой час мне наканавалi быць вясляркай"
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лёгкаатлетку з залатым медалём Учарашняе выступленне беларускай спартсменкi Аксаны Мяньковай у сектары для кiдання молата выклiкала сапраўдны фурор сярод перапоўненага Нацыянальнага стадыёна "Птушынае гняздо". Перад заключнай, шостай спробай дыктар арэны аб’явiў, што ў сектар уваходзiць новая чэмпiёнка Алiмпiйскiх гульняў у Пекiне з вынiкам 76,34 м i з новым алiмпiйскiм рэкордам. Фантастыка!!! Яшчэ два днi таму наўрад цi хто мог меркаваць, што магiляўчанка здольная адным махам пакарыць алiмпiйскую вяршыню — яе вынiк у квалiфiкацыйных спаборнiцтвах (69,77 м) не толькi не ўсяляў аптымiзму, а быў падставай праслязiцца. Хоць у душы была надзея: а чым чорт не жартуе? Наваспечаная алiмпiйская чэмпiёнка дазволiла сабе круг гонару з беларускiм сцягам i вось яна гатовая да размовы. — Аксана, прызнайся, што цябе натхнiла на сапраўдны спартыўны подзвiг? Яшчэ пару дзён таму цябе, мабыць, i ў разлiк нiхто з сапернiц не браў? — Галоўнае — канспiрацыя. А калi сур’ёзна, то ў квалiфiкацыйным турнiры мне проста не кацiла — самаадчуванне было не зусiм. Думка была адна — прабiцца ў фiнал. А далей — як карта ляжа. — Дрэнна прайшла аклiматызацыя? — Вiдаць, арганiзм проста не паспеў перастроiцца да пекiнскiх клiматычных умоў. Мы прыляцелi сюды 17 жнiўня, а назаўтра ўжо ў сектар. Дзякуй богу, што мне паспяхова ўдалося адабрацца ў лiк наймацнейшых. — Вопыт Iвана Цiхана i Вадзiма Дзевятоўскага, якiя ў той вечар заваявалi "бронзу" i "серабро", спатрэбiўся? — А як жа. Iван i Вадзiм пасля жаночага квалiфiкацыйнага турнiру сказалi мне: "Аксана, забудзь што было. Фiнал — гэта зусiм iншыя спаборнiцтвы". Ведаеце, вiдаць, гэтыя мужчынскiя словы паспрыялi таму, што я выйшла на фiнал у сектар зусiм iншым чалавекам. I ў першай спробе ўжо паслала снарад на 74,40 м. Мяне быццам бы прарвала. Са мной заўсёды так здараецца: калi я пакажу высокi вынiк у першых спробах, то далей трымаю сiтуацыю пад кантролем. — Якiя ў цябе адчуваннi, калi ў пятай спробе кубiнка Iпсi Марэна паўтарыла твой вынiк i гатовая была адабраць медаль? — Так атрымалася, што Марэна ў гэты вечар была маёй галоўнай сапернiцай i ў заключанай спробе зрабiла ўсё, каб дагнаць мяне, паслаўшы молат на 75,20 м. Але ж паўтаруся, што ўпэўнены старт надаў мне сiлы, i я была гатовая прыбаўляць у залежнасцi ад вынiку сапернiц. Упэўнена: калi б кубiнка не замахнулася на "золата", то я магла больш i не "вырасцi". — Прызнайся, як ты, такая худзенькая дзяўчына, выбрала для сябе такi энергаёмiсты вiд спорту? Часам складваецца такое ўражанне, што пяць кiлаграмаў металу могуць вырваць жаночыя рукi. — Я не лiчу сябе нейкiм божым дзьмухаўцом, якi трымцiць ад кожнага павеву ветру. Хоць наконт маёй вагi хадзiла нямала легендаў i здагадак. Сёння я магу сказаць: мая вага 76 кг i рост 184 см. А то чаго толькi не было сказана: i 84 кг, i 95 кг. Цiкава, што з гэтым пагаджаўся i мой трэнер. — Вiдаць, мудры чалавек. Дарэчы, хто ён? — Вядомы ў недалёкiм мiнулым спартсмен Iгар Вячаслававiч Астапковiч, якому хачу сказаць вялiкi дзякуй. Карыстаючыся момантам, самыя цёплыя словы майму першаму настаўнiку Валерыю Аляксеевiчу Варанцову, маме Любовi Васiльеўне, бацьку Уладзiмiру Iванавiчу, мужу Алегу, якi ўвесь час дапамагаў мне i верыў у мяне. — Нiкога не забыла? — Пачакайце, асаблiвыя словы ўдзячнасцi яшчэ аднаму чалавеку — Прыгоннiкаву Эдуарду Рыгоравiчу. У свой час мне нараклi быць вясляркай. А я паглядзела, як зiмой дзяўчаты i хлопцы працуюць вёсламi. Вада ўперамешку з iльдзiнамi. Не, падумала, веславанне —гэта не для мяне. Тады Эдуард Рыгоравiч сказаў: "Давай, Аксана, паспрабуем заняцца тым, што табе даспадобы". Так вось i нарадзiлася алiмпiйская чэмпiёнка Аксана Мянькова. — Перад фiналам ты была ў псiхолага? — Некалькi разоў. Думаю, што гэта таксама мне дапамагло. — На ноч свечку ставiла на ўдачу? — Яшчэ падчас ўрачыстых праводзiнаў у Мiнску паставiла свечку. А потым, перад самым ад’ездам — у родным Магiлёве. — Якое зараз самае запаветнае жаданне? — Вядома ж, добра адпачыць. Праўда, напачатку адгуляем з мужам на вяселлi ў нашых магiлёўскiх сяброў, потым планую наведаць парачку камерцыйных турнiраў, а далей — адпачынак. Я ўжо думкамi на моры, дзе можна хоць ненадоўга пра ўсё забыць i проста адцягнуцца па поўнай. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, г. Пекiн. Фота БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лёгкаатлетку з залатым медалём |
|