Палёты мабiльнiкаў у сне i наяве
Палёты мабiльнiкаў у сне i наяве
Пабi рэкорд! Пералётнымi бываюць не толькi птушкi, але i мабiльнiкi — калi iм прыдаць належнае паскарэнне. Пераканацца ў гэтым 13 верасня змогуць усе ахвотнiкi. У Дзень горада ў Мiнску пройдзе ўжо традыцыйны чэмпiянат па кiданнi мабiльных тэлефонаў. Арганiзатары мерапрыемства — газета "МабiлА" i адмiнiстрацыя Першамайскага раёна сталiцы ў шосты раз збяруць на спаборнiцтва кiдальнiкаў з усёй Беларусi. Ёсць, праўда, адно важнае "але": у чэмпiянаце могуць удзельнiчаць толькi аматары, а не прафесiйныя спартсмены, якiя кiдаюць i штурхаюць ядры, молаты, дыскi. Другая ўмова — наяўнасць уласнага "снарада" — арганiзатары мабiльнiкаў для кiдання не выдаюць. Усё астатняе — узрост, пол, сацыяльны статус — значэння не маюць. VІ чэмпiянат па кiданнi мабiльнiкаў пройдзе ў трох асноўных намiнацыях: самы далёкi кiдок (мужчыны i жанчыны выступаюць асобна), самы дакладны кiдок i самы эфектны. Для пераможцаў прадугледжаны прызы. — А прызы добрыя? Цi не пашкадуюць людзi, што разбiлi свае тэлефоны? — хвалявалiся патэнцыйныя ўдзельнiкi. — Пакуль расказваць пра падрыхтаваныя ўзнагароды рана, але нiхто не пашкадуе аб удзеле — гэта мы гарантуем, — запэўнiлi нас арганiзатары. Зрэшты, што там сумнявацца, калi на афiцыйнай iнтэрнэт-старонцы спаборнiцтваў змешчаны празрысты намёк: кiдай стары — выйгравай новы. Мабiльнiк, у сэнсе. Палёты мабiльнiкаў можна будзе назiраць у парку Чалюскiнцаў, на скрыжаваннi Спартыўнай i Бярозавай алей. Пачатак рэгiстрацыi — а 12-й гадзiне, пачатак спаборнiцтваў — а 13-й. Арганiзатары прагназуюць, што ў сёлетнiх спаборнiцтвах возьме ўдзел звыш 100 чалавек. Для параўнання — летась аматараў шпурнуць свой тэлефон як мага далей было 150. Чэмпiянат па кiданнi мабiльных тэлефонаў праводзiцца ў Беларусi з 2003 года. Першым пераможцам у iм быў Андрэй Бараноўскi з вынiкам 60,3 м. Другiм рэкардсменам стаў Юрый Макараў, якi кiнуў тэлефон на 76,66 м. А леташнi вынiк, паказаны Юрыем Тарасюком — 94,41 м — усяго на 56 см саступае сусветнаму рэкорду, якi ўстанавiў фiн Мiка Лампi на чэмпiянаце свету па кiданнi мабiльнiкаў. Дарэчы, арганiзатары беларускага чэмпiянату не выключаюць, што ў будучым нашы суайчыннiкi таксама трапяць на сусветны турнiр — тэарэтычна перашкод для гэтага няма. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пералётнымi бываюць не толькi птушкi, але i мабiльнiкi — калi iм прыдаць належнае паскарэнне. Пераканацца ў гэтым 13 верасня змогуць усе ахвотнiкi. У |
|