Каму патрэбна іпатэрапiя?
Каму патрэбна іпатэрапiя?
Вось ужо другi год да Валянцiны Вiнаградавай — старшынi Беларускага грамадскага
аб’яднання верхавой язды i iпатэрапii (БГАВЯІ) — не могуць патрапiць на заняткi
па iпатэрапii дзецi з абласцей i раёнаў Беларусi. Камусьцi вымушаны адмаўляць
з-за перагрузу коней. Камусьцi — з-за недахопу часу. Многiм — з-за цяжкасцi дыягназаў,
у рабоце з якiмi патрэбна наймаць спецыялiстаў. Прычынаў шмат, але ўсе iх можна
аб’яднаць у адну — недахоп грошай.
Іпатэрапiя (ад. грэч. hiрроs — конь) — фiзiятэрапеўтычнае лячэнне, пры якiм выкарыстоўваецца конь i верхавая язда. Сутнасць метаду ў тым, што пры верхавой яздзе конь перадае рухальныя iмпульсы, аналагiчныя руху чалавека пры хадзе (ад 90 да 110 рознанакiраваных iмпульсаў у хвiлiну). Такiм чынам хворы атрымлiвае аналагiчную хадзе нагрузку, i яго мышцы развiваюцца. А таксама пры кантакце з канём паляпшаецца псiхiчны стан хворага. Паводле слоў Рыгора Шанько, заслужанага дзеяча навукi Беларусi, загадчыка кафедры дзiцячай неўралогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi, iпатэрапiя станоўча ўплывае i на фiзiчны i псiхалагiчны стан хворага. — Iпатэрапiя — гэта i масаж, i лячэбная фiзкультура. Рухi каня перадаюцца мышцам хворага i прымушаюць iх працаваць. Верхавая язда паказана пацыентам з парушэннямi апорна-рухальнага апарата, неўралагiчнымi парушэннямi рознай ступенi цяжкасцi. Гэта i затрымкi псiхiчнага развiцця, аутызм, полiямiэлiт, рассеяны склероз, эпiлепсiя пры рэдкiх прыпадках, парушэнне асанкi, скалiёз 1-й i 2-й ступенi, ДЦП, неўрозы, астэахандрозы, гiпертанiчная хвароба 1-й i 2-й стадыi, нестабiльнасць пазваночна-рухальнага слупа, грыжы, згуба зроку цi слыху i г.д., — распавядае Рыгор Рыгоравiч. — Але тут яшчэ iншы аспект — псiхалагiчны. Звычайна хворы знаходзiцца пастаянна ў ложку, то што ён бачыць? Толькi рэчы вакол сябе, столь i г.д. Часам ён трапляе на вулiцу, але там, як i дома, ён залежны ад бацькоў, ад тых, хто за iм глядзiць. I вось, калi хворы сядае на каня, то бачыць новы свет зверху. Праз пару заняткаў пацыент пачынае кiраваць канём. Цяпер не ён залежыць ад каня, а конь падпарадкоўваецца яму. Псiхiчны стан хворага такiм чынам паляпшаецца. У яго знiкае апатыя, з’яўляецца адчуванне сваёй значнасцi, што вельмi важна, праяўляецца цiкавасць да наваколля, ды i iншыя метады лячэння ўспрымаюцца нашмат лепш. Процiпаказаннi iснуюць для людзей з рэзка парушанай псiхiкай. У маёй практыцы быў такi прыклад. Дзяўчына пакутавала на эпiлепсiю. Яе завезлi пакатацца на канi. Ёй вельмi спадабалася. Пасля гэтага кожны дзень гучалi просьбы "катацца, катацца". Але кожны дзень гэта рабiць было немагчыма. I яе псiхiчны стан стаў пагаршацца. Процiпаказаннi да заняткаў iснуюць i пры сардэчна-сасудзiстых захворваннях. Пры арытмiях, стойкiх экстрасiстолах нельга саджаць на каня, таму што могуць быць пагаршэннi стану здароўя да страты прытомнасцi, поўная блакада 4-й ступенi, скалiёз 3—4-й ступенi, вывiхi, падвывiхi, нестабiльнасць тазасцегневых суставаў, парушэннi iнтэлекту (некiруемыя парушэннi), гiпертанiчная хвароба 3-й ступенi (пры верхавой яздзе магчымы ўнутраныя кровазлiццi). Заняткi iпатэрапiяй праходзяць у пасёлку Калодзiшчы, што пад Мiнскам. Дзяцей возяць седзячы альбо лежачы па 30 хвiлiн па лесе. Iнструктару дапамагаюць бацькi. У сярэднiм курс цягнецца тры месяцы. Эфект ад заняткаў у кожнага свой. Але паляпшэнне назiраецца ва ўсiх, у некага хутчэй, у некага больш павольна. — Сюды ходзiм вось ужо два гады, — расказвае мацi трохгадовай Алачкi. — Нам параiў неўрапатолаг. Алачка вельмi любiць коней, яна iх ведае ўсiх. Была ў нас Дусечка любiмiца, а зараз памерла. Вiко ёй падабаецца, на Завеце больш складана, таму што ён даволi "шырокi". Дапамагае, я вам скажу. Вельмi добра мышцы ўмацоўваюцца, паляпшэннi эмацыйныя. Пасля кожнага занятку дзiця супакойваецца. У нас развiваецца цiкаўнасць. Ды i фiзiчныя нагрузкi такога плана не заменiць нi трэнажор, нi практыкаваннi. Хоць раз прапусцiш i вельмi адчуваецца. Але ўсiм ахвотнiкам дапамагчы тут не ў стане. У адным толькi Мiнску хворых на ДЦП — 551 чалавек. Па Беларусi 3795 дзяцей пакутуюць на гэтую хваробу. — У нас кабыла Дусечка нядаўна памерла, таму я ўразаю групу: Вiко хворы, а Цёма нявопытны яшчэ. За тыдзень 20 дзяцей наведваюць заняткi па iпатэрапii. Асноўны дыягназ — дзiцячы цэрэбральны паралiч. Для заняткаў з дзецьмi па iншых захворваннях патрэбны спецыялiсты. Напрыклад, для работы з дзецьмi, хворымi на шызафрэнiю цi аўтызм, абавязковы псiхолаг. Яго зараз у аб’яднаннi няма. — У адпаведнасцi з праектам "Падкова на шчасце", якi мы разам з дзiцячым хрысцiянскiм фондам наладжвалi, на псiхолага разлiчылi заработную плату — 150 000 у месяц, — расказвае Валянцiна Вiнаградава. — За такiя грошы нiхто iсцi на працу не хоча. Зараз Валянцiна займаецца ў асноўным гаспадарчымi пытаннямi. На распрацоўку новых методык часу, па яе словах, не хапае. Калi мы сустрэлiся, яна актыўна шукала грошы, для таго, каб прывезцi гарбузы для коней. Дзе знайсцi корм, лекi, ветэрынараў, валанцёраў, якiя змаглi б дагледзець коней — пытаннi кожнага дня. Праблемы ёсць i з канюшняй. Арэнда ўчастка — $300. Канюшня — недабудаваны гараж. Зiмой тут сыра i холадна. Першапачаткова арэндавалi ўчастак на паўгода. Але вось ужо чацвёрты год працягваецца арэнда. Гаспадару гэта не падабаецца. Я шукала участак недалёка ад лесу, каб было дзе ездзiць, i ад прыпынку гарадскога транспарту, дык нiдзе не знайшла месца для трох коней. На два яшчэ згаджаюцца, а на тры — нiяк, — распавядае Валянцiна. — Было б нядрэнна, калi б улады нам дапамаглi хоць бы з канюшняй, — кажа Вольга, валанцёр-iнструктар. — На корм мы ўжо неяк самi зарабiлi б. — Але тут свае цяжкасцi, — уздыхае Валянцiна. — Каб пачаць фiнансаванне iпатэрапii, патрэбна ўнесцi яе ў дзяржаўны рэестр рэабiлiтацыйных методык, якiя прымяняюцца ў Беларусi. А каб яе ўнесцi ў дзяржаўны рэестр (вось тут i пачынаецца замкнутае кола), трэба, каб беларускiя навукоўцы правялi даследаваннi i склалi методыкi, як працаваць з дзецьмi, якiмi курсамi, якiя практыкаваннi рабiць i г.д. Узяць польскую цi расiйскую методыку, якая ўжо працуе не адзiн дзесятак гадоў, яны не могуць. Гэта ж як лозунг: "Купляйце беларускае". А на беларускае грошай няма. Адзiн занятак iпатэрапiяй (30 хвiлiн) каштуе 12 000 рублёў. За 20 чалавек штотыднёва БГАВЯI атрымлiвае 240 000, за месяц — 960 000 (прыкладна $450). За гэтыя грошы атрымлiваецца аплацiць арэнду i купiць крыху корму. Для параўнання: выдаткi на ўтрыманне трох коней (корм, лекi, ветэрынар) складаюць $800—1000. — А кошты на заняткi я павысiць не магу, таму што толькi павысiш — гэта будуць ужо не членскiя ўзносы. Зацiкавiцца падатковая iнспекцыя. Занятак стане гаспадарчай дзейнасцю — i палову заробленага будзем аддаваць на падаткi. Вядома, можна было б зарабляць пракатам коней. Але яны i так хворыя, якi там пракат. Вiко — iнвалiд, у яго балiць спiна. Мы яго ўсiм светам выкуплялi. Зёва — немалады ўжо даволi. Застаецца толькi трохгадовы Цёма. Дык адзiн Цёма шмат не выцягне. — Колькi мы лiстоў пiсалi, колькi прасiлi. Летась абяцаў мне адзiн чыноўнiк месца ў будучым конна-спартыўным комплексе. Толькi заяву, кажа, напiшы. Я i напiсала. Але мiнуў верасень, кастрычнiк, лiстапад — канюшнi няма. Снежань — глуха. А перад самым новым годам, калi я яму тэлефанавала, ён мне сказаў, што, маўляў, мы будуем базу алiмпiйскага рэзерву, а ты са сваёй iпатэрапiяй пад нагамi блытаешся. Мясцовая агароднiнная база давала нам будынак, а дакладней, каробку чатырохсценную, але ўдакладнiла, што яе ў любы момант могуць знесцi. Няважна, конi там, людзi. — Так цяжка, як сёлета, не было нiколi, — прызнаецца Валянцiна. Каментарый Леанiда Юшкевiча, першага намеснiка старшынi па конна-спартыўным майстэрстве i ўзаемадзеяннi з Беларускай федэрацыяй коннага спорту: — Комплекс будзе гатовы да канца гэтага года. Мы разглядаем пытанне аб размяшчэннi там коней БГАВЯI. Але вы павiнны зразумець, што гэта напаўлегальна. Не рыхтуюцца спецыялiсты, няма методык. Лiцэнзii таксама не выдаюцца, Iпатэрапiя не iснуе юрыдычна ў Беларусi. У Расii, Польшчы, Германii i Францыi гэта далёка пайшло. У нас усё робiцца на энтузiязме... Настасся ЗАНЬКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось ужо другi год да Валянцiны Вiнаградавай — старшынi Беларускага грамадскага аб’яднання верхавой язды i iпатэрапii (БГАВЯІ) — не могуць патрапiць н
|
|