21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"Прывітанне, мама..."

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Прывітанне, мама..."

Дзiцячы дом сямейнага тыпу зачыняецца. Згодна з інструкцыяй, кватэру трэба вызвалiць. Сям’я не пагаджаецца...

 

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 5 верасня.)

Мiкола

Другi ўдар i хутка пасля Крысцiны нанёс Мiкола, iх першынец, усыноўленае дзiця. Надзвычай здольны, артыстычны i ўпарты хлопчык, у першым класе ён быў выдатнiкам, да пятага добра вучыўся, лёгка схоплiваў новы матэрыял. Але з шостага пачалiся праблемы (Мiкола вучыўся ў адным класе з Крысцiнай, якая якраз тады i пайшла з сям’i). У сёмым ён стаў прапускаць урокi, у восьмым зусiм перастаў хадзiць на заняткi, стаў валацужнiчаць, хлусiць, у яго з’явiлiся "дрэнныя" сябры. У снежнi Людмiла Рубцова не пусцiла яго ў школу, да якой ён усё роўна не даходзiў. Сказала: "Сядзi i вучыся дома!" За чатыры днi Мiкола самастойна вывучыў усе тэмы па фiзiцы, хiмii i матэматыцы, якiя iм былi прапушчаны з верасня, i прарашаў усе задачы. Пасля ўзмалiўся: "Пусцi ў школу!" Неяк давучыўся год. Але ў 9 класе аказаўся на лаве падсудных разам з яшчэ пяццю такiмi ж падлеткамi.

Восем месяцаў пятнаццацiгадовы Мiкола знаходзiўся ў Жодзiнскiм следчым iзалятары. Сям’я на той час спакутавалася ад праблем, якiя ён ствараў. У мiжпакаёвых дзвярах з’явiлiся замкi. Але самае цяжкое — дзецi былi настроены супраць Мiколы. Суддзя, кажа Людмiла Рубцова, ведала гэта i перад тым, як вынесцi прысуд, сказала ёй: "Можна даць тэрмiн умоўна i можна адправiць яго ў дзiцячую калонiю. Усё залежыць ад таго, наколькi неабходна iзаляваць яго ад сям’i". Выбар быў няпросты. На адной чашы вагаў Мiкола, на iншай — пяцёра дзяцей. Людмiла папрасiла пра ўмоўнае пакаранне.

Цяпер яна ведае, што не памылiлася. Следчы iзалятар пайшоў Мiколу на карысць. Ён не толькi перастаў красцi, грубiць, iлгаць, але i стаў больш мяккiм i больш цярпiмым. Сям’я яго прыняла. Праўда, за вучобу ён так i не ўзяўся. Два гады прасядзеў у 9-м класе. Рубцовы вырашылi адмовiцца ад усынаўлення, каб вярнуць Мiколу льготы, якiя належаць сiраце i такiм чынам забяспечыць яго паступленне ў вучылiшча. З Мiколы было знятае ўсынаўленне па яго iнiцыятыве пасля таго, як яму споўнiлася 18 гадоў. Ён атрымаў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка, ажанiўся, працуе, носiць прозвiшча прыёмных бацькоў. З Людмiлай, якую называе "мама", падтрымлiвае адносiны.

Праз чатыры гады пасля суда над Мiколам i праз два гады пасля адмены ўсынаўлення муж Людмiлы Рубцовай пайшоў з жыцця. Магчыма, нешта канчаткова надламалася ў iм. Суседзi кажуць, што гэты чалавек меў залатыя рукi i надзвычай добрую душу...

Iншыя дзецi

Артуру, як i Мiколу, 22 гады. Ён закончыў вучылiшча i працуе столярам у прыватнай фiрме ў Жодзiне. Ажанiўся, мае дачку, два гады ўжо жыве ўласнай сям’ёй у доме, у якiм вырас, разам з мацi i сёстрамi. Незаконна.

— Спецыялiст па апецы кажа: няхай iдзе працаваць на завод, там яму дадуць месца ў iнтэрнаце. Але на прыватнай фiрме Артур атрымлiвае каля мiльёна, жонка яго ў водпуску па доглядзе дзiцяцi, — гэта адзiны даход сям’i, — заступаецца за сына Людмiла. — А на заводзе ён будзе зарабляць 300 тысяч, на якiя сям’ю ўтрымлiваць не зможа.

У дзень, калi я прыехала да Рубцовых у Жодзiна, Людмiле пазванiла Крысцiна, папрасiлася пажыць з дачкой хоць бы тыднi два. Да гэтага яна жыла ў Мiнску, у кватэры бацькоў, але нешта там не зладзiлася, i Крысцiна вырашыла з’ехаць. "Хатняе" дзiця ў такiх выпадках вяртаецца да мацi. Вось i ў Крысцiны першая думка была пра Людмiлу, i гэта яшчэ адзiн доказ таго, што тут яе адзiная апора. Людмiла адмовiла, праўда, не толькi таму, што не мае права пусцiць Крысцiну ў дзiцячы дом сямейнага тыпу, з якога тая пайшла восем гадоў таму. Да таго ж, напярэдаднi да iх прыходзiла камiсiя гарадскога аддзела адукацыi, якая ўказала на незаконнасць пражывання там Артура з сям’ёй. Людмiла адмовiла Крысцiне яшчэ i таму, што лiчыць, што той не хапае цярпення i мудрасцi, што сыход з сям’i мужа — памылка. Але тут зноў змяшалася чалавечае i чыноўнае, i ў гэтай колкай сумесi атрымлiваюць раны неакрэплыя душы.

Дзецям-сiротам, якiх калiсьцi аддалi ў сям’ю, каб пазбегнуць хiбаў выхавання ў iнтэрнатных установах, як толькi яны дасягаюць паўналецця, увесь час нагадваюць: "Вы — не такiя, як астатнiя. Вы — сiроты. Памятайце пра гэта i не прэтэндуйце на тое, на што можа прэтэндаваць "хатняе" дзiця".

Вiка, сястра Артура, вучыцца на трэцiм курсе эканамiчнага ўнiверсiтэта. Ганна — чацверакурснiца педагагiчнага ўнiверсiтэта. Канстанцiну застаўся год вучобы ў Вышэйшым радыётэхнiчным каледжы. Плануе паспрабаваць свае сiлы яшчэ i ў Акадэмii мастацтваў. Аляксандра, яго сястра, сёлета паступiла на бiялагiчны факультэт БДУ. З яе паступленнем i звязана неабходнасць закрыцця сямейнага дзiцячага дома Рубцовых.

Выратавалi адных, дайце выратаваць iншых

Аднак прыёмная мацi лiчыць сваiх дзяцей яшчэ недастаткова сталымi, каб пазбавiць iх Дома, хатняга ачага. Яна кажа: 18 гадоў — гэта па сутнасцi яшчэ не паўналецце, усе псiхолагi лічаць, што сапраўднае паўналецце — гэта 21 год. Думка, што цяпер на некалькi гадоў адзiным жыллём яе дзяцей будзе ложак у студэнцкiм iнтэрнаце, пужае яе.

— У жыццi ўсё выглядае зусiм не так, як на паперы, — кажа Людмiла. — Так, iм даюць бясплатна iнтэрнат. Але гэта не пакой, а ложкамесца. I iх сябры будуць на канiкулах з’язджаць дадому, а iм не будзе куды паехаць. Да таго ж на лета некаторыя iнтэрнаты закрываюцца на рамонт, а гэта значыць, у дзяцей час ад часу будзе ўзнiкаць праблема з жыллём. Пакуль яны маюць дом, яны маюць апору.

Чыноўнiкi заўважаюць: у Рубцовай ёсць уласная кватэра ў Мiнску i дом у Жодзiне, калi яна такая клапатлiвая мацi, хай прымае дзяцей там. Людмiла ўдакладняе: кватэра аднапакаёвая — там няма месца для чатырох студэнтаў (а яшчэ ж Артур з сям’ёй, ды i ў Крысцiны з Мiколам таксама пакуль няма свайго жылля). Домiк стаў за гэты час непрыдатны для жылля, яна плануе яго аднавiць, але на гэта трэба час i грошы, якiх пакуль няма нi ў яе, нi ў дзяцей.

— Я кажу iнспектару па апецы, што нават несезонныя рэчы дзецям не будзе дзе захоўваць, — перадае Людмiла. — А мне ў адказ: хай захоўваюць на складзе аддзела адукацыi. Атрымлiваецца, што аддзел адукацыi наняў мяне, каб гэтыя дзецi не адчувалi сябе абдзеленымi, i ён жа зводзiць на нiшто намаганнi пятнаццацi гадоў. Бо немагчыма адчуваць сябе неабдзеленым, калi табе няма куды паехаць з iнтэрната i калi твае рэчы захоўваюцца на складзе ГарАА.

Людмiла просiць пра два-тры гады адтэрмiноўкi, таму што траiм дзецям ужо прапанавалi будаўнiцтва кватэр у Жодзiне за ўласныя сродкi i з выкарыстаннем iльготных крэдытаў, i калi яны пабудуюцца, у iншых таксама могуць з’явiцца нейкiя варыянты вырашыць жыллёвае пытанне. Але аддзел адукацыi не бачыць магчымасцi пакiнуць кватэру Рубцовым, бо працоўны дагавор з Людмiлай павiнен быў скончыцца 31 жнiўня. Пакуль ён прадоўжаны да паўналецця Аляксандры, якое наступiць у снежнi.

— Пасля гэтага не будзе нiякiх законных падстаў не закрываць гэты дзiцячы дом сямейнага тыпу, — патлумачыла начальнiк аддзела сацыяльна-педагагiчнай работы i аховы дзяцiнства Мiнiстэрства адукацыi Галiна Рудзянкова. — А так як гэта кватэра з’яўляецца спецыяльным жылым памяшканнем, то выкарыстоўвацца яна павiнна строга па прызначэннi.

Праўда, дадае Рудзянкова, мясцовыя ўлады могуць перавесцi кватэру ў сацыяльнае жыллё i выдзелiць тым жа дзецям Рубцовай, якiм у адпаведнасцi з законам яны павiнны прадставiць жыллё на працягу года пасля iх працаўладкавання ў Жодзiне. Артур, мiж iншым, тры гады ўжо як працаўладкаваны, Крысцiна таксама шукае работу ў гэтым горадзе, у якiм прайшло яе дзяцiнства. Падобная практыка перадачы сямейнага дзiцячага дома ў сацыяльнае жыллё дзецям ужо ёсць у Беларусi. Дзiцячы дом Глухавых у Бабруйску быў падзелены на кватэры i перададзены дзецям з iх новымi сем’ямi.

Мiж iншым, сямейныя дзiцячыя дамы, якiя будавалiся ў Беларусi з дапамогай дабрачыннага фонду Вялiкабрытанii, увогуле аддадзены прыёмным сем’ям, пры ўмове, што яны пражылi там 10 гадоў. У гэтым ёсць логiка. Бо сям’я — гэта не 10—15 гадоў жыцця разам, гэта магчымасць зносiнаў на ўсё астатняе жыццё, магчымасць дапамагаць у выхаваннi ўнукаў.

Рубцовых варыянт Глухавых цалкам бы задаволiў, але не жодзiнскiя ўлады, якiя лiчаць, што не яны павiнны забяспечваць гэтых дзяцей жыллём.

— Рубцова абавязана была паставiць сваiх прыёмных дзяцей на жыллёвую чаргу па месцы атрымання iмi статусу сiраты, — каментуе начальнiк аддзела адукацыi Жодзiнскага гарвыканкама Яўген Горыд. — Мы ёй пра гэта неаднаразова казалi, але яна гэтага не зрабiла. Гэта па яе вiне дзецi знаходзяцца ў падвешаным стане i не забяспечаны жыллём.

У гарвыканкаме ўпэўнены, што Рубцова проста не хоча губляць элiтную кватэру (там кухня — 16 кв. метраў i зала — 36, самi жодзiнцы гэты дом называюць "валютным", бо калiсьцi ён будаваўся за валюту) i спрабуе ўтрымаць яе ўсiмi спосабамi.

Аднак Рубцова паставiла ўсiх дзяцей (акрамя Крысцiны i Мiколы) на жыллёвую чаргу ў Жодзiне. Менавiта дзякуючы гэтаму траiм з пяцi: Артуру, Вiкторыi i Ганне ўжо прапанавана будаўнiцтва кватэр. Прычым яна ж не проста сама гэта зрабiла. На ўлiк тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, дзяцей прыняў выканкам. Людмiла толькi занесла дакументы, нiчога нi ад каго не хаваючы. Ды i гiсторыю яе сям’i там добра ведалi.

Усе дзецi Рубцовых атрымалi сiроцкi статус у вёсках Мiнскага, Валожынскага, Нясвiжскага i Лагойскага раёнаў. Мiкола прапiсаўся ў доме роднай мацi ў вёсцы Пяцеўшчына Мiнскага раёна, для жылля непрыдатным. Гэта дае яму магчымасць працаўладкавацца ў Мiнску. Жыве ён таксама ў Мiнску, у доме бацькоў прыёмнага таты, часова. (Зноў жа, бачыце, дзе шукаў i дзе ён знайшоў апору, хай сабе i на некаторы час).

Выпадак з Крысцiнай, аб жыццеўладкваннi якой клапацiлася ўжо не Людмiла, а школа-iнтэрнат i вучылiшча, паказальны. Яна скончыла Вiлейскае ПТВ на цырульнiка, перад выпускам даведалася, што аказваецца за ёй, за яе сястрой i братамi замацавана жыллё ў вёсцы Сямкова Лагойскага раёна. Там яна i прапiсана. Я паехала туды з Крысцiнай, каб упэўнiцца, што ёй прапанавалi такога, пра што не паклапацiлася Рубцова для сваiх дзяцей. I бачыла, як загартаваная жорсткiмi выпрабаваннямi лёсу Крысцiна заплакала, калi пераступiла СВОЙ парог. Заплакала яна ад прынiжэння, бо гэта было цынiчным стаўленнем яе на месца: "Памятай, хто ты i адкуль!" Iнакш гэта немагчыма назваць. Без акон i дзвярэй, без электрычнасцi, вады, каналiзацыi, маленькая брудная кватэрка, у якой нехта зрабiў ужо майстэрню для рамонту аўтамабiляў. Ды i ў самiм двухпавярховым шматкватэрным напаўразбураным доме з вечнай вялiкай лужынай перад вокнамi жывуць толькi алкаголiкi i бамжы.

У Крысцiны няма нiякага жадання змагацца за жыллё ў Сямкове. Ды гэта было б i не проста. Цырульнiкi там не патрэбныя, толькi даяркi, а калi б яна ўладкавалася даяркай, то двухгадовае дзiця яе не было б каму даглядаць, бо на працу ёй трэба было б сыходзiць у чатыры ранiцы, i прыходзiць у адзiнаццаць вечара. Муж яе працуе дальнабойшчыкам. Крысцiна марыць атрымаць жыллё ў Жодзiне. Яна плануе купiць там прапiску, стаць у чаргу i пабудавацца. Гэта адзiнае месца на зямлi, дзе яна адчуе сябе дома. Хоць якраз дома ў яе там няма.

— Дзецi часта не хочуць вяртацца ў тыя мясцiны, дзе яны атрымалi статус сiраты, — сказаў мне Якаў Дабрахотаў, начальнiк аддзела ЖКГ Валожынскага раёна, адкуль родам Канстанцiн i Аляксандра з сям’i Рубцовых. — I iх можна зразумець. Гэта мясцiны, дзе з iмi адбылася трагедыя, дзе прайшла самая горкая частка жыцця, якую яны iмкнуцца забыць.

Новая рэдакцыя Жыллёвага заканадаўства была прынятая ў вераснi 2007 года. Да гэтага дзяцей-сiрот павiнны былi браць на жыллёвую чаргу па месцы iх вызначэння на выхаванне. "Гэта значыць, у Жодзiне, — тлумачыць Рудзянкова. — I так як закон зваротнай сiлы не мае, Вiка, Артур i Ганна, якiя пастаўлены на ўлiк да верасня 2007-га, павiнны атрымаць жыллё там. Тым жа Заканадаўствам драдугледжаны i другi варыянт забеспячэння жыллём — па месцы прадастаўлення першага працоўнага месца". Аднак жодзiнскiя ўлады ўпэўнены, што нiкога з дзяцей Рубцовай не абавязаны забяспечваць жыллём.

Мiнскi аблвыканкам рэкамендаваў Жодзiну пакiнуць кватэру сям’i Рубцовых да працаўладкавання малодшага дзiцяцi.

— Пры ўмове, што Рубцова i дзецi, а Артур ужо працуе, значыць плацежаздольны, самi будуць утрымлiваць кватэру, — дадае Iрына Буцвiлоўская.

Аднак рэкамендацыя — не загад. Мясцовыя ўлады, магчыма, i хацелi б, але не рашаюцца прымаць рашэнне на карысць Рубцовых. Тым не менш канчатковае рашэнне трэба будзе зрабiць самае позняе ў снежнi, калi Аляксандры споўнiцца 18. I што тут пераважыць: чыноўнiцкае альбо чалавечае — невядома. Хоць, безумоўна, i Яўген Горыд мае сваю праўду, калi кажа: "Мне трэба расфармiроўваць дзiцячы дом, i я мог бы ўжо гэтай восенню пасялiць у гэтай кватэры яшчэ сем-дзесяць дзяцей, якiя прагнуць жыць у сям’i. Дык чым ужо дарослыя дзецi Рубцовай лепшыя за шасцiгодак з дзiцячага дома?"

Напэўна, iдэальным было б i Рубцовым пакiнуць кватэру, няхай як сацыяльную, i не важна — мацi будзе жыць там з дзецьмi i няньчыць унукаў, або самi дзецi сваiмi сем’ямi. Цi як кампрамiс — на некалькi гадоў, як яны просяць. I для iншых дзiцячых дамоў сямейнага тыпу прадаставiць жыллё, столькi, колькi спатрэбiцца. Толькi ўся штука ў тым, што мы, як заўважыла Галiна Рудзянкова, iмкнёмся падзялiць сем хлябоў на пяць тысяч чалавек. З сацыяльным i спецыяльным жыллём у Жодзiне вялiкiя праблемы.

Але пакуль мы не навучымся ў сваiх добрых намерах iсцi да канца, вынiкi нашы будуць сумнымi. Гэта цяжка. Але гэта неабходна.

I вось яшчэ што. Захаваецца сям’я альбо не — залежыць далёка не толькi ад таго, якое рашэнне прымуць жодзiнскiя ўлады. Па сутнасцi, уся гэта гiсторыя — строгi iспыт для прыёмнай мацi. Калi ёй ўдалося закласцi здаровае ядро, сям’я i любоў памiж яе членамi захаваюцца ў любым выпадку. I, напэўна, тое, што яна змагаецца за кватэру — добры знак. Бо лягчэй за ўсё было б ёй з’ехаць у сваю аднапакаёвую ў Мiнску i пра ўсё забыць, пачаць жыць цалкам для сябе. Гэты варыянт задаволiў бы чыноўнiкаў. Але не мацярынскае сэрца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

Мiнск— в. Сямкова — Мiнск.     Каментарый начальнiка аддзела сацыяльна-педагагiчнай работы i аховы дзяцiнства Мiнадукацыi Г.І. Рудзянковай:   — Сям’я — гэта не група людзей, якiя аб’яднаныя элiтным жыллём. Дарослыя дзецi могуць дапамагчы жанчыне, якая iх выгадавала, аднавiць i адрамантаваць яе дом, калi маюць патрэбу ў месцы для агульных сустрэч. Спрэчная ж кватэра ўжо даўно павiнна цалкам аплачвацца тымi грамадзянамi, якiя ў ёй пражываюць (за выключэннем няпоўнагадовай Аляксандры). Не бачу прычын, па якiх дарослыя выхаванцы дзiцячага дома сямейнага тыпу не могуць 2—3 гады пажыць у iнтэрнаце, пра што многiя маладыя сем’i могуць толькi марыць. Галоўнае — у iх ёсць права на сацыяльнае жыллё альбо льготны крэдыт для яго будаўнiцтва i вельмi добрыя перспектывы для рэалiзацыi гэтага права. А "спрэчная кватэра" можа стаць домам тым, хто ў гэтым мае вялiкую патрэбу — будучым выхаванцам сямейнага дзiцячага дома. Органы апекi, безумоўна, удзячныя Людмiле Мiкалаеўне Рубцовай за тую працу, якую яна ўклала ў прыёмных дзяцей. Але закон ёсць закон. Прыняў-шы непазбежнасць перасялення, i дзяржаўныя органы, i прыёмная мацi, i дарослыя дзецi павiнны ў якасцi кампрамiснага варыянту шукаць сродкi i спосабы для прывядзення ўласнага дома Рубцовай ў Жодзiне ў належны стан.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзiцячы дом сямейнага тыпу зачыняецца. Згодна з інструкцыяй, кватэру трэба вызвалiць. Сям’я не пагаджаецца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика