Добрыя рукi
Добрыя рукi
Больш не буду казаць, што прадаў карцiну цi малюнак, бо гэта не дакладна. Варта гаварыць, што я перадаў палатно цi графiчны лiст у добрыя рукi. Днямi Андрэй i Аляксандра выйшлi з маёй студыi з карцiнамi. Андрэй упадабаў маленькi партрэт паэта, на стварэнне якога мяне натхнiў фотаздымак, зроблены на мiтынгу. Аляксандра нагледзела сабе найлепшыя палотны, напiсаныя за апошнi год: аголеную "Мадам Грызайль" i краявiд "У белым доме, ля сiняй бухты...". Мацiцова-шэрую "Мадам..." я вельмi любiў, i ганарыўся, што нейкiм незразумелым чынам мне ўдалося напiсаць такое палатно. Без гэтай карцiны ў студыi ўтварылася пустата. Пакуль яна вiсела на сцяне цi стаяла на мальберце, студыя была запоўнена своеасаблiвым мастацкiм жыццём. Цяпер давядзецца стварыць тое жыццё наноў. Бар-Эбрая i людзiУ вясёлых аповедах асiрыйца Бар-Эбрая, вядомага яшчэ як Абуль-Фарадж, прачытаў, як у аднаго мусульманскага правiцеля спыталi: "Якiх межаў дасягнуў твой розум?". Правiцель адказаў: "Мой розум дасягнуў такiх межаў, што я не веру нiводнаму чалавеку i нiкому не давяраю". Адказ правiцеля цяжка назваць вясёлым, але праўда ў iм, безумоўна, ёсць... Аднойчы распавядаў пра свае працоўныя планы гаспадару кафэ "Грунвальд" Аляксандру Астрашэўскаму. "Ты верыш людзям?" — здзiвiўся Аляксандр. Я сумеўся i адказаў: "Не веру! Але ж часам, насуперак праўдзе, усё яшчэ хочацца верыць". Феафраст i прысабечваннеЁсць кнiгi, якiя пажадана мець ва ўласнай бiблiятэцы, цi хоць бы мець iх тэкст у сваiм прыватным камп’ютары. Але на гэтым жаданне мець не спатольваецца. Напрыклад: у мяне тры выданнi кнiгi Феафраста "Характары", i тэкст у камп’ютары ёсць, але гэта ўсё рэчы агульнага карыстання, такiя кнiгi i тэксты ёсць шмат у каго, а гэта крыху трывожыць маю эгаiстычную душу. Мне патрэбен свой персанальны Феафраст. Здаецца, што задача невырашальная. Ды рашэнне знаходзiцца, я пераназываю Феафраста, я прыдумваю яму мянушку Тэахвост. У выглядзе Тэахвоста вялiкi грэк мне значна блiжэй. Мур i ШабiбДа мяне ў студыю завiтаў арабскi прынц Шабiб. Ён сказаў, што мае пошукi ў жывапiсе выбудоўваюцца на змешваннi iдэй Пiкаса i Батэра. Давялося прызнацца ў сваёй нелюбовi да саладжавага Батэра i любовi да брутальнага Мура, для якога iдэальнай формаю быў чэрап слана. Тут i высветлiлася, што ў Шабiба было ажно дзве скульптуры Мура, але адну ён падараваў свайму лекару. Ігнат i маскаЁн заводзiць сабе на форумах некалькi псеўданiмаў i спрабуе iмiтаваць думку народу. Маўляў, не адзiн чалавек падтрымлiвае ягоныя перакананнi, а шмат. Толькi таленту ў Iгната — брак. З кожнага псеўданiма тырчаць вушы ўседлiвага графамана. Ён прыкладае неверагодныя намаганнi для напаўнення сваiх рабоў-вiртуалаў характарамi i моўнымi асаблiвасцямi, нават памылкi ў тэкстах робяцца запланавана, але i такi ход не дапамагае, бо таленту ў Iгната — брак. Ён злуецца, мацюкаецца, п’е... Праз няштатныя сiтуацыi спрабуе скочыць вышэй за галаву, але намаганнi марныя, бо графаману наканавана быць адно графаманам. Iгната я не шкадую. Раней шкадаваў, бо верыў, што працаздольнасць, упартасць i адданасць беларушчыне, раней цi пазней, а ператвораць графамана ў паэта. Колькасць напiсанага мусiла зрабiць якасны скачок. Так i адбылося, толькi змены пайшлi не ў лепшы, а ў горшы бок. Маска вiртуальнага iдыёта прырасла да твара Iгната. Не зняць, не змянiць, нi атадраць! Шкадаваць злосную i крывую маску не буду, а намаляваць i апiсаць магу. Што i маем. Вова i код нацыiА восьмай ранiцы сын прывёў да мяне ўнука Вову, таму ў парку я бегаў разам з iм. За сняданкам я вучыў шасцiгадовага бяззубага Вову простаму вершу: "Мой родны кут, як ты мне мiлы. Забыць цябе не маю сiлы". Унук хутка запомнiў i паўтарыў скарочаны варыянт: "Мой родны кут, забыць цябе не маю сiлы". За гарбатаю ён ведаў i паўтараў верш цалкам: "Мой родны кут, як ты мне мiлы. Забыць цябе не маю сiлы". Звычайныя рэчы, здавалася б. Але на самай справе радкi Якуба Коласа надзвычайныя, бо ў iх захоўваецца код нацыi. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш не буду казаць, што прадаў карцiну цi малюнак, бо гэта не дакладна. Варта гаварыць, што я перадаў палатно цi графiчны лiст у добрыя рукi. Днямi |
|