"Бюджэтная" прыбаўка — у кастрычніку
"Бюджэтная" прыбаўка — у кастрычніку
Сярэднiя заробкi ў Беларусi павiнны паступова наблiжацца да ўзроўню Расii — аб гэтым заявiў першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка падчас Нацыянальнага савета па працоўных i сацыяльных пытаннях з удзелам прадстаўнiкоў Урада, прафсаюзаў i аб’яднанняў наймальнiкаў. Прычым чакаецца, што ўжо з кастрычнiка "бюджэтная" тарыфная стаўка I разраду ў нашай краiне павялiчыцца з 73 да 91 тысячы рублёў. За першае паўгоддзе сёлета ўдалося выканаць 17 з 19 асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi — за выключэннем абмежаванняў па iмпарце тавараў i паслуг, а таксама вытворчасцi прадукцыi сельскай гаспадаркi. Пры гэтым у эканомiцы павялiчылiся тэмпы росту рэнтабельнасцi, зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў i запасаў гатовай прадукцыi на складах. Усё гэта, заўважыў намеснiк мiнiстра эканомiкi Алег Мельнiкаў, дазволiла павялiчыць сярэднюю зарплату — больш чым на чвэрць у параўнаннi з аналагiчным перыядам летась. У сёлетнiм чэрвенi сярэднi паказчык аплаты працы ў цэлым па краiне адпавядаў 418,8, i ў тым лiку па АПК — 269,9, а па бюджэтнай сферы — 349,1 долара ў эквiваленце. Разам з тым якраз наконт заробкаў узнiкаюць пытаннi. Як нагадаў намеснiк старшынi Федэрацыi прафсаюзаў Андрэй Лук’яновiч, вырашана, што сёлета сярэдняя зарплата па краiне павiнна адпавядаць 265 працэнтам ад мiнiмальнага спажывецкага бюджэту, тады як па факце ў чэрвенi атрымалася толькi 258,2 працэнта. Не стасуецца з планамi i сiтуацыя з "мiнiмалкай". Сёлета мiнiмальная зарплата мусiла складаць 112,5 працэнта бюджэту пражытковага мiнiмуму, аднак яе чэрвеньскi памер у 208,8 тыс. рублёў нават не дасягаў БПМ. Да таго ж праверкi паказалi: нават пры поўнай занятасцi "мiнiмалку" плацiлi не ва ўсiх прадпрыемствах АПК. Не ўдалося пазбавiцца да канца i iншай праблемы — даўгоў па разлiках з работнiкамi. Апроч таго, нагадаў Андрэй Лук’яновiч, Генеральнае пагадненне памiж Урадам, прафсаюзамi i аб’яднаннямi наймальнiкаў прадугледжвае, што тэмпы росту ВУП павiнны цалкам адпавядаць тэмпам росту зарплаты. Аднак тут зноў-такi атрымалася нестыкоўка: за першае паўгоддзе аб’ём ВУП павялiчыўся на 10,4, а сярэдняя рэальная зарплата — толькi на 8,4 працэнта. Не менш вострай аказалася праблема павышэння жыллёва-камунальных тарыфаў — кошт пражывання сям’i з 3 чалавек у двухпакаёўцы агульнай плошчай 48 квадратных метраў з улiкам ацяплення склаў бы ў чэрвенi амаль 142 тыс. рублёў, або практычна на 20 тысяч (9,1 долара) больш, чым яшчэ ў снежнi. У рэшце рэшт, у прафсаюзах канстатуюць: па вынiках чэрвеня ўсё ж назiралася невялiкае адставанне ад планаў па росце доларавага эквiваленту зарплаты. Мiж тым, адзначыў мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Уладзiмiр Патупчык, "нагнаць" адставанне плануецца ўжо ў хуткiм часе. З кастрычнiка павiнна павялiчыцца "бюджэтная" тарыфная стаўка I разраду, а, як чакаецца, у цэлым за год рэальныя, з улiкам iнфляцыi, заробкi ўзрастуць на 9,5 працэнта. Пры гэтым надалей тэмпы росту рэальнай зарплаты стануць больш хуткiмi: 16—17 працэнтаў у 2009 годзе i 12—13 працэнтаў у 2010 годзе. Такiм чынам, зменяцца i ранейшыя планы па павышэннi заробкаў — у канцы 2010 года iх сярэднi паказчык складзе прыкладна 740 долараў у эквiваленце. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сярэднiя заробкi ў Беларусi павiнны паступова наблiжацца да ўзроўню Расii — аб гэтым заявiў першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка падчас Нацыянальнага |
|